Пытанні і заданні. 1. Што такое дзеяслоў. Што можа абазначаць дзеяслоў

1. Што такое дзеяслоў? Што можа абазначаць дзеяслоў?

2. Якія граматычныя катэгорыі дзеяслова? Прывядзіце прыклады.

3. Якія існуюць запазычаныя тэрміны-дзеясловы і ўласнабеларускія? Як яны функцыянуюць у тэхнічных тэкстах?

4. Якія асаблівасці ўжывання формаў часу тэрмінаў-дзеясловаў у навуковых тэкстах?

5. Што абазначае граматычная катэгорыя ладу дзеяслова?

Заданне 1. Прачытайце тэкст. Знайдзіце ў ім дзеясловы. Вызначце іх час. Якія асаблівасці ўжывання форм часу ў дадзеных тэкстах?

Планіроўшчыкі

Землі, на якіх выконваюцца меліярацыйныя работы звычайна маюць натуральныя (прыродныя) няроўнасці і няроўнасці, што ўзніклі ў выніку выканання прадугледжаных тэхналогіяй землярыйных і папярэдніх культур — тэхнічных працэсаў. Няроўная паверхня глебы зніжае прадукцыйнасць сельскагаспадарчых машын і якасць іх работы, пагаршае раўнамернасць размеркавання ўгнаенняў і вады і, у рэшце рэшт, зніжае ўраджайнасць сельгаскультур і павышае затраты на іх вытворчасць. Грубае будаўнічае выраўноўванне (планіроўка) выконваецца бульдозерамі або іншымі землярыйна-транспартнымі машынамі. Для канчатковага або эксплуатацыйнага выраўноўвання зямельных плошчаў прызначаны спецыяльныя машыны-планіроўшчыкі. (А.М. Карташэвіч, Я.І. Мажугін)

Заданне 2. Перакладзіце наступныя дзеясловы на беларускую мову. Адзначце асаблівасці перакладу.

Бетонировать, вдумываться, впрыскивать, выращивать, надламывать, расходовать, связывать, ремонтировать, овладевать, демонстрировать, скармливать, откапывать, домысливать.

Заданне 3. З дапамогай суфіксаў -ва-, -ава- (-ява-) утварыце формы цяперашняга і прошлага часу дзеясловаў. Вызначце іх трыванне.

Прачытаць, апісаць, запаліць, падтрымаць, праламаць, разгарнуць, узброіць, вырасціць, разгубіцца, працаваць, абсмяяць

Заданне 4. Складзіце звязны навукова-тэхнічны тэкст, выкарыстоў­ваю­чы наступныя інфінітывы і інфінітыўныя канструкцыі.

Неабходна выканаць, працаваць, вырошчваць, забараняцца, рамантаваць, вызначаць, служыць, разбураць, патрэбна захаваць, зарадзіць, павінен змясціць, змяшчаць, вынікаць, павінен упарадкаваць, дакладна вызначыць, разлічваць

Заданне 5. Прачытайце сказы. Вызначце ў іх лад дзеяслова.

1. Трактар ствараўся як сродак для замены коннай цягі пры рабоце з прасцейшымі сельскагаспадарчымі машынамі і прыладамі.

2. Электрапрывод для мабільных машын прыцягвае бясшумнасцю, бясшкоднасцю і яшчэ многімі іншымі перавагамі, неўласцівымі цеплавым рухавікам.

3. Эрганоміка ў сферы канструявання сельскагаспадарчых трактароў пачала сваё развіццё ў канцы шасцідзесятых гадоў і прайшла этап станаўлення і прызнання як важная навукова-прыкладная галіна стварэння машын.

4. Целы, якія маюць зарады аднолькавага знака, адштурхоўваюцца, а працілеглага — ўзаемна прыцягваюцца.

5. Дай, калі ласка, гэтыя дэталі. Убраць ураджай без страт.

6. Давайце паспрабуем адрамантаваць гэтую машыну.

7. Зрабіў бы ты, Сяргей, гэта сёння і не адкладваў бы на заўтра.

8. Пры ўзнікненні ў правадніку электрычнага поля, яго свабодныя зарады пачынаюць рухацца, бо на кожны з іх дзейнічае сіла.

9. Прыехалі былі рабочыя і адрамантавалі камбайн.

Заданне 6. Складзіце сказы з наступнымі тэрмінамі-дзеясловамі, ужываючы іх ва ўсіх трох ладах.

Высвятліць, накіроўваць, праводзіць, узнікаць, разлічваць, садзіць, даглядаць, замыкаць, чарціць, размяркоўваць, разглядаць, адштурхоўваць, устанаўліваць, злучаць, выключаць.

Ужыванне дзеепрыметніка ў навуковым стылі

Дзеепрыметнік — форма дзеяслова, якая абазначае прымету або ўласцівасць прадмета ці асобы паводле дзеяння.

У сферы функцыянавання дзеепрыметнікі ўтвараюцца ад агульналітаратурных дзеясловаў, звужаюць сваё лексічнае значэнне і набываюць тэрміналагічнае. У тэхнічнай літаратуры шырока ўжываюцца дзеепрыметнікі цяперашняга часу незалежнага стану з суфіксамі -уч- (‑юч‑), ‑ач- (-яч-) з агульным значэннем утваральніка дзеяння, і іх выкарыстанне ў тэрміналаічных словазлучэннях апраўдана. Шматразовыя праходы глебаапрацоўваючых агрэгатаў па полі непазбежна прыводзяць да празмернага ўшчыльнення і распылення глебы. Паніжаючы рэдуктар, устаноўлены перад каробкай перадач, падвойвае калькасць перадач. На колавых трактарах падвеску маюць толькі пярэднія накіроўваючыя колы, на аўтамабілях — пярэднія і заднія колы. Сучасныя сельскагаспадарчыя гусенічныя трактары абсталяваны аднатыпнымі рухачамі, якія складаюцца з вядучага кола з нацяжнымі і амартызуючымі канструкцыямі, апорных каткоў і гусенічнага ланцуга.

Сустракаюцца зваротныя формы дзеепрыметнікаў з суфіксамі -уч- (‑юч-), -ач- (-яч-). Перыядычна дзейнічаючыя сілы ціску газаў і інерцыірухаючыхся мас, якія ўспрымае каленчаты вал, могуць выклікаць зношванне. Зваротныя формы дзеепрыметнікаў не ўласцівы беларускай мове.

У тэхнічнай літаратуры выкарыстоўваюцца дзеепрыметнікі незалежнага стану прошлага часу з суфіксамі -ўш-, -ш- са значэннем стану. З блока цыліндраў дызеля астыўшая вадкасць паступае ў вадзяную абалонку пускавога рухавіка і ахалоджвае яго. Памяншаючы падачу паліва ў адпаведнасці з велічынёй узнікшай перагрузкі, трактарыст задае рухавіку новы скарасны рэжым яго работы. У рухавіках усё больш выкарыстоўваецца тэхнічная кераміка, якая дазваляе паменшыць таксічнасць адпрацаваўшых газаў і выдаткі энерганосьбіта прыкладна на 8%.

У сферы функцыянавання сустракаюцца і зваротныя формы дзеепрыметнікаў незалежнага стану прошлага часу, якія з’яўляюцца адхіленнем ад літаратурнай нормы. У шарнірных наканечніках іншых канструкцый пры вялікім зношванні, калі падціскная спружына не забяспечвае заціск сферычнага кальца праз сухары, з’явіўшыйся зазор устараняюць рэгуліроўкай. Пад тэхнічным абслугоўваннем разумеецца комплекс аперацый па змене асобных знасіўшыхся дэталяў.

Сфера выкарыстання дзеепрыметнікаў незалежнага стану цяперашняга і прошлага часу абмежавана ў асноўным навуковым, справавым, публіцыстычным стылямі.

Форма дзеепрыметнікаў залежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі ‑ом-, -ем-, -ім-, -ым- таксама пашырана ў навуковым стылі. Да асноўных эксплуатацыйных паказчыкаў адносяцца:магутнасць, развіваемая рухавіком, цягавая магутнасць і сіла трактара. Нізкаэнергаёмкія (малаэнергаёмкія) тэхналогіі — гэта забеспячэнне харчавання раслін з уносімых угнаенняў. Допускі на змяненне агратэхнічных паказчыкаў акрэсліваюцца наступнымі крытэрыямі: 1) дапусцімай велічынёй змянення збору ўраджаю ці страт прадукцыі; 2) дапусцімай велічынёй змянення тэхнічнага стану машын, стану поля.

У навукова-тэхнічнай літаратуры сустракаюцца выпадкі замены дзеепрыметнікаў залежнага стану цяперашняга часу даданымі сказамі, што не заўсёды апраўдана, бо дзеепрыметнае тэрміналагічнае словазлучэнне робіць выказванне больш сціслым, лаканічным. Корм, які неабходна раздаць (раздаваемы корм), загружваюць у бункер-сілкавальнік. На якасць работы раздатчыка значна ўплывае даўжыня часцін корму, які ён раздае (раздаваемага корму). Колькасць парашку, які неабходна выдаць (выдаваемага парашку), рэгулююць зменаю велічыні параходнога сячэння люка скарбком.

Найбольш ужывальнымі ў беларускай мове, як і ў тэхнічнай літаратуры, з’яўляюцца дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу з суфіксамі -н-, -ен- (-ён-), -ан- (-ян-), -т-, -л-. Адпрацаванае масла трэба збіраць у бочкі для далейшай пераапрацоўкі. Дыскі, сціснутыя трымя спружынамі, перасоўваюцца разам і вызваляюць вядзёны дыск, што адключае перадачу моманту на трансмісію. На іх [ніжніх роліках] абапіраецца ненагружаная галіна ленты. Нахілены транспарцёр выканання ТТ-4А прымае цюкі ад транспартных сродкаў і падае іх на гарызантальны транспарцёр. Канцавая секцыя падобна да прамежных, аднак да яе прывараны спецяльныя скобы для замацавання вядзёнага вала.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: