Усходнія славяне; рассяленне на тэрыторыі Беларусі; грамадскі лад; гаспадарчая дзейнасць; рэлігійныя ўяўленні

Славяне рассяляліся на неабсяжных прасторах раўніны ад Ладажскага возера на поўначы да прычарнаморскіх стэпаў на поўдні. Іх суседзямі былі шматлікія неславянскія плямёны. У VIII—IX стст. славяне ва Усходняй Еўропе падзяляліся на 13—15 этнічных супольнасцей ці племянных «княжанняў», як яны названы ў летапісе. На тэрыторыі Беларусі знаходзілася некалькі такіх этнічных аб'яднанняў усходніх славян. Гэта былі даволі ўстойлівыя этнаграфічныя аб'яднанні — крывічоў-палачан, дрыгавічоў, радзімічаў, якія ўтвараліся стыхійна. Яны ўяўлялі сабой не плямёны, як у раннім жалезным веку, а склаўшыеся протанароднасці і адначасова пачатковыя дзяржаўныя ўтварэнні ці протадзяржавы.

Крывічы, вялікае аб'яднанне плямён, якія жылі ў вярхоўях Дняпра, Заходняй Дзвіны, Волгі, на поўдні Чудскага возера. Звесткі аб іх змешчаны ў летапісах пры апісанні падзей IX—X стст. Пра крывічоў піша таксама візантыйскі гісторык X ст. Канстанцін Парфірародны.

Працэс фарміравання крывічоў — вынік асіміляцыі прышлымі славянамі мясцовых балцкіх і заходне-фінскіх плямён, паступова славянізаваных. У канцы I тысячагоддзя н. э. аб'яднанне крывічоў распалася на тры групы — полацкую, смаленскую, пскоўскую (паводле назваў іх галоўных гарадоў). Для полацкіх крывічоў, ці «палачан», як яны абазначаны ў пісьмовых крыніцах, характэрна культура доўгіх курганоў паўночнай Беларусі, у якой прысутнічае шмат этнаграфічных элементаў усходніх балтаў. Смаленскія крывічы вельмі блізкія да полацкіх па мове і культуры, таму ў этнаграфічных адносінахзвычайна разглядаюцца як полацка-смаленская група плямён.

У полацкіх крывічоў у VIII— IX стст. узніклі ўмацаваныя паселішчы, на аснове якіх потым сфарміраваліся гарады. У «Аповесці мінулых гадоў» крывічы названы пад 859 г. Яны плацілі даніну варагам. У 862 г. крывічы разам з другімі плямёнамі прагналі варагаў за мора, адкуль яны прыйшлі. Аднак потым, як паведамляе летапіс, чудзь, наўгародскія славене і крывічы заклікалі да сябе варажскіх князёў. Тут гаворыцца пра Полацк, што варагі ў ім прышлыя, а заснавалі горад крывічы. У час паходу князя Алега (907 г.) і Ігара (944 г.) супраць грэкаў прымалі ўдзел крывічы. У X ст. на аснове племяннога княжання крывічоў склалася буйное Полацкае княства — самастойная дзяржава на тэрыторыі паўночнай Беларусі. Да яе належалі гарады Полацк, Віцебск, Лукомль, Браслаў, Менск, Ізяслаўль (Заслаўе), Лагойск, Орша, Копысь, Барысаў.

Насельніцтва Полацкай зямлі і прадстаўнікі мясцовай дынастыі князёў названы «крывічамі» ў летапісах пад 1127, 1129, 1140, 1162 гг. Назва «крывіцкія землі» ў некаторых выпадках захоўвалася за тэрыторыяй паўночнай Беларусі да першай чвэрці XIV ст. У латышскай мове тэрмін «крывічы» замацаваўся для вызначэння ўсходніх славян. На славянскабалцкім сумежжы ўзніклі тапонімы «крывічы», размешчаныя ланцугом на заходняй ускраіне Полацкай зямлі.

Адначасова ў старажытных летапісах ужываецца тэрмін «палачане». Паводле тлумачэння летапісца, гэтая назва паходзіць ад ракі Палаты — правага прытока Заходняй Дзвіны, ля вусця якой заснаваны Полацк. Відаць, палачане — група крывічоў, якія вылучыліся з крывіцкага аб'яднання з цэнтрам у Полацку, ад якога яна атрымала сваю назву. У XI—XII стст. і ў больш познія часы палачанамі называлі жыхароў Полацка, або Полацкай зямлі.

Дрыгавічы жылі паміж Прыпяццю і Заходняй Дзвіной. Але названыя рэкі не акрэслівалі дрыгавіцкую тэрыторыю. Басейн Заходняй Дзвіны і вярхоўі Бярэзіны засялялі крывічы. Дзякуючы археалагічным даследаванням устаноўлена, што дрыгавічы займалі тэрыторыю на ўсходзе да Дняпра, на поўначы да лініі гарадоў Заслаўя, Лагойска, Барысава. Тут дрыгавічы перамешваліся з полацкімі крывічамі. Паўднёвая мяжа тэрыторыі дрыгавічоў знаходзілася крыху на поўдзень ад Прыпяці, дзе яны суседзілі з драўлянамі.

Папярэднікамі летапісных дрыгавічоў на сярэдняй Прыпяці ў VI—VIII стст. былі славянскія плямёны пражскай археалагічнай культуры. У гэты час тэрыторыя Беларускага Палесся была заселена славянамі.

Пра тое, што засяленне лева-бярэжнай часткі Прыпяцкага басейна праходзіла з поўдня, пацвярджае паўтор славянскіх назваў рэк. Случ — правы прыток Гарыні і р. Случ — левы прыток Прыпяці, р. Грыўка ў ніжнім цячэнні Стахода і р. Грыўка ў басейне Бярэзіны, пяць рэчак з назвай Стаў.

У пісьмовых крыніцах не паведамляецца, якія плямёны рассяляліся ў міжрэччы Нёмана і Буга. Уяўленне аб гэтым дае вывучэнне археалагічных помнікаў, гідранімікі, этнаграфіі.

Заходняе Палессе ў X — XIII стст. было пагранічнай тэрыторыяй паміж паўднёва-заходняй групай усходнеславянскіх плямён (валыняне, дрыгавічы), заходнімі славянамі (мазаўшане), балтамі (яцвягі). Некаторыя даследчыкі прыйшлі да высновы аб змешаным у этнічных адносінах складзе насельніцтва пры колькаснай перавазе прадстаўнікоў таго ці іншага этнасу ў асобных раёнах. У Пінскім Палессі ў X ст. пераважалі дрыгавічы, у Берасцейскім Пабужжы была значная колькасць валынянаў. У XI ст. сюды праз вярхоўі Ясельды і Мухаўца пранікалі дрыгавічы.

Племянное княжанне дрыгавічоў доўгі час захоўвала незалежнасць. Аднак паўночныя раёны дрыгавіцкай тэрыторыі там, дзе дрыгавічы жылі ў суседстве з крывічамі, рана ўвайшлі ў склад Полацкай зямлі і пазней тут утварылася Менскае княства.

На тэрыторыі рассялення дрыгавічоў узніклі гарады Тураў, Пінск, Берасце, Слуцк, Клецк, Рагачоў, Мазыр, Драгічын Надбужны, Капыль, Давыд-Гарадок, у канцы X ст. склалася Тураўскае княства. Паўднёва-ўсходняя частка земляў дрыгавічоў увайшла ў Кіеўскае княства.

Радзімічы — усходнеславянская этнічная супольнасць, землі якой размяшчаліся ў паўднёва-ўсходняй частцы сучаснай Беларусі (усход Гомельскай і Магілёўскай абласцей), а таксама ў заходніх раёнах Бранскай і паўднёва-заходніх раёнах Смаленскай абласцей. На тэрыторыю Беларусі такім чынам прыходзіцца больш чым палова асноўных радзіміцкіх зямель.

Паколькі асноўная тэрыторыя радзімічаў знаходзілася ў зоне малаўрадлівых суглініста-падзолістых глебаў, яны імкнуліся да рассялення ў чарназёмных землях, вынікам чаго з'явіўся каланізацыйны іх паток у паўднёва-ўсходнім напрамку. Як сказана ў летапісе, назва этнічнай супольнасці паходзіць ад імя Радзім, на чале з якім радзімічы прыйшлі з прапольскіх (ляшскіх) зямель. Папярэднікамі радзімічаў у Пасожжы былі носьбіты калочынскай археалагічнай культуры V— VIII стст.

Амаль да канца X ст. радзімічы жылі самастойна і выплачвалі даніну спачатку хазарам, а потым Кіеву. У 984 годзе самастойнасці радзімічаў прыйшоў канец. У летапісах апавядаецца пра паход кіеўскага вялікага князя Уладзіміра Святаславіча на радзімічаў. Перадавы атрад княжацкага войска ўзначальваў ваявода Воўчы Хвост. Радзімічы былі разбіты на рацэ Пяшчань, як мяркуюць, у ваколіцах Слаўгарада.

3 XI ст. тэрыторыя радзімічаў была ў складзе Чарнігаўскага княства. 3 пачатку XII ст. яе паўночная частка знаходзілася пад уладай Смаленска. Да XII ст. адносяцца пісьмовыя звесткі аб гарадах на зямлі радзімічаў Гомелі, Крычаве, Слаўгарадзе (Прупой), Чачэрску. Яны існавалі ўжо ў X ст., але не ўсе з'яўляліся тады гарадамі ў сацыяльна-эканамічным разуменні. Найбольш буйным і значным быў Гомель, як пераканаўча пацвердзілі археалагічныя раскопкі. Апошні раз у летапісе радзімічы ўпамінаюцца пад 1169 годам.

Канчатковае завяршэнне асіміляцыі крывічамі-палачанамі, дрыгавічамі, радзімічамі ўсходнебалцкага насельніцтва адбывалася ва ўмовах фарміравання тэрыторыі Кіеўскай Русі, зараджэння феадальных адносін. Усходнія славяне з канца I тысячагоддзя знаходзіліся на ступені ўзнікнення класавых адносін, упраўляліся старэйшынамі, князямі.

Галоўным заняткам усходніх славян было земляробства. Пры археалагічных раскопках атрыманы доказы існавання ворыўнага земляробства. Асноўнымі прыладамі для апрацоўкі зямлі былі саха і рала. Жалезныя нарогі для рала, знойдзеныя на паселішчы каля Хатомеля, адносяцца да VII—VIII стст. На тэрыторыі Беларусі часцей ужывалася саха, з дапамогай якой верхні пласт зямлі ўзрыхляўся, але не пераварочваўся, як плугам.

Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі з'яўляліся жыта, проса, пшаніца, ячмень, лён. Усходнім славянам былі вядомы культуры бабоў, гароху, чачавіцы і асабліва рэпы. Важную ролю ў гаспадарцы земляроба займала жывёлагадоўля. Усходнія славяне разводзілі буйную і дробную рагатую жывёлу, свіней, а таксама коней. Распаўсюджаны былі лясныя і рачныя промыслы. Палявалі на лася, зубра, бабра, ваўка, дзіка, зайца, мядзведзя, на розных птушак. Мела значэнне лясное пчалярства. Прадукт бортніцтва — воск, побач з футрай і мёдам, складаў вельмі істотную частку вывазу пры гандлі Русі з іншымі краінамі.

У вёсцы існавалі свае рамеснікі, якія забяспечвалі патрэбнасці сельскага насельніцтва ў некаторых вырабах. Занятак рамяством для вясковых майстроў меў падсобнае значэнне. Сяляне самі выраблялі прадзіва, дшылі адзенне і абутак, рабілі прадметы побыту, посуд, будавалі жыллё.

На рассяленне ўсходніх славян рабіла ўплыў прыроднае асяроддзе, наяўнасць рэк, азёр, лясоў, спрыяючы клімат. Яно абумоўлівалася кожнадзённымі патрэбамі чалавека ў пітной вадзе, ежы, паліве і г. д.

У пачатковай стадыі рассялення паселішчы славян размяшчаліся, як і ў раннім жалезным веку, у рачных далінах і на берагавых тэрасах групамі («гнёздамі») па 3—5 і больш паселішчаў. У VIII—IX стст. характар размяшчэння паселішчаў не змяніўся, аднак павялічваліся іх памеры і колькасць. Людзі пачалі рассяляцца на больш высокіх месцах карэнных берагоў. У XI—XIII стст. адзначаецца рэзкае павелічэнне насельніцтва на тэрыторыі Беларусі, як і на іншых землях славян.

Сярод земляробчага насельніцтва панаваў далінны, прырэчны тып рассялення з перарывістым («гнездавым») размяшчэннем паселішчаў. Іх скапленне (агламерацыі) канцэнтраваліся ў бязлесных ці рэдкалесных месцах далін з прыдатнымі для земляробства, часцей лёгкімі глебамі.

Бліжэйшыя паселішчы складалі адзіную грамадска-тэрытарыяльную структуру — абшчыну, а паміж «гнёздамі» заставаліся вялікія незаселеныя прасторы, занятыя лесам.

Пераважалі вёскі плошчай да 2,5 га з безсістэмнай забудовай. Паселішчы, якія ўзнік-лі ў XI—XIII стст., звычайна былі меншымі за вёскі IX— X стст. Гэта значыць, што пры захаванні разнастайнасці ў памерах вёсак праяўлялася тэндэнцыя да павелічэння колькасці малых, маладворных паселішчаў. Пазней большасць такіх паселішчаў складалася з 3— 5 двароў. Працэс адасаблення сялянскіх сядзіб адлюстроўваў фарміраванне сялянскай абшчыны, аб чым будзе размова далей.

Рэлігія ўсходніх славян язычніцкая, многабожая. Яны абагаўлялі навакольную прыроду — сонца і месяц, камяні і горы, рэкі і азёры, дрэвы і розныя расліны. Іх «духам» прыносілі ахвяры. Паступова складалася ўяўленне аб бажаствах, якія ўвасаблялі сабой стыхійныя з'явы прыроды. Багі ўяўляліся ў выглядзе людзей. Сварог — бог неба, Ярыла, Дажбог,Велес — сонечныя бажаствы, Пярун — бог грому і маланкі.

Старажытныя светапогляды праяўляліся ў святкаванні дзядоў, радаўніцы. Абрадамі каляндарнага цыкла было гуканне вясны, пахаванне «стралы» (зброі Пяруна), купалле, каляды. У купальскую ноч (7 ліпеня) на берагах рэк шугала гголымя вогнішчаў, хлопцы і дзяўчаты вадзілі вакол іх карагоды, скакалі, спявалі абрадавыя песні. На досвітку дзяўчаты кідалі ў ваду вянкі. У магічных уяўленнях старажытных людзей знаходзяцца вытокі валачобных песень, своеасаблівай народнай каляндарнай паэзіі.

Паводле язычніцкіх вераванняў, агонь быў свяшчэннай ачышчальнай сілай. Яму аддавалі цела памёршага разам з рэчамі, якімі ён раней карыстаўся. Лічылася, што ўпрыгожанні, прылады працы, зброя спатрэбяцца нябожчыку ў загробным жыцці. Памёршага любога ўзросту па традыцыі адносілі да ліку «дзядоў», продкаў. Насельніцтва, асабліва ў вёсцы, у XI—XIII стст. працягвала хаваць нябожчыкаў пад курганамі, але ў хуткім часе пасля прыняцця хрысціянства з канца X ст. іх больш не спальвалі.

Язычніцкімі культавымі збудаваннямі былі капішчы (свяцілішчы), дзе адбываліся старажытныя абрады. Паводле падання, каля Полацка на беразе Валовага возера знаходзілася капішча Пяруна. Рэшткі свяцілішча сельскай абшчыны X ст. адкрыты каля в. Ходасавічы Рагачоўскага раёна. Тут стаяўдраўляны ідал, вакол якога ў час святкаванняў распальваліся вогнішчы.

Усходнія славяне і суседнія плямёны яцвягаў, літоўцаў. У заходніх раёнах Беларусі цесна перапляталіся разнастайныя этнічныя элементы. Тут усходне-славянскія плямёны дрыгавічоў, валынян, крывічоў суседнічалі і суіснавалі з усходнебалцкімі (літоўскімі), заходнеславянскімі (мазавецкімі), заходнебалцкімі (яцвяжскімі) плямёнамі.

Балцкія плямёны ў сярэднявеччы засялялі вобласці паўднёва-ўсходняй Прыбалтыкі, уключаючы значныя часткі басейнаў Нёмана і Заходняй Дзвіны. Плямёны балтаў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Смаленшчыны, былі асіміляваны славянамі, пра што было сказана вышэй. На астатняй тэрыторыі ў пачатку II тысячагоддзя на базе старажытных балцкіх плямён пачалі складвацца народнасці: літоўцы, латышы, прусы, яцвягі. Па мове балты падзяляліся на заходніх (прусы, яцвягі) і ўсходніх (літоўцы, латышы, куршы і інш.).


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: