Першабытнае грамадства, яго асноўныя рысы і перыядызацыя

3-за адсутнасці пісьмовых крыніц звесткі пра найдаўнейшыя перыяды гісторыі Беларусі мы маем толькі з раскопак археалагічных помнікаў — стаянак і селішчаў, гарадзішчаў, могільнікаў. Навукоўцы-археолагі на падставе здабытых з зямлі рэчаў рэканструююць самыя розныя бакі жыцця першабытнага чалавека — яго заняткі, побыт, вераванні і нават часам знешні выгляд.

У развіцці першабытнага грамадства вылучаюцца этапы першабытнага чалавечага статка, або праабшчыны, потым рання-родавай, позняродавай і, нарэшце, познепершабытнай суседскай абшчыны. За час існавання абшчыны чалавецтва перайшло ад мацярынска-родавых адносін да патрыярхату.

Агульнагістарычная перыядызацыя ў асноўным адпавядае археалагічнай. Па ступені сацыяльна-эканамічнага развіцця, з улікам матэрыялу, які служыў для вырабу прылад працы, вызначаюцца каменны, бронзавы, жалезны вякі. Каменны век адпавядае першым двум этапам развіцця ад праабшчыны (у раннім, сярэднім палеаліце) і да ранняга роду — развітога родавага грамадства (у неаліце). Бронзавы век — час позняродавай, патрыярхальнай абшчыны. У жалезным веку яна ператварылася ў суседскую, а рода-племянны лад, дасягнуўшы сталасці, пачаў разлагацца.

Ствараліся ўмовы для назапашвання багаццяў у руках асобных калектываў унутры родавай абшчыны, што вяло да яе разлажэння. Багацці пачалі нераўнамерна размяркоўвацца сярод асобных патрыярхальных сем'яў. Паміж багатымі і беднымі сем'ямі пачалі складвацца адносіны панавання і прыгнечання.

У перыяд раннякласавага грамадства, калі на змену ранейшым дзікунству і варварству надышла цывілізацыя, узніклі дзяржаўнасць, гарады, пісьменнасць. Агульная лінія развіцця грамадства набывала ў кожным рэгіёне свае канкрэтныя ўласцівасці, непаўторныя рысы.

Гісторыя чалавека заўсёды спалучалася з развіццём прыроды ў неразрыўнае цэлае. Чалавек быў арганічна ўключаны ў склад існуючай экалагічнай сістэмы, і яна, калі змянялася, дык разам з ім. Дзейнасць чалавека — як выкарыстанне таго, што давала прырода, так і вытворчасць сродкаў існавання — усё больш істотна ўплывала на навакольнае асяроддзе і пераўтварала яго. Гэта ў сваю чаргу адбівалася на самім чалавеку, ускладняла яго ўзаемаадносіны з прыродай. У каменным веку да крызісу справа яшчэ не даходзіла, але ўздзеянне, ціск чалавека на прыроду няўхільна павялічваліся. Гэта зрабілася асабліва прыкметным у жалезным веку, калі вынішчаліся лясы, бяднеў жывёльны свет. Да таго ж абвастрыліся міжпляменныя і сацыяльныя супярэчнасці.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: