Скаканне на дошцы

Рабілі прыстасаванне для дзіцячай забавы. Невялікая дошка клалася на палена. Двое дзяцей станавіліся на канцы і па чарзе падскоквалі. Іншы раз для раўнавагі гульцы трымаліся за рукі двух сяброў, што стаялі справа і злева, або – за верхнюю перакладзену плоту калі на ніжняй была пакладзена дошка.

Этнографы фіксавалі выкарыстанне забавы вясною: А. Сержпутоўскі на Палессі – на Благавешчанне (25 сакавіка), П. Дземідовіч ў Менскім павеце – на «Хрэсцы, Пералачпост» (у сярэдзіне Вялікага посту).

Міфілагічны сэнс забавы такі ж, як і вісячых гушкалак.

Арэлі

Прыстасаванне для гушканя вісячага тыпу. Называлі яшчэ гушкалкай, гайданкай. Найбольш простае наладжвалі пры варотах, у гумне, пад дрэвамі шляхам умацавання ўверсе двух або чатырох канцоў вяроўкі.

Вось як апісваюцца арэлі больш складанага тыпу, што ладзіліся ў Себежскім павеце Віцебскай губерні: «Закапваюцца ў зямлю два моцныя слупы вышынёю да двух сажняў (1 сажань – 2,1336 м. – А.Л.) у сажаннай аджлегласці адзін ад аднаго. Паміж слупамі ўстаўляецца вал, канцы якога выпускаюць за слупы на палову аршына (1 аршын – 0,7112 м. – А.Л.) Да гэтых канцоў прымацоўваюцца крыжападобна чатыры ручкі. У сярэднюю частку вала, што паміж слупоў, прыстасоўваюцца два крыжы на адзін-палову аршына адзін ад аднаго. Паміж кожным з гэтых крыжоў ладзіцца на слізкіх валіках сядалішча са спінкамі. За ручкі, прымацаваныя звонку слупоў да вала, паварочваюць вал, а з ім разам і сядзілішча, якія робяць круг у паветры паміж слупамі.

Пры пад’ёме ўверх і апусканні ўніз сядалішча жанчыны павінны старацца, каб не раззімаліся спадніцы. Сядаюць звычайна папарна – мужчына з жанчынаю. За 15-20 абаротаў вала плаціцца ад кожнага гульца пара яек або адна капейка.

Тут жа пры арэлях на пляцоўцы размяшчаюцца музыкі са скрыпкамі і гармонямі. Каля іх збіраецца кола аматараў патанчыць і пагушкацца на арэлях...» (запіс 1882-1890 гг.).

Гэтыя «ігрышчы», па звестках інфарматара, ладзіліся пры корчмах на Пятра, Паўла (29 чэрвеня с.ст.) і Іллю (20 ліпеня с.ст.). У запісах этнографаў: на Уласа (чацвер Масленічнага тыдня) – у Менскай губерні (П. Дземідовіч), ад Вялікадня да сенакосу – у Гродзенскім павеце (І. Карскі).

Па меркаванню пажылых людзей, гушкаюцца для таго, каб лён рос доўгі і моцны. У многіх народаў гушканне – даўні рытуал дзеля паскарэння росту пасеву; звязаны з эратычнай сімволікаю, сямейна-шлюбнай магіяй, якая абараняла дзяўчат і жанчын ад розных бедаў. Раней у Грэцыі арэлі наладжвалі ў доме маладых у першую нядзелю пасля вяселля. З цягам часу сакральны сэнс гушкання згубіўся. Арэлі лічыліся «бясоўскімі ігрышчамі». Сімяон Полацкі сведчыў, што раней гушкаліся ў гонар паганскіх багоў.

Старадаўнія пісмовыя і ілюстрацыйныя матэрыялы розных краін ўтрымліваюць звесткі пра арэлі. У французскім «Рамане аб Аляксандры» (XII ст.) на адной з мініяцюр адлюстраваны забавы на арэлях. Адзін раскачвае свайго сябра на арэлях, а трэці сядзіць на лаўцы з выцягнутай нагою або на спіне яшчэ аднаго гульца. Яго задача – утрымацца на вяровачных арэлях пры ўдары ступні.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: