Сістэма адукацыі ў Антычнай Грэцыі

Класічны перыяд Грэцыі закончыўся ў момант смерці Аляксандра Македонскага – і пачаўся перыяд элінізму. Але росквіту эліністычнага свету (на трох кантынентах) не было б, калі б не папярэдні перыяд – класічнай Грэцыі.

Ужо ў V ст. да н. э. жыхары Афінаў ганарыліся тым, што сярод іх не было ніводнага непісьменнага. Праўда, менавіта ў V ст. – росквіт Элады, яе залаты век, класіка. У эпоху ж элінізму, у IV-І ст. да н.э., матэрыковая Грэцыя прыходзіць у заняпад, у ІІ ст. да н.э. нават аказваецца пад уладай Рыма. І ўсё ж прэстыж адукацыі, асабліва ў Афінах, застаецца надзвычай высокім.

Праграма афінскіх школ ахоплівала навучанне інтэлектуальнае, музычнае і фізічнае. У выніку грэк-элін дасягаў класічнай раўнавагі духу і цела. Яшчэ адзін важны прынцып у школьным навучанні – спаборніцтвы і асоб, і груп у розных сітуацыях, у розных сферах дзейнасці. І ў жыцці ўвогуле. Спаборнічалі не толькі спартсмены-алімпійцы, але і прамоўцы, паэты, драматургі.

З IV ст. да н.э. у Афінах з’яўляюцца не толькі прыватныя, але і дзяржаўныя школы. У школу прыходзілі рана – з усходам сонца і знаходзіліся там да вечара. Канікулы ў дзяцей былі ранняй вясною. Гэта натуральна: за зіму (нават цёплую, як у Грэцыі) чалавек моцна стамляецца.

Вучні спачатку вучыліся ў настаўніка-граматыка. Пісалі яны вострымі палачкамі, якія называліся стылем, на дошчачках, пакрытых воскам. Калі дзіця авалодвала пісьмом і чытаннем (гады праз тры), яго пераводзілі на вывучэнне класічнай літаратурнай спадчыны, галоўным чынам Гамера. Чытанне лірыкі суправаджалася ігрой на музычных інструментах – ліры ці кіфары. Па творах паэтаў вывучалася і гісторыя. Каб палепшыць запамінанне, перад вучнямі ставілі маленькія барэльефы з мармуру ці гліны, якія вобразна ўвасаблялі найбольш важныя эпізоды з гісторыі краіны. Гледзячы на барэльеф, вучань адказваў напамяць, напрыклад, урывак з паэм Гамера. Метад надзвычай правільны: не толькі наяўнасцю візуальных дапаможнікаў, але і тым, што многае завучвалася напамяць: так развіваўся мозг. Філалагічная адукацыя Ірана, Індыі, Японіі, Кітая і сёння прадугледжвае веданне тысяч і тысяч радкоў класічных паэтаў.

Вывучэнне паэзіі ў Грэцыі мела на мэце перш за ўсё маральна-этычнае выхаванне. Настаўнік, разбіраючы эпас ці вершы, дапамагаў вучням усвядоміць розніцу паміж добрым і дрэнным у жыцці. Вучань, вывучаючы той ці іншы тэкст, павінен быў перш за ўсё зразумець, які характар у пэўнага міфалагічнага героя, а затым аналізаваць яго словы, учынкі, дзеянні, бо яны ў кожнага персанажа розныя – у адпаведнасці з яго характарам.

Сістэму адукацыі дапаўнялі ўрокі гімнастыкі: дзеці спаборнічалі ў бегу, скоках, кіданні дзіды і дыска. Фізічнае выхаванне рыхтавала будучых ваяроў.

Само слова “ школа ” прыйшло да нас праз лацінскую мову ад грэцкага “схоле”, што азначала “вольны час”, “адпачынак”. Дзіўная трансфармацыя...

Першая ў эпоху Антычнасці фармальна арганізаваная навучальная ўстанова – школа Піфагора. Каб вучыцца ў знакамітага Піфагора, якога лічылі сынам бога, неабходна было прайсці надзвычай цяжкія іспыты, у прыватнасці пяць гадоў маўчаць. Затое многія з вучняў Піфагора самі зрабіліся слыннымі вучонымі і педагогамі, напрыклад, Эмпедокл.

Сакрат – таксама адзін з выдатнейшых у гісторыі настаўнікаў. У яго, як і ў Піфагора, была свая сістэма. Сакрат вучыў у форме жывой спрэчкі і вёў вучняў да спасціжэння ісціны праз парадоксы. Такі метад найбольш развівае інтэлект маладых людзей, але каб выкарыстоўваць яго, неабходна мець геніяльны мозг Сакрата.

Першыя настаўнікі-прафесіяналы, якія пачалі браць грошы за сваю працу, – так званыя сафісты (“сафія” – мудрасць). Лічаць, што іх асноўны метад навучання – дыскусіі. Але можна меркаваць, што ўсё ж важнейшай формай выкладання была лекцыя. Нездарма адзін з буйнейшых сафістаў – Зенон (вучань Сакрата) – гаварыў: “Прырода даравала нам адзін язык і два вуха, каб мы ўдвая больш слухалі, чым гаварылі”. Сафісты галоўную ўвагу надавалі рыторыцы – мастацтву выказвання, а таксама эўрыстыцы – мастацтву спрэчкі (сёння эўрыстыка – навука аб творчым мысленні). Такія ўменні былі неабходныя менавіта ў дэмакратычных Афінах, каб пераконваць людзей на народных сходах, упраўляць настроямі натоўпу.

Дзейнасць сафістаў у Грэцыі можна параўнаць з дзейнасцю французскіх энцыклапедыстаў у ХVІІІ ст. Сафісты надавалі выключнае значэнне перш за ўсё літаратурнай адукацыі, веданню гісторыі. Яны самі плённа вывучалі міфалогію, генеалогію, складалі спісы выбітных герояў, паэтаў, дзяржаўных дзеячаў, а таксама пераможцаў Алімпійскіх гульняў. Ад разгадвання таямніц прыроды сафісты ўпершыню звярнуліся да вывучэння псіхікі чалавека. А метад іх быў дыялектычны: прадмет даследаваўся, вывучаўся з розных бакоў, з розных пунктаў погляду. Вучыліся ў сафістаў у асноўным юнакі з багатых сем’яў. Так узнікала новая эліта – не ваенная, а інтэлектуальная.

Усё ж найбольш праслаўленай у антычнай Грэцыі была школа Платона – таксама, як і Зенон, вучня Сакрата. Сваю Акадэмію Платон адкрыў у 388 г. да н.э., і праіснавала яна ажно да 529 г. н.э., пакуль яе не закрыў візантыйскі імператар Юстыніян. Платон менш вучыў рыторыцы, а больш філасофіі ды матэматыцы. Ад яго да нашага часу ідуць асноўныя традыцыі інтэлектуальнага і эстэтычнага выхавання.

Платон гутарыў з вучнямі, прагульваючыся па сцяжынках прыгожага сада – яго ўласнай сядзібы. Менавіта не будынкі, не аўдыторыі, а сад – месца навучання ў Акадэміі Платона, Ліцэі Арыстоцеля, “Садзе” Эпікура. Пазней традыцыя працягвалася ў сярэднявечных універсітэцкіх гарадках тыпу Оксфарда, Кембрыджа або ў Царкасельскім ліцэі, дзе вучыўся А. Пушкін. Ды нават на філфаку БДУ ёсць невялікі дворык з дрэўцамі, праўда, у ім не вучаць.

Платон гаварыў, што ні адну навуку нельга вывучаць пад прымусам: “дзяцей варта «напаўняць» навукамі праз гульню”. У той жа час выдатны філосаф патрабаваў скіраванасці, канцэнтрацыі ўвагі на прадмеце пазнання.

Праўда, у Акадэміі было навучанне адкрытае і закрытае. Апошняе для нямногіх – гэта патаемныя, эзатэрычныя веды, якія вучні Платона не мелі права адкрываць звычайным людзям. Так узніклі фактычна два “Платоны” – пісаны і няпісаны. Акадэмія была па сутнасці містычным рэлігійным ордэнам – па ўзоры жрэцкіх школ Егіпта і Вавілона.

Выдатнейшы з вучняў Платона Арыстоцель правёў у Акадэміі 20 гадоў і вельмі добра ведаў розніцу паміж пісаным і няпісаным вучэннем Платона. Потым сам Арыстоцель навучаў будучага геніяльнага военачальніка Аляксандра Македонскага, прычым звяртаў увагу не столькі на этыку і прынцыпы ўпраўлення дзяржаваю, колькі на патаемныя касмаганічныя веды. Па словах самога Аляксандра, ён “жадаў адрознівацца ад іншых не магутнасцю, а веданнем самага сутнасна важнага”.

Калі Аляксандр распачаў свае заваяванні, Арыстоцель вярнуўся ў Афіны і адкрыў там новую навучальную ўстанову пад назвай Ліцэй. Тут навучанне было арганізавана па-іншаму, чым у Акадэміі Платона. Платон уражвае сваёй фантазіяй, сілаю думкі, Арыстоцель – назіральнасцю, практычнымі ведамі. Падрабязнасці, якія Арыстоцель паведамляе пра будову раслін або пра анатомію насякомых, можна было б прасачыць толькі з дапамогаю мікраскопа. Не інакш, як “пад мікраскопам” Арыстоцель даследуе і літаратуру ў сваёй геніяльнай “ Паэтыцы ”: да нашага часу яго вызначэнне і класіфікацыя родаў і відаў літаратуры, аналіз спецыфікі асобных жанраў застаюцца класічнымі. “Паэтыку” вывучаюць многія стагоддзі, але яе сэнсавая ёмістасць працягвае здзіўляць даследчыкаў.

Вучні Ліцэя праславіліся, як і іх настаўнік Арыстоцель, сваім фенаменальным працалюбствам: ні да іх, ні пасля іх ні адна навучальная ўстанова не праводзіла такой планамернай і велізарнай работы па назапашванні і сістэматызацыі розных навуковых ведаў, як Ліцэй. Сістэматызаванымі былі і шляхі думкі – у адрозненне ад свабодных асацыяцый Платона: менавіта Арыстоцель распрацаваў законы фармальнай логікі.

Такім чынам, платонаўская Акадэмія вырашала адцягненыя, абстрактныя, надзвычай складаныя філасофскія праблемы, звязаныя з касмагоніяй і несмяротнасцю чалавечай душы. У Ліцэі Арыстоцеля займаліся больш набліжанымі да зямнога быцця прыктычнымі пытаннямі. З таго часу навука так і падзяляецца: на фундаменальную і прыкладную.

Шмат якія традыцыі педагогікі Платона і Арыстоцеля жывуць да нашага часу, некаторыя адышлі ў нябыт. Але адна думка Платона, што доўга-доўга рашуча не прымалася, перамагла канчаткова ў ХХ ст.: Платон гаварыў, што жанчыны валодаюць не меншымі здольнасцямі да навучання, чым мужчыны, і павінны атрымоўваць такую ж глыбокую адукацыю.

У Афінах не было школ для дзяўчат, але яны існавалі на астравах Грэцыі. І ў Афінах, акрамя дамаводства, дзяўчынак вучылі пісаць і чытаць, але ўсё ж галоўным чынам – пець і танцаваць, бо гэта было неабходна для ўдзелу ў шматлікіх і багата тэатралізаваных рэлігійных цырымоніях. У Спарце, як і ў хлопчыкаў, у дзяўчат развівалі толькі фізічную сілу і цягавітасць, бо іх рыхтавалі як будучых маці магутных ваяроў.

У цэлым традыцыі навучання Антычнай Грэцыі яшчэ далёка не вычарпаны – мы маглі б адтуль шмат што ўзяць.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: