Грамадзянская вайна і інтэрвенцыя

Апазіцыйныя бальшавікам сілы спадзяваліся вырашыць крызіс праз лістападаўскія выбары ва ўстаноўчы сход. На выбары ў Магілёўскай губерні рашучую перамогу атрымала партыя эсэраў, за якую прагаласавала ў губерні 70,6% выбаршчыкаў, у той час калі за бальшавікоў, што занялі тут другое месца — толькі 12,8%. Эсэры дабіліся і агульнарасійскай перамогі.

Параза падштурхнула паплечнікаў Леніна да канчатковага пераходу на антыдэмакратычныя дыктатарскія метады кіравання. Бальшавікі ў снежні 1917 г. разагналі ўсебеларускі з’езд, на якім прапаноўвалася ўвесці нацыяльна-тэрытарыяльную аўтаномію Беларусі ў складзе Расіі, а ў студзені 1918 г. і ўстаноўчы сход Расіі. Новая ўлада стала моцна цэнтралізаванай, аўтарытарнай і мела антыбуржуазны характар. На Магілёўшчыне, як і на ўсей Расіі, уводзіўся рабочы кантроль над вытворчасцю, пачалася нацыяналізацыя прамысловасці, канфіскацыя памешчыцкіх маёнткаў, ажыццяўленне дэкрэта аб зямлі. Усе гэтыя сацыяльна-эканамічныя і палітычныя дзеянні бальшавікоў сталі найважнейшай перадумовай разгортвання грамадзянскай вайны ў краіне.

Першым на Беларусі на ўзброены супраціў савецкай улады падняўся польскі корпус легіянераў ген. І. Доўнар-Мусніцкага. У студзені 1918 г польскія часці занялі Рагачоў і Бабруйск. Для барацьбы з імі на працягу адной ночы па ўсёй Магілёўскай губерні ў якасці заложнікаў былі арыштаваны польскія памешчыкі, ды проста палякі. Пагражаючы рэвалюцыйным судом над імі Магілёўскі Савет патрабаваў ад Доўнар-Мусніцкага падпарадкавання рэвалюцыйнай Стаўцы.

Аднак савецкая ўлада на Магілёўшчыне праіснавала нядоўга. У лютым 1918 г. пасля таго як Л. Троцкі сарваў мірныя перагаворы, немцы і іх хаўруснікі пачалі наступленне па ўсім фронце ад Балтыкі да Карпат. Польскія легіянеры разбілі чырвоныя атрады ля чыгуначнай станцыі Ясень і Асіповічы і 20 лютага разам з атрадамі Вялікай беларускай рады занялі Мінск яшчэ да ўваходу ў горад германскіх войск. Паўстала рэальная пагроза акупацыі губерні. Губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт нічога не зрабіў для абароны Магілёва. Яго члены, забраўшы банкаўскія каштоўнасці і грашовыя сродкі, збеглі з горада пятага сакавіка. Чырвоная армія, якая толькі стварылася, уцякла яшчэ да падыходу праціўніка. Немцы занялі тэрыторыю па лініі Полацк – Орша – Шклоў – Магілёў – Быхаў – Жлобін – Навазыбкаў. Корпус Доўнар-Мусніцкага падпарадкаваўся германскаму камандаванню і заняў Бабруйск і Магілёў. З 12 сакавіка і да канца мая палякі кантралявалі губернскі цэнтр і ўсталявалі тут мемарыяльную дошку аб адраджэнні Рэчы Паспалітай. Па горадзе былі развешаны аб’явы з заклікам ісці на абарону айчыны і ўступаць у польскую армію. Яго аддзелы даходзілі да Чавус. Летам 1918 г. чырвоныя партызаны актыўна дзейнічалі і ў Бабруйскім павеце, дзе была ўтворана знакамітая партызанская “Рудабельская рэспубліка”.

Падпісанне ў сакавіку Германіяй і Савецкай Расіяй Брэсцкага міру 1918 г. па якому гэтыя краіны падзялялі Беларусь без згоды беларусаў, падштурхнула беларускую эліту да абвяшчэння 25 сакавіка 1918 г. незалежнай нацыянальнай дзяржавы – Беларускай народнай рэспублікі. Ідэю незалежнасці актыўна падтрымалі сябры магілёўскага Беларускага нацыянальнага камітэта. Іх намаганнямі 31 сакавіка 1918 г. у памяшканні Марыінскай гімназіі дэлегаты ад земства, нацыянальных, культурных, прафсаюзных арганізацый ухвалілі акт абвяшчэння незалежнасці БНР пры двух галасах супраць і дзевяці, што ўстрымаліся. На тэрыторыі рэспублікі разгарнуўся масавы культурна-асветніцкі рух. У складаных ваенна-палітычных умовах БНР рэалізаваць ідэю суверэнітэту не змагла, але прадэманстравала волю беларускага народа да свабоды і незалежнасці.

На неакупаванай тэрыторыі Магілёўшчыны на ўсход ад Дняпра ў 1918 г. захоўвалася савецкая ўлада. У Мсціславе дзейнічаў часовы губвыканкам. У канцы мая польскі корпус быў расфарміраваны. Часці Даўбор-Мусніцкага ў Магілёве замянілі войскі кайзераўскай Германіі, якія знаходзіліся ў горадзе да 31 кастрычніка 1918 года. Паміж Савецкай Расіяй і Германіяй была ўсталявана па Дняпры дэмаркацыйная лінія. У Магілёве стаялі нямецкія часткі, а Лупалава стала памежным савецкім горадам. На дняпроўскім мосце з савецкага і нямецкага бакоў былі выстаўлены вартавыя. Але стасункам насельніцтва і гандлю гэты кантроль не замінаў. У выніку лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі і паражэння аўстра-германскага блоку ў Першай сусветнай вайне Савецкая Расія анулявала Брэсцкі мір, і да пачатку 1919 г. войскі Чырвонай арміі занялі ўсю тэрыторыю сучаснай Магілёўскай вобласці.

Уздым беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, дзейнасць кіруючых органаў БНР, тэрытарыяльныя прэтэнзіі на землі Беларусі суседніх дзяржаў падштурхнулі савецкі ўрад да прызнання права беларускага народа на нацыянальную дзяржаўнасць. У Смаленску 1 студзеня 1919 г. было абвешчана аб стварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, у якую ўвайшла ўся тэрыторыя Магілёўшчыны. Хоць ССРБ і была фармальна сувярэннай дзяржавай, але на практыцы яна была цалкам залежнай ад Масквы. Ужо ў пачатку лютага Віцебская, Магілёўская, Смаленская губерні былі па рашэнню ЦК РКП(б) перададзены ў склад РСФСР, а Мінская, Ковенская, Віленская і Гродзенская губерні сталі асновай Літоўска-Беларускай ССР.

З красавіка 1919 г. большая частка Магілёўшчыны ўваходзіць у склад Гомельскай губерні, Мсціслаўскі павет перададзены Смаленскай, а Сенненскі – Віцебскай губерні. Органы савецкай улады, як і па ўсёй Расіі, праводзіць тут палітыку “ваеннага камунізму ”. Жорсткая харчразвёрстка, пазбаўленне значнай часткі сялянства выбарчых правоў, стварэнне для “ворагаў рэвалюцыі” працоўных лагераў выклікала рост антыбальшавіцкіх выступленняў. Адпраўка мабілізаваных у Чырвоную армію на Ўсходні фронт, для барацьбы з войскамі Калчака яшчэ больш узмацняла антыбальшавіцкі настрой беларускага сялянства і чырвонаармейцаў. У 1919 г. у паласе Заходняга фронту пракацілася хваля антыбальшавіцкіх паўстанняў. Найбольш значным з іх быў Стракапытаўскі мяцеж у Гомелі, які паўстанцы ўтрымлівалі некалькі дзён. Актыўных ўдзельнікаў мяцяжу ваенна-палявы трыбунал 16-ай арміі прыгаварыў у Магілёве да вышэйшай меры пакарання..

У гэтых умовах паспяхова развівалася наступленне польскіх войскаў. Да канца жніўня 1919 г. Чырвоная армія пакінула Асіповічы, Глуск, Бабруйск і адышла за раку Беразіна. Тут працяглы час стаяў савецка-польскі фронт. Да канца лета практычна ўся тэрыторыя ЛітБела была занятая польскімі войскамі, і рэспубліка дэ-факта спыніла існаванне. У Магілёве ў гэты час знаходзіўся штаб 16-й арміі. Ён размяшчаўся ў сённяшнім будынку абласнога краязнаўчага музея. Вяртанне зямлі памешчыкам, жорсткі акупацыйны рэжым палякаў у сваю чаргу выклікалі супраціў беларускага насельніцтва. У заходняй частцы Магілёўшчыны дзейнічалі некалі партызанскіх атрадаў, якія знаходзіліся пад кантролем беларускіх эсэраў. Шмат было партызан без пэўнай палітычнай арыентацыі, якія фактычна з’яўляліся атрадамі самааховы. У некаторых мясцовасцях сяляне змагаліся як з польскімі, так і з савецкімі войскамі. У раёне Бабруйска дзейнічалі атрады і групы чырвоных партызан.

У ліпеню 1920 г. Заходні фронт Чырвонай арміі перайшоў у наступленне, якое было скаардынавана з дзеяннямі партызан. У выніку тэрыторыя Магілёўшчыны была вызвалена з-пад польскай акупацыі. 31 ліпеня зноў была абвешчана БССР, у склад якой увайшоў Бабруйскі павет. Астатнія магілёўскія землі заставаліся ў складзе РСФСР.

 


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: