БССР у перыяд перабудовы

У гады перабудовы, якая пачалася ў 1985г., пэўнае развіццё атрымалі дэмакратызацыя грамадства, галоснасць, ідэалагічны і палітычны плюралізм. У СССР шырока абмяркоўвалася праблема ўзаемаадносін цэнтра СССР і саюзных рэспублік. У сакавіку 1989г. у Беларусі, як і ва ўсёй краіне, адбыліся выбары народных дэпутатаў СССР. У 1990г. у БССР прайшлі выбары ў Вярхоўны Савет рэспублікі.

Палітычная лібералізацыя прывяла да стварэння палітычных партый, якія ўключыліся ў палітычную дзейнасць. Стварэнне розных палітычных фарміраванняў усталёўвала шлях грамадства да дэмакратыі і крах аднапартыйнай сістэмы ў Беларусі. На пачатку 90-х гадоў у палітычнае жыццё Беларусі ўключыліся: Партыя Народнай Згоды, Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі, Беларускі Народны Фронт, Аб’яднаная Дэмакратычная партыя Беларусі, Беларуская Сялянская партыя Беларусі і іншыя партыі.

27 ліпеня 1990г. Вярхоўны Савет БССР прыняў “Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР”. Дзяржаўны суверэнітэт азначае, што Беларусь выбрала ўласны шлях свабоднага развіцця і дабрабыту, годнага жыцця кожнага грамадзяніна рэспублікі на аснове забеспячэння правоў асобы. Вярхоўны Савет рэспублікі абвясціў суверэнітэт як забеспячэнне палітычнай і эканамічнай самастойнасці, паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі.

19-21 жніўня 1991г. у Маскве адбыўся путч. Быў створаны Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (ДКНС). Мэта ДКНС – усталяваць у краіне парадак і спыніць распад СССР. Прэзідэнт Ельцын і парламент Расійскай Федэрацыі адмовіліся падпарадкоўвацца распараджэнням ДКНС. Путч праваліўся.

25 жніўня 1991г. надзвычайная сесія Вярхоўнага Савета БССР надала Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі статус канстытуцыйнага закона. 19 верасня 1991г. на сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі былі зацверджаны назва – Рэспубліка Беларусь, герб “Пагоня” і бела-чырвона-белы сцяг.

8 снежня 1991г. кіраўнікі дзяржаў Беларусі (Шушкевіч), Расіі (Ельцын) і Украіны (Краўчук) падпісалі ў Віскулях (Белавежская пушча) пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). У заяве было адзначана, што перамовы аб падрыхтоўцы новага Саюзнаг дагавору зайшлі ў тупік (6 рэспублік не падтрымалі ідэю новага дагавору), аб’ектыўны працэс выхаду рэспублік з саставу СССР і ўтварэння незалежных краін стаў рэальным фактам.

10 снежня 1991г. Вярхоўны Савет РБ ратыфікаваў пагадненне аб стварэнні СНД і прыняў рашэнне аб дэнансацыі Саюзнага дагавору 1922г. 21 снежня 1991г. у Алма-Аце была падпісана Дэкларацыя аб утварэнні на роўных правах СНД: СССР спыніў свае існаванне. Афіцыйным месцам знаходжання каардынацыйных органаў СНД быў вызначаны Мінск.

Абвяшчэнне РБ свайго дзяржаўнага суверэнітэту змяніла яе становішча ў сістэме міждзяржаўных сувязей. 2 кастрычніка 1991г. Вярхоўны Савет РБ прыняў “Заяву аб прынцыпах знешнепалітычнай дзейнасці РБ”, у якой пацвердзіў сваю прыхільнасць статуту ААН, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і міжнародным абавязацельствам.

47. Грамадска-палітычнае жыцце Беларусі ў 1991-2007 гг.

15 сакавіка 1994г. была прынята новая Канстытуцыя РБ (яна складалася з прэамбулы, 8 раздзелаў, 8 глаў, 149 артыкулаў). Згодна з Канстытуцыяй, Беларусь абвяшчаецца унітарнай, дэмакратычнай, сацыяльнай, прававой дзяржавай. Упершыню ў Асноўным Законе адзначаецца, што чалавек з’яўляецца адзінай крыніцай дзяржаўнай улады, што дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканадаўчай, выканаўчай і судовай.

10 ліпеня 1994г. (другі тур выбараў) першым прэзідэнтам РБ быў абраны Лукашэнка. 20 ліпеня 1994г. Лукашэнка афіцыйна прыступіў да выканання абавязкаў прэзідэнта.

14 мая 1995г. адбыўся рэспубліканскі рэферэндум. Вынікі: населенне РБ прагаласавала за надання рускай мове роўнага статусу з беларускай; за новы дзяржаўны сцяг і дзяржаўны герб; за дзеянні прэзідэнта РБ, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расіяй.

З сярэдзіны 90-х гг. у Беларусі назіраецца ўзмацненне супрацьстаяння розных галін улады, што прывяло да абвастрэння ўнутрыпалітычнага крызісу. Лукашэнка выступіў з ініцыятывай правядзення ў краіне рэспубліканскага рэферэндума. З 9 па 24 лістапада 1996г. у Беларусі быў праведзены рэферэндум.

Вынікі рэферэндума: насельніцтва Беларусі прагаласавала за перанос Дня незалежнасці РБ на 3 ліпеня; за прыняцце Канстытуцыі РБ 1994г. з дапаўненнямі, прапанаванымі Лукашэнка. Трэба адзначыць, што новая рэдакцыя Канстытуцыі пашырала паўнамоцтвы Прэзідэнта РБ, які мае права выдаваць дэкрэты, што маюць сілу Законаў.

Заходнія краіны не прызналі вынікаў рэферэндума 1996г. у адносінах да Канстытуцыі РБ. Беларусь была пазбаўлена статусу спецыяльна запрошанай у Савет Еўропы і аказалася ў палітычнай ізаляцыі.

Выбары Прэзідэнта РБ у 2001 і 2006 г. і іх вынікі.

48. Сацыяльна-эканамічнае развіцце Беларусі ў 1991-2007 гг.

Самастойнае развіцце незалежная Беларусь пачынала ва ўмовах распаду сістэмы, якая трымалася на адміністрацыйна-камандных метадах упраўлення. Пасля набыцця суверэнітэту Беларусь, як і іншыя былыя савецкія рэспублікі, абрала курс пераходу да рынкавых адносінаў. Аб гэтым было заяўлена ў кастрычніку 1990г., калі Вярхоўны Савет зацвердзіў урадавую праграму пераходу да рыначнай эканомікі. Агульнасаюзны крызіс і развал СССР яшчэ больш абвастрыў эканамічнае становішча на Беларусі. З боку былых саюзных партнераў рэзка скараціліся пастаўкі разнастайнай прадукцыі, якая была неабходна для беларускай прамысловасці, нарастала інфляцыя, узнік таварны голад на спажывецкім рынку, сталі зніжацца паказчыкі развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі.

Новае заканадаўства стварыла прававую базу для дзейнасці сумесных беларуска-замежных прадпрыемстваў і прадпрыемстваў, якія цалкам належалі замежным уласнікам. Пашырэнне магчымасцяў да стварэння сумесных і замежных фірмаў і прадпрыемстваў спрыяла прыцягненню ў беларускую эканоміку замежных інвестыцый.

Пэўныя змены адбыліся ў сельскагаспадарчай сферы. Сяляне атрымалі права выбару формаў гаспадарання і ўласнасці, у выніку чаго паскорыўся працэс утварэння фермерскіх гаспадарак.

З абраннем у ліпені 1994г. першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў зроблены паварот да ўзмацнення ролі дзяржавы ў эканамічных працэсах. 2 верасня 1995г. Лукашэнка публічна абвясціў аб вызначэнні курсу на пабудову "рынкавага сацыялізму". Новы курс прадугледжваў дзяржаўнае рэгуляванне эканомікі, узмацненне кантролю за прыватызацыяй. Важнае месца адводзілася паглыбленню эканамічнай інтэграцыі паміж дзяржавамі СНД. У хуткім часе былі распрацаваны "Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996-2000гг.". Іх рэалізацыя забяспечыла з 1996г. штогадовы прырост унутранага валавога прадукту (УВП), які з'ўляецца адным з асноўных паказчыкаў развіцця эканомікі. Павялічыўся аб'ем вытворчасці прамысловай прадукцыі і спажывецкіх тавараў. Шэрагу прадпрыемстваў удалося пераадолець цяжкасці першай паловы 90-х гг. У цэлым па краіне павялічыўся рост рэальных даходаў насельніцтва, удалося не дапусціць рэзкага росту беспрацоўя, была захавана сацыяльная стабільнасць, адноўлена сістэма кіравання эканомікай.

Разам з тым эканамічнае развіцце ў гэты перыяд адбывалася нераўнамерна, скачкападобна. Замарудзіліся тэмпы прыватызацыі, узмацнілася дзяржаўнае рэгуляванне прыватнага прадпрымальніцтва. Па шэрагу важнейшых паказчыкаў дасягнуць узроўню 1990г. так і не ўдалося. Вызначаныя прыярытэты развіцця эканомікі не былі рэалізаваны ў поўнай меры. Адбывалася дэвальвацыя беларускага рубля, панізіўся ўзровень рэнтабельнасці, павялічылася доля стратных прадпрыемстваў.

У такіх умовах асобае значэнне набывае развіцце міжнародных эканамічных сувязяў. Беларусь у 90-я гг. гандлявала са 132 краінамі свету. Галоўнымі партнерамі былі Расійская Федэрацыя і Украіна.

Быў замацаваны курс на захаванне калгасна-саўгаснай сістэмы. Пры гэтым цэнавая палітыка была не на карысць вытворцаў сельгаспрадукцыі: закупачныя цэны часта не адпавядалі рэальным затратам, у той час як на прамысловую прадукцыю для сельскай гаспадаркі (паліва, тэхніку, мінеральныя ўгнаенні, сродкі аховы раслін і інш.) яны пастаянна ўзрасталі. Замарудзіўся працэс фермерызацыі сяла, за 10 год на Беларусі самаліквідаваліся больш за дзве тысячы фермерскіх гаспадарак. За гэты перыяд рэзка павялічылася колькасць стратных калгасаў і саўгасаў. Вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ўпала, павялічыўся харчовы імпарт.

Такім чынам, у сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі 1991-2001 гг. можна вызначыць два этапы. Першы - 1991-1995 гг. За гэты час быў прыняты пакет законаў, якія склалі прававую базу для правядзення ў Беларусі рынкавых рэформ. Разам з тым гэта быў перыяд, на працягу якога востра далі аб сабе знаць разрыў былых эканамічных сувязяў, праблема выбару шляху пераходу да рынку, адсутнасць вопыту ў рэалізацыі вызначаных праграм, пагаршэнне якасці жыцця значнай часткі насельніцтва. Аслабла кіруючая роля дзяржавы ў эканоміцы.

Другі перыяд пачаўся з 1995г. Былі зроблены крокі па пераадоленні абвальнага росту цэн, стабілізацыі беларускага рубля, пашырэнні міжнародных эканамічных сувязяў. Узмацненне ролі дзяржавы абумовіла пэўны ўздым у беларускай эканоміцы. Аднак істотнага паляпшэння эканамічнай сітуацыі не адбылося.

49. Асноўныя накірункі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе развіцця.

Прытрымліваючыся адзіных падыходаў да развіцця адносін з усімі замежнымі партнерамі без выключэння, Беларусь у той самы час, як і любая іншая дзяржава, канцэнтруе свае знешнепалітычныя намаганні на шэрагу найбольш важных і перспектыўных вектараў. Сярод такіх прыярытэтных напрамкаў, перш за ўсе, – дзяржавы-суседзі: (Расія, Украiна, Еўрапейскі саюз), Садружнасць Незалежных Дзяржаў і страны сусветнага Поўдня.

Развіццё ўзаемадзеяння з Расійскай Федэрацыяй і Еўрасаюзам

Рэспубліка Беларусь зацікаўлена ў максімальнай рэалізацыі патэнцыялу стратэгічнага партнерства ў адносінах з Расійскай Федэрацыяй. Цесная сувязь паміж дзяржавамі абумоўлена геаграфічнымі, геапалітычнымі, гістарычнымі і іншымі фактарамі, узаемнай дапаўняльнасцю дзвюх эканомік, кааперацыйнымі сувязямі прадпрыемстваў.

Асноўныя знешнепалітычныя задачы на расійскім напрамку – нарошчванне аб’емаў беларускага экспарту, эфектыўнае выкарыстанне патэнцыялу непасрэдных сувязей паміж рэгіенамі дзвюх краін, паглыбленне кааперацыі, пашырэнне беларускай тавараправоднай сеткі, прыцягненне інвестыцый.

Прыярытэтам знешняй палітыкі Беларусi на еўрапейскiм вектары з’яўляецца інтэнсіфікацыя партнерства з краiнамi Еўрасаюза ў сферах узаемнага зацікаўлення: гандаль і інвестыцыi, транспарт, транзіт, трансмежнае і рэгіянальнае супрацоўніцтва, спрашчэнне візавага рэжыму, ахова навакольнага асяроддзя.

Прастора СНД

Рэспубліка Беларусь зацікаўлена ў інтэнсіфікацыі шматпланавага супрацоўніцтва са странамi СНД на двухбаковым узроўні і ў межах інтэграцыйных аб’яднанняў – Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Еўразійскай эканамічнай супольнасці, Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

Мы падтрымліваем працэсы развіцця інтэграцыйнага патэнцыялу СНД, у першую чаргу, у эканамічнай сферы, паступовага фарміравання рэжыму свабоднага гандлю, актывізацыі супрацоўніцтва ўдзельнікаў Садружнасці ў галіне барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, тэрарызмам, у ваеннай сферы.

У межах Еўразійскай эканамічнай супольнасці Беларусь зацікаўлена ў нарошчванні ўзаемакаштоўнага партнерства з краінамі-ўдзельніцамі ЕўрАзЭС з націскам на сферы энергетыкі, транспарту, транзіту; паўнаважнай рэалізацыі дамоўленасцей па стварэнні Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана, якая прадугледжвае адсутнасць любых перашкод у руху тавараў паміж краінамі МС; пераводзе Мытнага саюза “тройкі” ў фармат Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП).

Рэспубліка Беларусь мае намер садзейнічаць умацаванню Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы па ўсіх напрамках яе дзейнасці (палітычнаму, ваеннаму, ваенна-тэхнічнаму, інфармацыйнаму); развіццю супрацоўніцтва ў галіне барацьбы з наркатрафікам, нелегальнай міграцыяй, міжнароднай арганізаванай злачыннасцю; умацаванню каардынацыі дзеянняў дзяржаў-удзельніц Арганізацыі; наладжванню канструктыўнага ўзаемадзеяння АДКБ з іншымі міжнароднымі і рэгіянальнымі аб’яднаннямі.

Краіны сусветнага Поўдня

Беларусь мае намер умацоўваць і пашыраць дальнюю “знешнепалітычную дугу” саюзнікаў і партнераў у азіяцкім, лацінаамерыканскім, блізкаўсходнім і афрыканскім рэгіёнах, выводзіць супрацоўніцтва з яе апорнымі кропкамі на ўзровень стратэгічнага партнёрства.

Дыверсіфікацыя гандлю, паглыбленне эканамічнай кааперацыі з краінамі названых рэгіёнаў планеты з’яўляюцца важнай перадумовай росту для экспартаарыентаванай беларускай эканомікі.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: