Як бавіліся пастухі

Пастушаства на Беларусі мае даўнія традыцыі, якія складаюцца з народных святаў і гульняў, звычаяў і абрадаў.

Фалькларыстамі мінулага зафіксавана нямала народных гульняў, забаў, якія выконваліся пераважна на святы пастухоў (Юр'я, Мікола і інш), або пастухамі ці пастушкамі «ў начным», ці недзе на выгане, у час пасьбы кароў, гусей ці іншай жывёлы. Асобны раздзел займаюць гульні, якія выяўляюць пастухоўскую тэматыку і выконваюцца не толькі на «прафесійнае» свята, але і «не- спецыялістамі» - пастухамі.

Абрадавай гульнёй з'яўляецца забава пастухоў на Ягор'еў дзень 6 траўня (мая), у якой асабліва ярка праяўляюцца магічныя дзеянні. Яна была зафіксавана У. Дабравольскім сярод беларусаў Смаленшчыны на мяжы ХІХ і ХХ стагодзяў. Тут пастух загадзя прызначаў ролі сярод падпаскаў («зайца», «сляпога», «калоду» і г.д.), што стаялі сярод статку, і абыходзіў іх.. Паміж пастухом і выканаўцамі роляў адбываюцца наступныя дыялогі:

--Заяц, заяц, ці горкая асіна?

--Горка!

--Дай Бог, каб і наша скацінка для звяроў была горка!..

--Сляпей, а сляпей, ці бачыш ты?

--Ня бачу!

--Дай Бог, каб і нашу скацінку ня бачыла звярынка!..

--Храмэй, а храмэй, ці дойдзеш ты?

--Не дайду!

--Дай Бог, каб і звярынка не дайшла да нашай скацінкі!..

--Замок, а замок, ці разамкнешся ты?

--Не, не разамкнуся!

--Дай Бог, каб у звера не разамкнуліся зубы ля нашый скацінкі...

--Калода, а калода, пувярнешся ты?

--Не павярнуся

--Дай Бог, каб і звер да нашай скацінкі не павярнуўся!

Падобны абыход паўтараецца тройчы, пасля чаго ўдзельнікі гэтага магічнага акту сядаюць і з'ядаюць рытуальную яечню, падрыхтаваную загадзя. У гэты дзень кароў прыводзілі з выгану раней, бо ў вёскі працягвалася пастухоўскае святкаванне з танцамі.

Ягор'еўская гульня падобна на веснавыя абрады першага выгану ў поле кароў (напрыклад, пры «запасванні гаўяда» на Палессі), дзе гаспадар браў ў рытуальную сумку хлеб, соль, «хрэшчык» (спечаны з цеста на Храшчатым тыдні), тры каменьчыкі, замок, бязмен, сякеру, курынае яйка, грамнічную свечку.

Гульні пастухоўскія характарызуюцца свабодай у выбары сродкаў і прыёмаў, складанасцю і цяжкасцю ўмоў, нават грубаватасцю. Гэта тлумачыцца тым, што дзеці былі пакінуты на прыродзе, знаходзіліся ў незвычайных абставінах (удалечыні ад хаты і бацькоў, у лесе ці ля яго) і ім патрабавалася смеласць, дужасць, кемлівасць і іншыя якасці, што ўласцівы скаўцтву. Такія дзеці раслі не «мамінымі сыночкамі», яны маглі пастаяць за сябе, выжыць у цяжкім становішчы.

У пастухоўскіх забавах часта выкарыстоўваліся адпаведныя атрыбуты: аброць, вуздзечка, пуга, сцізорык, прыродныя сродкі (пянёк, куст, трава), у адпаведных гульнях – традыцыйныя прадметы-сімвалы (замок, грамнічная свечка) і інш.

Грубаватасць у гульнях заключалася ў тым, што той, хто прайграў, атрымліваў жорсткае пакаранне («праганялі» паміж ног і «жарылі» шапкамі па спіне, «еў» зямлю і г.д.). Вось, напрыклад, якое апісанне гульняў «Софік» і «Рэпа» (на Вілейшчыне) дае даследчык з Польшчы Ф. Сяліцкі:

«Тыпова пастухоўскай была гульня ў «Софік» (яе назва няясная): кідалі сцізорык з розных пазіцый, каб убіць яго ў зямлю. Той, хто прайграў, махаў нажом прад вуснамі, а пераможца кідаў яму ў рот кавалкі дзірвану з пяском. Гульню тую апісаў вялікі беларускі празаік Янка Брыль ва ўспамінах са сваіх пастушыных гадоў. Падобным чынам заканчвалася гульня ў «Рэпу». Адзін з удзельнікаў загадваў астатнім адвярнуцца, выцінаў дзірвак дыяметрам каля 5 см, потым клаў яго назад і маскіраваў. Пасля паказваў гульцам квадрат каля паўметра і прапаноўваў цягаць за траву, каб вырваць той дзірвак. Калі хтосьці трапіў, тры разы скубянуўшы, той выйграваў, калі не, то павінен быў «есці» тую «рэпу» (падзеленную на колькасць асоб, якія прайгралі), баронячыся ад яе сцізорыкам, як было сказана вышэй».

Гульняў на пастухоўскую тэматыку было шмат. Бадай, усім вядома «Гусі і воўк» («Гусі, гусі – Га, га, га!»). У пачатку стагодзя этнограф У. Дабравольскі на Смаленшчыне запісаў гульню «Бычка пасціць», у якой «пралля» (пераапрануты ў жаночае адзенне мужчына) прадзе і пасе бычка. Тэатралізацыяй вызначалася забава «Пастушок і авечкі», вядомая ў розных кутках Беларусі.

Каршун

Існуе нямала варыянтаў гэтай папулярнай ва ўсіх рэгіёнах Беларусі гульні, хаця аснова ў іх адна. Гульцы стаяць адзін за адным, трымаючыся за пояс папярэдняга. Мэта аднаго, які стаіць насупраць перад гэтым шэрагам, схапіць апошняга.

Такі просты сюжэт у варыянтах і аднолькавыя ўмовы гульні, запісаных у ХІХ ст. у вёсцы Хонава Быхаўскага павета, хаця тэксты маюць розныя назвы. У адным («Шчука») шчупак ловіць хвост, у другім («Гусі») гусак бароніць ад воўка гусей. У «Воўка і гусей» гулялі на Вілейшчыне.

У варыянце «Воўчы хвост» «пастушка» перашкаджае «воўку» злавіць «авечку». Яна мае права схавацца ўперадзе шэрагу – у такім выпадку пачынае выконваць ролю пастушкі. Тады былы воўк займае месца авечкі, а былая пастушка становіцца воўкам. У злоўленай, якая выходзіць з шэрагу, забіраецца фант.

У некаторых варыянтах гульні («Каршун», «Каршун і качкі») пададзены дыялог каршуна з маткай, якая абараняе качак.

--Каршун, каршун, што ты робіш?

--Ямку капаю.

--Нашто табе ямка?

--Каменьчыкі шукаю.

--Нашто табе каменьчыкі?

--Іголачкі вайстрыць.

--Нашто табе іголачкі?

--Мяшочкі шыць.

--Нашто табе мяшочкі?

--Каменьчыкі збіраць.

--Нашто табе каменьчыкі?

--Тваім дзеткам зубкі выбіваць.

Каршун ловіць качак.

Гульня ў мінулым зафіксавана пад рознымі назвамі ў многіх паветах: «Шуляк» (Слонімскі), «Груган» (Дзісенскі), «Крумкач» (Менскі), «Гусі» (Навагрудскі), «Крамясь», «Воўкі і авечкі» (Пінскі), «Каршун» (Рэчыцкі і Быхаўскі), «Воўк і гусыня» (Вілейшчына), «Воўк» (Тураўшчына), «Кот» і інш.


Каляды

Для калядавання групуецца звычайна моладзь, якая вечарам ходзiць па вёсцы з вiншаваннем. Як "шчыпальнiкi" або запявала лiчыцца сярод каляднiкаў патрэбным чалавекам, так каляднiкi не абыходзяцца без дамарослага скрыпача, якi без перастанку наiгрывае часта на двухструннай сваёй скрыпцы дарогаю ад хаты да хаты i на двары гаспадароў. Падышоўшы пад акно або пад дзверы, адзiн з каляднiкаў просiць дазволу "спяваць Каляду", гаворачы: "Чi дома пан гаспадар? Чi велiш, пане гаспадару, Коледу заспеваты, чi так Коледы даты?" Атрымаўшы дазвол калядаваць, пытаюць: "Якую заспеваты песню?" Гаспадар назначае, што спяваць. Спяваюць звычайна пад вокнамi, некаторыя запрашаюць у хату; рэдка хто просiць спяваць болей адной песнi, таму што ў такiм выпадку патрэбна большае ўзнагароджанне. Звычайна за адну песню даюць пiрог, за дзве -- два, у заможных хатах акрамя пiрагоў даюць каляднiкам грошы, кiлбасы i сала, частуюць i гарэлкаю. Ходзяць каляднiкi з вечара да самай ранiцы. Калi дзе застаюць гаспадароў спячымi, каляднiкi крыкам сваiм падымаюць iх з ложкаў. Здараецца, хаця вельмi рэдка, што iм адмаўляюць калядаваць, кажучы: "У нас була Коляда" або: "Нэма дома господара". Певуны, цi таму што губляюць цераз гэта ўзнагароджанне, цi лiчаць адмову крыўдаю для сябе, а можа, прымаючы пад увагу i тое i другое разам, высмейваюць такiя хаты, накшталт гэтага:

У сiй хаты

Нэма чого даты:

Соломку тоўкуць --

Пырогы пэкуць.

Усе сабраныя пачастункi дзеляцца памiж каляднiкамi пораўну, аднаму толькi "шчыпальнiку" або запявале выдзяляецца большая частка.

(Булгаковский Д.Г. Пинчуки. СПб., 1890.)


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: