Аб прамысловай міліцыі

Пастанова Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту

і Савету Народных камісараў БССР

21 жніўня 1926 г.

 Цэнтральны Выканаўчы Камітэт і Савет Народных камісараў БССР паста­наў­ляюць:

1.  Даручыць Народнаму Камісарыяту Унутранных Спраў БССР організаваць спецыяльны кадр міліцыі пад назваю «Прамысловая Міліцыя», на якую ўскласьці:

а) ахову дзяржаўных, грамадзкіхі прыватных прадпрыемстваў і належачай ім маёма­сьці;

б) ахову грамадзкага парадку на тэрыторыі прадпрыемстваў;

в) правядзеньне дазнаньняў па справах, вынікшых на тэрыторыі прадпрыемстваў.

2.  Прамысловая Міліцыя ўваходзіць у склад агульна дзяржаўнае міліцыі і адносна ўкомплектаваньня, уз­бра­ень­ня, праў і абавязкаў, а таксама дысцыплінарнае і крымінальнае адказнасьці падпадае пад дзейнасьць усіх законаў і пастаноў, існуючых для агульнае міліцыі.

3.  У асабліва выключных выпадках прамысловая міліцыя можа быць да загаду Началь­ніка Галоўнае Упра­вы Міліцыі або Начальніка Акруговае Міліцыі часова скарыстана ў якасьці ўзброенае сілы на агульных падста­вах, як дзяржаўная міліцыя, за межамі терыторыі, якая абслугоўваецца ёю, з тым, аднак, каб такое скарыстаньне не зрабіла пэўнае страты беспасрэднай ахове прадпрыемстваў, якія абслугоўваюцца прамысловаю міліцыяю і па магчы­масьці ўзгаднялася з зацікаўленымі ўстановамі.

4.  Ахова Прамысловаю Міліцыяю гандлёвых і прамысловых прадпрыемстваў, належачых дзяржаўным і гра­мадз­кім організацыям і прыватным асобам, устанаўляецца на дагаворных асновах паміж гэтымі прад­прыемствамі і організацыямі, з аднаго боку, і органамі міліцыі, з другога боку.

5.  Прамысловая Міліцыя ўтрымоўваецца за кошт прадпрыемстваў, якія ёю ахоўваюцца. Сродкі, пасту­паючыя на ўтрыманьне Прамысловай Міліцыі, залічаюцца ў спецыяльны фонд па ўтрыманьні прамысловай мілі­цыі Народнага Камісарыяту Унутраных Спраў і расходуюцца на падставе інструкцыі, якая выдаецца Народным Камісарыятам Унутраных Спраў па згодзе з Народным Камісарыятам Грашовых Спраў БССР.

6.  Даручыць Народнаму Камісарыяту Унутраных Спраў і Народнаму Камісарыяту Юстыцыі па згодзе з зацікаўленымі ведамствамі выдаць на працягу месяцу інструкцыю аб організацыі і аб дзейнасьці Прамысловае Міліцыі.

 

Старшыня Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту БССР        А. Чарвякоў

Нам. Старшыні Савету Народных Камісараў БССР                    М. Карклін

Сакратар Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту БССР       З. Чарнушэвіч

ЗЗ БССР. 1926. № 36. С. 466–468.

Пра зьмену арт. 14

Палажэньня аб службе Рабоча-Сялянскай Міліцыі БССР

Пастанова Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту

і Савета Народных Камісараў БССР

23 чэрвеня 1927 г.

 

Цэнтральны Выканаўчы Камітэт і Савет Народных Камісараў БССР паста­наў­ляюць зьмяніць артыкул 14 «Пала­жэньня аб службе Рабоча-Сялянскай Міліцыі БССР» (З.З. БССР 1926 г., № 35, арт. 129) і зрэдагаваць яго так:

 

«14. З моманту абвяшчэньня мабілізацыі і да канца вайны работнікі міліцыі ня маюць права пакідаць службу ў мілі­цыі без належнага дазволу. Адтэрміненьні прызыву па мабілізацыі даюцца работнікам міліцыі на падставах і ў парадку артыкулаў 161–166 “Закону аб абавязковай вайсковай службе (З.З. СССР 1925 г., № 62, арт. 463).»

 

Старшыня Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту БССР               А. Чарвякоў

Старшыня Савету Народных Камісараў БССР                      М. Галадзед

Сакратар Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту БССР                А. Хацкевіч

 

ЗЗ БССР. 1927. № 29. С. 353–354.

Пра рацыяналізацыю савецкага апарату

і пра задачы для яго ўзмацненьня

Пастанова Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту Беларускай ССР,

Прынятая на II сэсіі VIII скліканьня

13 студзеня 1928 г.                                                                                   г. Мінск

 

Цэнтральны Выканаўчы Камітэт Беларускай ССР, выслухаўшы даклад Народнага Камісара Рабоча-Сялянскай Інспэкцыі тав. Калніна аб рацыяналізацыі савецкага апарату і аб задачах для яго ўзмацненьня, пастанаўляе:

1. Прыняты 22 сьнежня 1927 г. Прэзідыумам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту і Саветам Народных Камісараў БССР закон пра рэарганізацыі і спрашчэньне савецкага апарату і пра пашырэньне праў мясцовай улады зацьвердзіць.

2. Адзначыць значныя вынікі ў справе рэалізацыі савецкага апарату і пашырэньня праў мясцовых органаў улады, дасягнутыя пры актыўным удзеле ў гэтай рабоце, праз саветы, саюзы і друк, шырокіх працоўных мас.

3. Абавязаць усе народныя камісарыяты, цэнтральныя ўстановы і акруговыя выка­наўчыя камітэты ўжыць належныя захады да ажыцьцяўленьня зацьверджанага закону, а таксама намеціць далейшыя мерапрыемствы па рацыяналізацыі дзяржаўнага апарату і паляп­шэньні яго працы шляхам шырокага прыцягненьня, праз саветы, саюзы і друк, да гэтай справы працоўных мас.

4. Лічыць патрэбным і далей весьці працу па паляпшэньні дзяржаўнага апарату, пашыраючы гэту працу аж да раённых выканаўчых камітэтаў і сельскіх саветаў.

5. Даручыць Народнаму Камісарыяту Рабоча-Сялянскай Інспэкцыі канчаткова скончыць у бліжэйшы час пачатую работу па скарачэньні адміністрацыйных выдаткаў дзяржаў­ных органаў і ўстаноў, якія знаходзяцца на гаспадарчым разрахунку, у паасобку, праверыць выкананьне пастаноў Савету Народных Камісараў БССР аб скарачэньні раней на 15 проц. і пасьля на 20 проц. Адміністрацыйных выдаткаў у гэтых органах і ўстановах.

6. Даручыць народнаму Камісарыяту Рабоча-Сялянскай Інспэкцыі сыстэматычна правяраць выкананьне гэтага закону і дапамагаць ажыцьцяўленьню яго.

7. Даручыць Прэзыдыуму Выканаўчага Камітэту БССР, паводле зацьверджанага п. 1 гэтай пастановы закону, разглядзець і прыняць новыя палажэньні аб народных камісарыятах, акруговых выканаўчых камітэтах і саветах Беларускай ССР.

 

Старшыня Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту БССР         А. Чарвякоў

Сакратар Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту БССР           А. Хацкевіч

 

ЗЗ БССР. 1928. аддзел I. № 6. с. 97–99.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: