Русіфікацыя

Палітычная адліга пасля смерці Сталіна не мела, аднак, ніякага ўплыву на нацыянальную палітыку савецкіх улад. Падчас міжрэспубліканскай партыйнай канферэнцыі ў Ташкенце ў жніўні 1956 г. ухвалена была дэкларацыя, у якой сцвярджалася, што руская мова павінна стаць другой роднай мовай для ўсіх савецкіх народаў і элементам узбагачэння лексікі мясцовых моў. Гэтая тэндэнцыя ішла ўразрэз са спадзяваннямі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі і часткі партыйнай эліты. Гэтае асяроддзе паўсюдна чакала пашырэння роднай мовы ў публічным жыцці, спадзявалася, што сужыццё народаў Савецкага Саюза будзе наладжана на інтэрнацыяналістычных асновах. Сваю палітыку беларусізацыі спрабаваў весці І сакратар ЦК КПБ Кірыла Мазураў. Лічыў ён, так як многія іншыя камуністы, што неабходным элементам дэмакратызацыі з’яўляецца развіццё нацыянальнай культуры. Неўзабавае, аднак, калі больш выразнымі сталі прынцыпы нацыянальнай палітыкі Мікіты Хрушчова, Мазураў, як прыкладны камуніст, пакінуў свае ідэі ў карысць праграмы партыі. Паводле кіраўніцтва КПСС, русіфікацыя мела быць адным з асноўных элементаў цэментавання савецкай дзяржавы.

Падчас візіту Хрушчова ў Мінск у студзені 1959 г., прымеркаванага да 40-годдзя ўзнікнення БССР, І сакратар КПСС шматкратна паўтарыў публічна: “Чым хутчэй усе мы будзем гаварыць паруску, тым хутчэй пабудуем камунізм”. У прысутнасці членаў ЦК КПБ папракнуў ён Кірылу Мазурава за тое, што падчас урачыстай канферэнцыі ўводны даклад зачытаў на беларускай мове.

У сакавіку 1960 г. партыйную арганізацыю ў Беларусі ўзначаліў Пётр Машэраў, які даў пачатак паскоранаму пераводу школ з беларускай мовай навучання на рускую. Беларусь у канцэпцыях Машэрава, які некрытычна выконваў палітычную лінію кіраўніцтва КПСС, мела стаць мадэльным прыкладам савецкай нацыянальнай палітыкі, якой канчатковай мэтай было стварэнне на тэрыторыі СССР адзінай гістарычнай і культурнай супольнасці — савецкага народа. Значыць, вышэйшыя інтарэсы камунізму патрабавалі адрачэння ад уласнай тоеснасці, нацыянальнай свядомасці, мовы і культуры. Трагедыяй Беларусі было тое, што яе правадыры, у адрозненні ад партыйных эліт прыбалтыйскіх рэспублік, былі глыбока перакананы ў патрэбе рэалізацыі гэтай стратэгіі нацыянальнай палітыкі і рупліва ажыццяўлялі ўсе русіфікатарскія канцэпцыі.

З 1960 г. большасць культурных устаноў Беларусі стала пераходзіць на рускую мову. У 1960 г. толькі 26,5% найменняў кніг надрукаваных было на беларускай мове, а дзесяць гадоў пазней — 12,3%. Змест літаратуры на беларускай мове знеахвочваў чытачоў карыстацца кніжкамі на роднай мове. Моладзь з творчасцю класікаў беларускай літаратуры знаёмілася на аснове рускамоўных перакладаў.

Згодна рашэнню ЦК КПБ ад красавіка 1959 г. “Аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў Беларускай ССР” беларуская мова стала прадметам, якога выкладанне залежала ад волі вучняў і іх бацькоў. Выкладанне беларускай мовы ў гарадскіх школах у прынцыпе спынілася ўжо ў шасцідзесятых гадах. Навучанне на беларускай мове вялося пераважна ў вясковых і маламестачковых школах. У 1985 г. на беларускай мове працавала толькі 23% сярэдніх школ у рэспубліцы. Аднак вясковай моладзі, якая паступала на вучобу або працу ў гарады, веданне рускай мовы станавілася неабходнасцю.

Выхаваўчая сістэма, літаратура, тэлебачанне, радыёвяшчанне, савецкая кінематаграфія вучылі думаць агульнасавецкімі катэгорыямі. У свядомасці большай часткі насельніцтва Беларусь захоўвала ранг адміністрацыйнай адзінкі Савецкага Саюза, геаграфічнай краіны. Не спадарожнічалі гэтаму ніякія каштоўнасці, ствараючыя культурную, гістарычную і этнічную супольнасць. Спроба пабудаваць у Беларусі савецкі народ завяршылася немалым поспехам. Перашкодай у поўнай удачы гэтага эксперыменту стала аварыя на Чарнобыльскай АЭС, якая падарвала давер да савецкай улады. У 1988 г. археолаг Зянон Пазьняк выявіў праўду аб Курапатах. Магілы пад Мінскам, месца пакутнай смерці соцень тысяч людзей, адкрылі не толькі жудасныя злачынствы сталінскага рэжыму, але таксама двудушнасць і хлуслівасць савецкай прапагандысцкай сістэмы. Ва ўмовах гарбачоўскай перабудовы і свабоды слова таксама і ў Беларусі ўзніклі структуры апазіцыйных рухаў. Разам з дэмакратызацыяй публічнага жыцця з’явіўся пастулат адраджэння беларускіх нацыянальных каштоўнасцей.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: