Унутрыпалітычнае становішча і знешняя палітыка Вялікага княства Літоўскага ў другой палове XIV - пачатку XV ст

Якадзначалася, Вялікае княства Літоўскае і Рускае паўстала ў форме своеасаблівай федэрацыі зямель «Літвы» і «Русі». Прычым ад таго, як складваліся суадносіны пачаткаў, залежала ўнутраная еднасць і ўнутрыпалітычная стабільнасць гэтага поліэтнічнага дзяржаўнага аб'яднання. Магутны славянскі зачын Вялікага княства (9/10 яго тэрыторыі і 8/10 насельніцтва) прадвызначыў беларускі змест, «прарускую» накіраванасць гэтай дзяржавы.

Пачынальнікам правядзення праграмы збірання Вялікім княствам Літоўскім і Рускім тэрыторый, аб'яднаных у свой час у старажытнай Кіеўскай Русі, і яе паслядоўным правадніком быў вялікі князь Альгерд. Паказальна ўжо тое, што першую палову жыцця Альгерд правёў у Полацку (у першым шлюбе ён быў жанаты на віцебскай князёўне Марыі Яраслаўне), дзе прыняў праваслаўе (аб'яднальнік праваслаўных рускіх зямель павінен быць праваслаўным) і спрабаваў падпарадкаваць сваёй уладзе Пскоў. Калі ж Альгерд стаў вялікім князем літоўскім, ён з поспехам працягваў ажыццяўляць сваю «агульнарускую» праграму. Пры ім робяцца спробы авалодаць Ноўгарадам Вялікім, далучаюцца да Вялікага княства Валынь (1352), Бранск і Смаленск (1357), Кіеў (1362), Падолле (1363-1364), Чарнігава- Северская зямля (канец 60 — пачатак 70-ых гг. XIV ст.).

Аднак у асобе Ягайлы — свайго пераемніка на княжацкім стале — Альгерд не знайшоў пераемніка ў ажыццяўленні праграмы збірання ўсіх рускіх зямель вакол Вільні. Сваю ролю, на наш погляд, тут адыграла палітыка Рыма, які баяўся стварэння магутнага праваслаўнага бастыёна на ўсходзе Еўропы. Ды і актывізацыя захопніцкай палітыкі Ордэна падштурхоўвала Вялікае княства да саюзу з Полынчай. Да таго ж, набіраючы моц, маскоўскі князь робіць спробу вярнуць у склад сваёй дзяржавы шэраг былых зямель Старажытнай Русі, якія на той час змаходзіліся ў межах Вялікага княства. Гэта акалічнасць, безумоўна, таксама прымушала Ягайлу кінуць свой позірк на захад — у бок Польшчы. I калі ў сярэдзіне 80-ых гг. XIV ст. вызначыліся два варыянты жаніцьбы Ягайлы — на польскай каралеве Ядзвізе ці на дачцы Дзмітрыя Данскога,— вялікі князь прыняў першы варыянт. Такім чынам, Полылча дала згоду аддаць каралеўскі трон літоўскаму князю ў абмен на каталіцкую Літву, з далейшым прыцэлам на акаталічванне беларускіх, украінскіх, рускіх зямель Вялікага княства Літоўскага і Рускага.

1387 год, у які Ягайла стаў Уладзіславам, прыняўшы каталіцтва, можна лічыць годам змянення сацыяльна-прававога становішча беларускіх зямель у Вялікім княстве. Паводле граматы «караля польскага, вялікага князя літоўскага і спадкаемца Русі» (так Уладзіслава-Ягайлу велічалі афіцыйныя дакументы) ад 20 лютага 1387 г. феадальная знаць каталіцкага веравызнання, якая была ў болыпасці літоўскага паходжання, атрымлівала неабмежаванае права валодання і распараджэння сваімі вотчынамі, а таксама вызвалялася ад выканання шэрагу дзяржаўных павіннасцей. На праваслаўных феадалаў, што вялі сваю радаслоўную з беларускіх, украінскіх, рускіх зямель, гэты прывілей не распаўсюджваўся. Натуральна, гэткі дыскрымінацыйны для знаці ўсходнеславянскага паходжання закон выклікаў у іх асяроддзі рэзкае незадавальненне палітыкай вярхоўнай улады Вялікага княства, нарадзіў сепаратысцкія «антылітоўскія» настроі.

3 гэтага часу (з канца XIV ст.) так званае «рускае» пытанне ў поліэтнічным Вялікім княстве неаднойчы падымалася і выкарыстоўвалася рознымі палітычнымі дзеячамі і групоўкамі. Першым скарыстаў яго Вітаўт, які ў 90-ых гг. XIV ст. выступіў з праграмай стварэння самастойнага «Руска-Літоўскага» каралеўства, якое супрацьстала б з аднаго боку Польшчы, з другога — Маскве'5. Унутры дзяржавы для ажыццяўлення сваёй праграмы Вітаўт узяў у саюзнікі праваслаўную знаць, апазіцыйную каталіцкай экспансіі Польшчы; за межамі Вялікага княства — Ордэн, якому было выгадна пагаршэнне адносін паміж княствам і польскай дзяржавай, а таксама татарскага эмігранта, ранейшага залатаардынскага хана Тахтамыша.

Паражэнне на Ворскле мела сваім вынікам дагавор паміж Вялікім княствам і Польшчай 1401 г., які пацвярджаў «польска-літоўскую» унію, што была заключана 16 гадоў перад гэтым у Крэве.

Акрамя таго, у працяг прывілею 1387 г. дагавор 1401 г. зноў жа супрацьпастаўляў феадалаў каталіцкага веравызнання «рускім» — праваслаўным.

Названыя дакументы падрыхтавалі прыняцце пастановы Гарадзельскага сейма 1413 г. аб уніі паміж Вялікім княствам і Польшчай, паводле якой праваслаўная знаць княства ставілася практычна ў дыскрымінацыйнае становішча ў гэтай этнічна неаднароднай дзяржаве. Параграф 3 Гарадзельскай пастановы, працягваючы прывілеі 1387 і 1401 гг., устанаўліваў, што толькі «каталікі, Рымскай царкве падуладныя», валодаюць і карыстаюцца эканамічнымі і палітычнымі прывілеямі і падараваннямі пануючаму класу з боку вярхоўнай улады. У параграфе 6 пацвярджалася забарона на шлюбы паміж католікамі і праваслаўнымі. Асаблівае значэнне ў далейшай унутрыпалітычнай барацьбе ў Вялікім княстве меў параграф 9 Гарадзельскай пастановы, па якой на «дастоінства, месца і пасады» назначаліся «толькі каталіцкай веры прыхільнікі і падуладныя святой Рымскай царкве. Таксама і ўсе пастаянныя ўрады земскія надаюцца толькі спавядальнікам хрысціянскай каталіцкай веры і да савета нашагадапускаюцца і ў ім прысутнічаюць, калі абмяркоўваюцца пытанні аб дзяржаўным дабрабыце, таму што часцяком розніца ў веравызнаннях прыводзіць да розніцы ў пазіцыях і аказваюцца цераз гэта вядомымі такія рашэнні, якія неабходна ў тайне захоўваць». Параграфы 11 і 12 гэтага дакумента пазбаўлялі праваслаўных феадалаў права выбрання вялікага князя, якім зноў жа карысталіся толькі «паны і шляхціцы зямлі літоўскае, прыхільнікі хрысціянскай рэлігіі, Рымскай царкве падуладныя, не схізматыкі ці іншыя паганыя».

Тым самым Гарадзельская пастанова была ўжо далёка не клінам, укалочаным паміж дзвюма часткамі Вялікага княства, а пагрозлівым дынамітам, закладзеным пад федэратыўнае адзінства гэтага дзяржаўнага ўтварэння. Выбуху доўга чакаць не прыйшлося. Ён адбыўся ў 30-ыя гг. XV ст.— у час барацьбы за вялікакняскі стол, які застаўся пасля смерці Вітаўта вольным.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: