Эпоха Асветы ў Еўропе і на Беларусі

У другой палове XVII і першай палове XVIII ст. сітуацыя ў Рэчы Паспалітай, у склад якой уваходзіла Беларусь, была надзвычай цяжкая. Тут не было абсалютнай манархіі, якая ўсталявалася ў суседніх дзяржавах, мацнела ў Францыі, зрабіўшы апошнюю наймагутнейшай краінай у свеце. У Польшчы ўлада караля абмяжоўвалася соймам – парламентам, у якім тон задавалі буйныя магнаты. Здавалася б, дэмакратыя, а на самай справе шмат шуму і неверагодных амбіцый. Трагедыя Польшчы ў канцы XVIII ст., калі яна была падзелена паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй, цалкам абумоўлена адсутнасцю патрыятызму, прагнасцю да багацця і славы яе арыстакратыі. Ужо за сто пяцьдзесят гадоў да трох падзелаў Польшчы краіна знаходзілася ў заняпадзе. Крызіс палітычны, сацыяльны, эканамічны, безумоўна, адбіваўся на культуры, асабліва на культуры беларускай. У многім таму, што ні ў адной краіне Еўропы мясцовае насельніцтва не было такім прыніжаным, не знаходзілася пад такім страшным нацыянальным і сацыяльным уціскам. У нас з-за паліткарэктнасці не прынята пра тое гаварыць. На самай справе, палажэнне сялянства ва Ўкраіне і Беларусі было настолькі кашмарным, што нам нават цяжка і ўявіць. Не дзіва, што насельніцтва, асабліва праваслаўнае, масава бегла ў Расію. Менавіта беларускі моўны ўплыў абумовіў некаторыя асаблівасці (напрыклад, аканне) у мове насельніцтва пэўных рэгіёнаў Расіі.

У 1648 г, на Украіне пачалося паўстанне супраць Польшчы на чале з казацкім атаманам Багданам Хмяльніцкім. Паўстанне перакінулася на беларускія землі: на Гомельшчыну, Мазыршчыну, Бабруйшчыну, Магілёўшчыну. Казацка-сялянская вайна ішла да 1654 года. Баючыся паразы, Багдан Хмяльніцкі папрасіў ваеннай дапамогі ў маскоўскага цара і ўзамен далучыў частку Украіны да Расіі. Другая палова XVII-пачатак XVIIIст. – перыяд пастаянных войнаў паміж Расіяй, Швецыяй, Польшчай, Лівоніяй. Ваенныя дзеянні праходзілі і на беларускіх землях. Краіна была даведзена да спусташэння. Акрамя таго, беларускае насельніцтва было пазбаўлена палітычных правоў: праваслаўныя грамадзяне не выбіраліся ва ўрадавыя ўстановы; беларускаямова была забаронена ў справаводстве; у ХVIII ст. улады пазакрывалі ўсе беларускія друкарні.

Што ў гэты час адбывалася ў іншых краінах?

На большай частцы Зямлі яшчэ панаваў феадалізм – сярэднявечны тып культуры. А ў Заходняй Еўропе надзвычай актыўна працягвалася капіталістычнае развіццё, якое пачалося тры стагоддзі таму. У Англіі – прамысловая рэвалюцыя, у Францыі – ідэалагічная падрыхтоўка буржуазнай палітычнай рэвалюцыі.

ХУІІІ ст. называюць стагоддзем Асветы, векам Розуму. Безумоўна, рацыяналізм зацвердзіўся яшчэ раней – у ХУІІ ст. і звязаны с поспехамі прыродазнаўчых навук і з эканамічным умацаваннем буржуазіі, якая несла ў сацыяльную псіхалогію прагматызм і меркантылізм.

Асвета – ідэйная эпоха. Для яе характэрны дух барацьбы супраць усіх параджэнняў феадалізму – супраць манархіі, царквы, схаластычнай псеўданавукі. Важнейшая з’ява таго часу – выданне Энцыклапедыі французскімі асветнікамі. Энцыклапедысты – Вальтэр, Дзідро, Даламбер, а таксама іншыя літаратары – Ж.Ж. Русо, Мантэскьё – выкрывалі рэакцыйную дзейнасць абсалютнай манархіі, царквы, маральную дэградацыю вышэйшых колаў грамадства. Гэта мела вялікае значэнне для падрыхтоўкі Вялікай французскай рэвалюцыі – буржуазнай па сваёй сутнасці. Але названых дзеячаў нельга лічыць прадстаўнікамі буржуазіі, яны выступалі ад імя народа ў інтарэсах усяго чалавецтва з лозунгамі свабоды, роўнасці, братэрства. Яны – сапраўдныя гуманісты, а не проста класавыя пісьменнікі. Не іх віна, што буржуазныя дзеячы французскай рэвалюцыі спаганілі святыя лозунгі, патапіўшы Францыю ў крыві.

Самай важнай падзеяй ХУІІІ ст., гістарычным катаклізмам была, безумоўна, менавіта Французская буржуазная рэвалюцыя 1789 – 1794 гг. Усе асветнікі да яе пачатку памерлі і не ведалі, як трансфармаваліся іх ідэі заўзятымі пераробшчыкамі грамадства.

Пачалася рэвалюцыя з незадавальнення каралём Людовікам ХУІ, але галоўным чынам каралевай – Марыяй Антуанетай. Гэта была ў поўным сэнсе слова “каралева ракако” – пануючага стылю ў культуры Францыі таго часу. Мастацтва ракако – легкадумнае, іранічнае, дасціпнае, перабольшана дэкаратыўнае. Гэта стыль арыстакратыі і для арыстакратыі, якая шалёна весялілася перад сваёй пагібеллю. Некаторыя даследчыкі лічаць ракако дэградацыяй барока, страціўшага манументалізм, характэрны для вялікага стылю. Але ў Францыі ракако, безумоўна, асобны стыль. Ламаныя рытмы вытанчанага менуэта, кампазіцыйныя выкрутасы камедый Бамаршэ, асаблівы жанр рамана ў лістах, каларытныя галантныя святы, пастаральныя сцэны ў жывапісе, неверагоднай раскошы адзенне – усё гэта мела паміж сабою нешта агульнае і ўтварала, такім чынам, стыль эпохі.

Усё большая раскоша каралеўскага двара і арыстакратыі раздражняла народ, які пакутваў ад непамерных падаткаў. Гэта і прывяло да выбуху. Праўда, не апошнюю ролю адыгралі і шматлікія патаемныя арганізацыі, якія даўно ўжо вялі нелегальную работу па знішчэнні манархіі.

Падчас Адраджэння новыя ідэі авалодвалі розумам невялікай групы людзей – творчай інтэлігенцыі, а ўжо ў эпоху Асветы пераварот адбыўся ў галовах большасці народа, асноўнай масы еўрапейскага насельніцтва. Змянілася парадыгма развіцця. Вось чаму гісторыкі ад гэтага стагоддзя адлічваюць Новы час (у гісторыі – Новы час, у культуралогіі – эпоха Асветы).

У ХУІІІ ст. адбылося карэннае пераразмеркаванне сіл ў Еўропе. На яе ўсходзе ўзвысіліся Прусія, Аўстра-Венгрыя, але асабліва Расія. Ужо дзейнасць Пятра І, выхад Расіі да Балтыйскага і Чорнага мораў прымусілі з ёй лічыцца. А ў канцы ХУІІІ ст., падчас праўлення Кацярыны ІІ, імператарская Расія на кантыненце робіцца практычна самай магутнай краінай. Яе поспехі былі ашаламляльныя для заходніх назіральнікаў.

У іншых славянскіх краінах, акрамя дэградуючай Рэчы Паспалітай, і ў Грэцыі назіраецца магутны рост самасвядомасці, нацыяльнае адраджэнне, ідзе ўпартая падрыхтоўчая работа, якая ў ХІХ ст. выльецца ў бурны пад’ём, нацыянальна-вызваленчыя (перш за ўсё ад улады Турцыі) рэвалюцыі.

Упершыню можна гаварыць пра гістарычныя рухі ў Амерыцы. У паўночных штатах таксама развіваецца асветніцкая думка, якая звязана з вызваленчай барацьбой супраць Англіі. Барацьба ўрэшце заканчваецца ўтварэннем ЗША і вызваленнем Бразіліі ад партугальскай залежнасці. Развіваецца працэс станаўлення нацыянальных культур Амерыкі.

На Ўсходзе яшчэ магутныя велізарныя Турцыя і Персія (Іран), якія тады валодалі намнога большай тэрыторыяй, чым сёння. Індыя ў канцы ХУІІІ ст. трапляе пад каланіяльнае ўладаранне Англіі. Вялікая кітайская імперыя Мін застыла ў сваіх спрадвечных традыцыях: ні адна з’ява культуры тут не атрымала развіцця. Японія адгарадзілася ад усяго свету і, замкнуўшыся на сваіх астравах, перажывала значны, цікавы перыяд сваёй гісторыі. Найбольш дынамічныя працэсы,безумоўна, адбываліся ў Еўропе.

Фармаванне магутных імперый, асабліва на ўсходзе Еўропы, прывялі да ўмацавання стыляў барока і класіцызму. Гэтыя стылі найлепш перадавалі веліч краіны. Яскравы горад, дзе ўладараць абодва стылі і створаны найбольш велічныя будынкі, - сталіца Аўстра-Венгрыі Вена (напрыклад, імператарскі палац Хофбург). Санкт-Пецярбург – новая сталіца Расіі (менавіта як імперыі) – горад, створаны амаль выключна ў стылі класіцызму.

У той жа час ХУІІІ ст. – гэта і панаванне культуры так званага “трэцяга саслоўя”. Характэрныя рысы мастацтва ХУІІІ ст. – аналіз тонкіх перажыванняў чалавека, нюансаў пачуццяў і настрояў, інтымнасць, лірызм, аналітызм. Але гэта было дасягнута цаною страты ўніверсальнай паўнаты, цэласнасці, характэрных для эпохі Рэнесансу і эпохі Барока.

Унутры ідэалагічнай эпохі Асветы існавала некалькі літаратурных напрамкаў: асветніцкі класіцызм (Вальтэр, А. Поп, М. Ламаносаў, Д. Фанвізін, Ф. Шылер), асветніцкі рэалізм (Д. Дзідро, Д. Філдзінг, Д. Дэфо, А. Радзішчаў), сентыменталізм (Рычардсон, Л.Стэрн, Ж.Ж. Русо, М. Карамзін).

Асветніцкі рэалізм адлюстраваў пад’ём буржуазіі, яе барацьбу супраць дваранства, таму на першы план выйшлі героі з дэмакратычнага асяроддзя. Замест духоўных канфліктаў літаратуры класіцызму (барацьба абавязку і пачуцця, розуму і палкасці) у творах эпохі Асветы сцвярджаецца паказ актыўнага жыцця герояў, іх барацьба за існаванне, за палажэнне ў грамадстве. Амаль усе асветнікі паказвалі штодзённае жыццё і побыт народа (галоўным чынам трэцяга саслоўя).

Шляхам мудрага выхавання асветнікі спадзяваліся стварыць узорнага чалавека з псіхалогіяй сумленнага буржуа. Аднак найбольш яркімі і жывымі ў літаратуры Асветы аказаліся тыпы, далёкія ад народнай маралі: герой авантурнага рамана Лесажа Жыль Блаз, Лавелас з рамана Рычардсана “Кларыса”. Гэта заканамерна: сама атмасфера часу спрыяла з’яўленню махляроў, авантурыстаў (як і ў нас сёння). Гармонія прыватнай і грамадзянскай актыўнасці асветніцкай літаратуры не ўдавалася.

Праўда, нямецкія асветнікі дасягнулі здзіўляючага сінтэзу ў іншым плане (асабліва І. Гётэ і Ф. Шылер) – у многім дзякуючы плённаму выкарыстанню фальклору і ідэй класічнай нямецкай філасофіі. Сусветную славу набыў раман маладога Гётэ “Пакуты маладога Вертэра”, які выяўляў пратэст супраць уціску на асобу саслоўна-абсалютысцкага ладу. Бунтарскім пафасам прасякнуты першыя драмы Шылера: “Разбойнікі”, “Каварства і каханне”, “Дон Карлас”. Бясспрэчна, творчасць генія, якім быў І. Гётэ, немагчыма ўціснуць у межы нейкага аднаго напрамку. Тут выявіўся і класіцызм, і сентыменталізм, і асветніцкі рэалізм.

Асвета стварыла так званы “раман выхавання”, філасофскую аповесць і казку, сямейную і філасофскую драму. У літаратуры Асветы значна паглыбіліся прыёмы псіхалагічнага аналізу (асабліва ў сентаменталістаў), узнік эстэтычны пейзаж. У цэлым літаратура наблізілася да шырокіх народных мас.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: