double arrow
Крывы танок

Беларускі веснавы карагод. Ён вядомы таксама як «Крывы танец». У асноўным пашыраны ва ўсходняй часткі Беларусі. Пад спяванне песень дзяўчаты, узяўшыся за рукі, абыходзілі «крыва» трох удзельніц (або хлопчыкаў ці калочкаў, убітых у зямлю), якія размешчаны па кутках правільнага трохкутніка. Затым карагод замыкаў ланцуг. У многіх варыянтах тэкстаў расказваецца пра нялюбага мужа («Мой нялюбы ў гуслі грае» -- Веткаўскі р-н., «Разазлю, разазлю пастылага мужа» – Смаленская губ.); праяўляецца масленічная тэматыка («Дзеўкі кашу варылі, Жоўтым маслам палівалі, Белым сырам пасыпалі» – Веткаўскі р-н); казачная таямнічасць («Як выведам канец, то ўбачым той дварэц» – Лельчыцкі р-н.) і іншыя. Карагод паходзіць з глыбокай старажытнасці і звязаны з «паганскімі» шлюбнымі ігрышчамі, аб свабодзе якіх марылі ў песнях жанчыны («Пайду ў танок, саўю вянок»). Матыў згубленага вянка (сімвал дзявочай цнатлівасці) і «засеянага поля» (сімвал пладавітасці жанчын) – асноўная ідэя песень і дзеянняў карагода. Наяўнасць трох дзяцей (бывае і чатырох) пасярэдзіне карагода, магчыма, можна тлумачыць гіпотэзай акадэміка Б.А. Рыбакова пра яго «ромба-пункцірную кампазіцыю», якая схематычна азначала плоднасць зямлі і жанчын. У Гомельскім павеце таксама вадзілі «Крывы танок» і пад песню «Ой, венча, мой венча» («Ой, я цябе звіла, я цябе ды не насіла,... А мацюхна зняла, ды й нялюбаму дала» – зап. З. Радчанка). У Чарнігаўскай губерні беларусы вадзілі карагод «Лука» вакол трох хлопчыкаў, якіх затым падымалі вышэй галавы, «штоб доўга лён радзіў» (зап. М. Косіч). Выводзяць «крывулю» і з больш сучаснымі тэкстамі песень («Ой, на рэчцы, рэчцы там дзеўка гуляла») ў Веткаўскім р-не, які з’яўляецца эпіцэнтрам сучаснага бытавання «Крывога танка», як і карагод «Страла». Балетмайстар К. Мулер выкарыстаў матыў карагода ў балеце «Князь-Возера». На Масленым тыдні, калі ў асноўным вадзілі яго, быў так званы, Крывы чацвер, на які не рэкамендавалася нічога садзіць у агародзе, акрамя агуркоў і гарбузоў.




Адзін з варыянтаў «Крывога танца» быў запісаны М. Козенка ў в. Заброддзе Лельчыцкага р-на. У 1985 годдзе. «Перад пачаткам карагода вызначаюць трох дзяўчынак або маладзейшых дзяўчат і акрэсліваюць ім месца на гульнёвай пляцоўцы так, каб пры злучэнні паміж імі ліній атрымаўся трохкутнік. У час карагода дзяўчаты могуць стаяць або сядзець на зямлі. Усе ўдзельнікі карагода становяцца адзін за адным і злучалі рукі. Па камандзе першай карагодніцы ўсё ўдзельнікі рухаюцца ўперад услед за ёй, пачынаючы з правай нагі, адначасова спяваюць:

... І на Дуна, Дунаю

Дай у крывога танца,

Дай у крывога танца

Ці не выведуць дзеўкі конца.

Вялі, вялі, да не вывелі

Шчэ й учора з вячора,

Шчэ й учора з вячора,

З цёмненькай ночы,

З цёмненькай ночы,

З вечара да поўначы.

Першая карагодніца «простым крокам» вядзе ўсіх вакол трох дзяўчынак. Дагнаўшы апошнюю, першая карагодніца злучае з ёю рукі. Карагод працягваецца па замкнутаму ланцужку.»






Сейчас читают про: