Грамадска-палітычнае жыцце БССР у 1955 - перш. палове 1980-х гг

Пачатая лібералізацыя, а таксама вызначаны курс на правядзенне палітыкі рэформаў і аздараўленне маральна-палітычных абставін у краіне выклікалі вялікія надзеі ў грамадстве на хуткія перамены. У рэспубліцы аднаўлялася сацыялістычная законнасць, шырокія памеры, асабліва пасля XX з’езда КПСС, набыла рэабілітацыя аквяр культу асобы Сталіна. У 1956-1961гг. Вярхоўны суд БССР разгледзеў звыш 30 тыс. спраў ў адносінах больш як да 50 тыс. чалавек і рэабілітаваў каля 40 тыс. жыхароў рэспублікі. Каля 20 тыс. грамадзян былі рэабілітаваны ваенным трыбуналам Беларускай вайсковай акругі. Адначасова ажыццяўляліся рэформы, якія былі накіраваны на ўдасканаленне палітычнай сістэмы і дэмакратызацыю.

У дзейнасці Кампартыі Беларусі, прафсаюзаў, камсамола паглыблялася калегіальнасць і рабіліся пэўныя захады па пашырэнні ўдзелу працоўных ў іх рабоце. У 1962г. адбылася перабудова грамадскіх і дзяржаўных арганізацый Беларусі па вытворчым прынцыпе. Аднак калі высветлілася, што гэта рэарганізацыя не прынесла станоўчых вынікаў, у 1964г. быў адноўлены тэрытарыяльна-вытворчы прынцып іх пабудовы. Змены закранулі і органы дзяржаўнай улады. У 1957г. былв прынята пастанова, накіраваная на паляпшэнне дзейнасці Саветаў у эканоміцы і грамадска-палітычным жыцці. У выніку Саветы атрымалі больш шырокія правы. У практыцы іх работы вялікае значэнне набылі шматлікія камісіі, да ўдзелу ў якіх на грамадскіх пачатках прыцягваліся прадстаўнікі рабочых, сялянства і інтэлігенцыі. Аднак карэнных змен у становішчы Саветаў не адбылося. Яны па-ранейшаму заставаліся пад пільным наглядам партыйнай наменклатуры і рэальнай уладай не валодалі.

Вялікую ролю ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных задач і ў грамадска-палітычным жыцці адыграла сацыялістычнае спаборніцтва. Абвешчаны пераход да пабудовы камунізму выклікаў уздым творчай актыўнасці мас і ўзнікненне руху за камуністычныя адносіны да працы. Але ў спаборніцтве з’явіліся і негатыўныя моманты, асабліва тады, калі яно пачало выводзіцца за межы вытворчасці і матэрыяльнага інтарэсу. Даволі хутка ўлады пераўтварылі яго ў рашаючы фактар грамадскага жыцця і фарміравання новага чалавека. Гэта стрымліва актыўнасць людзей і параждала настрой абыякавасці.

Прагрэсіўныя з’явы ў грамадска-палітычным жыцці не былі працяглымі і скончыліся тым, што ў другой палове 60-х гг. узмацніліся кансерватыўныя тэндэнцыі. На змену “адлізе” прыйшла эпоха “застою”. Гэта стала магчымым не столькі таму, што адбыліся змены ў кіраўніцтве дзяржавай, колькі ў выніку супярэчнасцей паміж дэмакратызацыяй і захаванай палітычнай сістэмай. Паварот у грамадскім жыцці выяўляўся перш за ўсе ў тым, што адбылася кансервацыя сфарміраваных за дзесяцігоддзі формаў эканамічнай, дзяржаўнай і грамадска-палітычнай дзейнасці. Убачыўшы безвыніковасць хуткага “скачка ў камунізм”, кіраўніцтва дзяржавы вылучала канцэпцыю развітога сацыялізму. Яна была падмацавана вывадамі аб павышэнні вядучай і накіроўваючай ролі партыі ў жыцці грамадства, узмацненні яго сацыяльнай аднароднасці і пашырэнні калектывізму. З’явілася новае тэарэтычнае палажэнне аб тым, што пачаўся інтэнсіўны працэс інтэграцыі нацый у новую гістарычную супольнасць – савецкі народ. Велічны размах набылі шматлікія ідэалагічныя кампаніі, якія асабліва пампезна праходзілі ў час распрацоўкі і прыняцця Канстытуцыі СССР (1977) і Канстытуцыі БССР (1978). Але пры адсутнасці дэмакратычных свабод і ўзмацненні партыйнага бюракратызму ўсе гэта выклікала ў народа апатыю і песімізм.

Толькі ў часы перабудовы ў рэспубліцы пачалі ажыццяўляцца пэўныя захады да дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця. Значную ролю ў гэтым працэсе адыграла публічнасць. На старонках газет і часопісаў, у тэле- і радыеперадачах разгарнулася небывалая па масштабе палеміка аб умовах грамадскага жыцця, шляхах аднаўлення сацыялізму і паскарэння эканамічнай рэформы. Вялікую зацікаўленасць выклікалі працэсы дэсталінізацыі грамадства і пазбаўлення яго ад дэфармацыі культу асобы і рэцыдываў у 70-80-я гг. Сродкі масавай інфармацыі паступова падрыхтавалі ў грамадстве думку аб тым, што лес і паглыбенне перабудовы будуць немагчымыя без рэформы палітычнай сістэмы, якая пачалася ў 1988г.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: