Свісток

Алесь Лозка

Народныя гульні

вучэбны дапаможнiк
(вытрымкі з кнігі)

Мінск 2002

Дзіцячыя гульні

“Гусі”, дзіцячая гульня, якая развівае спрыт і лоўкасць. Вядома і пад іншымі назвамі (“Гусі-лебедзі”, “Гусі і воўк”). “Гусіная матка” ў “полі” або на лаўцы кліча “гусей” (за 20—25 м): “Гусі, да дому!”. Гусі хорам пытаюцца: “А што дома?” – “Піці і есці, але ж ваўкі дзесьці!” – “А што ім рабіць?”. Адказваюць “ваўкі”: “Гусей давіць!”, а матка – “Шэры, белы, валахаты, уцякайце ўсе да хаты!”. “Ваўкі” ловяць “гусей”, якія не дабеглі да “маткі” (зап. М.Доўнар-Запольскі ў Пінскім павеце). Гульня праводзіцца некалькі разоў, пакуль не будуць злоўлены ўсе.

У іншых рэгіёнах існуюць свае варыянты. У в.Нікольск Менскага пав. П.Дземідовіч зафіксаваў гульню, у якой удзельнічалі акрамя “воўка” і “гусей”, яшчэ і “гаспадар”, што выганяў на пашу птушак. “Воўк” меў права схапіць з сваёй засады толькі аднаго “гуся” за адзін выган. У Гомельскай вобл. Гульня папулярная і цяпер. У ёй прысутнічае дыялог “маці” з “гусямі”: “Гусі, гусі!” – “Га-га-га!”—“Есці хочам?”—“Да-да-да! Шэры воўк за гарой не пускае нас дамоў”—“Дык ляціце!”.

Літ.: Гульні, забавы, ігрышчы / Скл. А.Лозка. Мн., 1996, 2000, 2003.

“Заінька”, народная карагодная гульня. У Беларусі існуе некалькі варыянтаў з асобнымі назвамі (“Зайчык”, “У садочку”). У сярэдзіне карагода танчыць “заяц”, ён імкнецца выскачыць з кола (“Паскачы, зайка, ў дзірачку // Да выламі сабе да быліначку”), пры апошніх словах песні хапае каго-н. І становіцца на яго месца (зап. Г.Цітовіча); “заяц” выбірае з кола любога замест сябе (“Заінька, выбірай, // Шэранькі, выбірай” – Астравецкі р.); (“Зайчык, зайчык, паскачы, // На другога ўкажы” – Лельчыцкі р.), калі той, на каго ўкажа галоўны персанаж, не зловіць яго, застаецца працягваць гульню. Падобныя забавы пра зайца сустракаюцца на Поўначы, Урале, Зах., Цэнтр. і Паўдн. Расіі, Латгаліі, Украіне; сюжэты з вобразам зайца сустракаюцца і ў іншых славян: у Герцагавіне – “зечка кола”, у Польшы – гульня ў “Заёнчкі”. Этнограф А.Гура лічыць, што сувязь у іх “праследжваецца паміж шлюбнай, эратычнай і касмічнай сімволікай вобраза зайца, суадносіны яго са светам духаў”. Вобраз зайца паспаўсюджаны ў славянскай народнай культуры ў самых разнастайных формах.

Забавы

Свісток

Свісток (гулька, дудка), самаробны духавы музычны інструмент з дрэва. Вырабляўся вясною і летам з кары вярбы ці вербалозу. Асцярожна здымалася частка маладой і мяккай кары, на вызваленым белым ствале выразаліся сцізорыкам патрэбныя формы і зноў на месца насаджвалася кара з адной ці некалькімі ігравымі адтулінамі. Свісткі маглі рабіць усе дзеці.

Будова з гукарадам адносіць звычайны свісток у разрад дудак. Злучаныя побач два ці некалькі інструментаў, часцей на адной галінцы, -- называюць парныя дудкі. Недахоп падобных вырабаў заключаўся ў тым, што яны мала служылі – кара высыхала, трэскалася, і свісток прыходзіў ў непрыгоднасць. Асабліва свісткі выкарыстоўваліся на Вербны тыдзень.

Больш часу служылі свісткі і дудкі, вырабленыя са ствала маладой сасны, але яны патрабавалі і большага майстэрства. Іх рабілі дарослыя пастухі. Неабходна было ўмельства выкруціць стрыжань з роўнай галінкі без сучкоў, затым зрабіць на ім і трубцы патрэбныя нарэзы. Майстраваннем музычных інструментаў – дудак (а іх яшчэ называлі ў Беларусі пасвісцёламі, свірасцёлкамі, сапёлкамі, жалейкамі, шасцярухамі, пішчалкамі) займаліся здольныя падлеткі і дарослыя. Гэты занятак цягнецца са старажытнасці ў наш час, калі ўжо пачалі выразаць свісткі з бляхі.

Музычны інструмент добра адлюстраваны ў фальклоры («Прыехала Каляда ўвечары, прывезла дудак рэшата»).

Труба

Труба (берасцянка, дуда) – самаробны духавы музычны інструмент канічнай формы. Меў некалькі спосабаў вырабу. Сасновая трубка без стрыжня абкручвалася бяростай або бляхай. Найбольш простая труба выраблялася дзецьмі з кары алешыны, якая здымалася з дрэва ў пэўны перыяд і скручвалася ў канічную форму. Найчасцей ўстаўляўся і спецыяльны муштук для вуснаў, што вырабляўся з дрэва.

Трубой карысталіся пастухі, паляўнічыя, вайскоўцы, сяляне на каляндарных ігрышчах і музыкі. Выкарыстанне музычных інструментаў на ігрышчах асуджалася царкоўнікамі. Не раз ваенныя трубы ўпамінаюцца ў «Слове аб палку Ігаравым.»


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: