Пасляваенная разруха і палітыка НЭПа

Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918-20 гг. дорага каштавалі беларускаму народу. Рэзка скарацілася колькасць насельніцтва. Сельская гаспадарка была спустошана, жыхары краю апынулася на мяжы голаду, тысячы людзей ператварыліся ў уцекачоў. Вялікую частку зарплаты ў гарадах выдавалі пайкамі. Прамысловая вытворчасць складала толькі пятую частку ад даваеннай. Напрыканцы 1920 года палітыка “ваеннага камунізму” дасягнула свайго апагею. Быў забаронены вольны гандаль, харчразвёрстка перасягнула ўсялякія разумныя межы, у сувязі з чым сяляне напалову скарацілі пасяўныя плошчы. У гарадах пад рэквізіцыі трапляла не толькі буржуазія, але і звычайныя мяшчане, у якіх меблю, прадметы хатняга начыння забіралі да межаў “самага неабходнага”.

За час рэвалюцыі і вайны эканоміка Магілёва заняпала. Большасць гарадскіх прадпрыемстваў была спынена з-за адсутнасці сыравіны, паліва або абсталявання. Больш як дзве тысячы рабочых былі беспрацоўнымі. Пайкі хлеба працуючым магілёўцам выдаваліся нерэгулярна. Гандаль практычна адсутнічаў, а на рынку існаваў просты тавараабмен. Са 139 крамаў у павеце працавалі толькі чатыры, у якіх тавары першай неабходнасці прадаваліся па звышвысокіх коштах. Разам з холадам і голадам людзей даймалі хваробы, эпідэміі.

З-за матэрыяльных цяжкасцяў пачаліся забастоўкі. Па ўсёй Беларусі, у тым ліку на яе ўсходзе, дзейнічала сялянская палітычная арганізацыя “Зялёны дуб”. Беларускія эсэры вымушаны былі адмовіцца ад супрацоўніцтва з камуністамі і пачалі рыхтаваць узброенае паўстанне. На Беларусі пракацілася хваля моцных антыбальшавіцкіх паўстанняў. Найбольш моцнымі былі выступленні сялян Быхаўскага, Чэрыкаўскага, Горацкага паветаў. Паўстанне ахапіла і тры чвэрці сучаснага Слаўгарадскага раёна. Увесь 1921 г. працягвалася жорсткая барацьба чырвонаармейцаў з паўстанцамі, ці як іх тады называлі – “з палітычным і крымінальным бандытызмам”.

Стоячы перад рэальнай перспектывай эканамічнага і палітычнага краху, бальшавікі па ініцыятыве Леніна прыпынілі камуністычны эксперымент і адмовілася ад палітыкі “ваеннага камунізму”. У 1921 г. яны правялі шэраг разумных эканамічных мерапрыемстваў, якія атрымалі назву новая эканамічная палітыка. Замена харчразвёрсткі харчпадаткам, права сялянам выбіраць формы гаспадарання, дазвол гандлю і дробнага прадпрымальніцтва, допуск капіталістычных элементаў у эканоміку, барацьба з бюракратызмам і гаспадарчы разлік далі станоўчы эканамічны вынік.

У 1921 г. магілёўскія сяляне засеялі ўжо каля 80% пасяўных плошчаў, а ў 1925 г. сельская гаспадарка дасягнула даваеннага аб’ёму вытворчасці. Станоўчае значэнне мела правядзенне землеўпарадкавання. У выніку чаго інтэнсіўна ішла хутарызацыя сялянскіх гаспадарак.

Поспехі на вёсцы спрыялі аднаўленню прамысловасці, якая займалася галоўным чынам перапрацоўкай прадукцыі сельскай і лясной гаспадаркі. Пачалося аднаўленне дзейнасці прамысловых прадпрыемстваў. З-за адсутнасці багатых радовішчаў карысных выкапняў і блізкасці да дзяржаўнай мяжы на Беларусі праводзілася ўзважаная палітыка развіцця прамысловасці, арыентаванай на мясцовую сыравіну. У 1922 г. пасля капітальнага рамонту дала ток гарадская электрастанцыя Магілёва, пачалі выпускаць прадукцыю швейныя і шавецкія майстэрні, цагельны і тарфяны заводы, каўбасны цэх мясакамбіната. Прыводзіліся ў парадак і рамантаваліся старыя і новыя масты, у тым ліку цераз Днепр і Дубравенку, шасэйныя дарогі і чыгункі. Поспех новай эканамічнай палітыкі прывёў да адраджэння гарадской гаспадаркі і прамысловасці Магілёва, якія ў 1925 г. выйшлі на ўзровень 1913 г. У 1926 г. у Бабруйску быў закладзены буйнейшы на той час у Еўропе механізаваны дрэваапрацоўчы камбінат.

У 1924 г. у Магілёве быў створаны гараж. А ў 1925 годзе Магілёўскае аддзяленне “Белаўтапрамторга” мела 4 аўтобусы, 5 аўтамабіляў і было другім за Мінскім па агульнай колькасці аўтамашын. З пачатку 1925 года ў горадзе пачаліся рэгулярныя гарадскія пасажырскія аўтобусныя перавозкі, якія працягваліся да Вялікай Айчыннай вайны. Здзяйсняліся не толькі гарадскія, але і міжгароднія рэйсы. Асноўным маршрутам доўгія гады быў “Вал – Станцыя Магілёў” (іншая назва: “Плошча Свабоды (Савецкая) – Вакзал”).

Паспяховае завяршэнне ў 1924 г. грашовай рэформы пагасіла інфляцыю і спрыяла росту тавараабароту. Прыватны капітал, якому належала больш за 90% гандлёвых і дробных прамысловых прадпрыемстваў, садзейнічаў умацаванню эканамічных сувязяў паміж горадам і вёскай. Гэтаму ж спрыяла шырокая сетка кірмашоў, бірж, гандлёвых фірм і прадпрыемстваў. Арэнда прамысловых прадпрыемстваў стала формай дзяржаўнага капіталізму ў прамысловасці. Палітыка НЭПа праводзілася каля сямі гадоў, да надыходу “вялікага пералому” 1928-29 гг.

Ва ўмовах НЕПа з мэтай захавання кантролю над нацыянальнымі раёнамі 30 снежня 1922 г. было абвешчана стварэнне СССР, адной з чатырох дзяржаў сузаснавальніц якой стала БССР. Саюзная дамова і канстытуцыя 1924 г., нягледзячы на двойчы да гэтага прызнаную ўрадам РСФСР незалежнасць БССР, істотна абмяжоўвалі суверэнітэт рэспублікі. Тым не менш, яна захоўвала пэўную самастойнасць у галіне культуры, адукацыі і эканомікі.

Першыя ж гады існавання БССР паказалі яе нежыццяздольнасць у межах шасці паветаў былой Мінскай губерні. Па ініцыятыве кіраўніцтва рэспублікі Масква згадзілася на вяртанне Беларусі яе ўсходніх тэрыторый, якія былі перададзены ў 1919 г. у склад РСФСР. У сакавіку 1924 г. 15 паветаў з большасцю беларускага насельніцтва былі вернуты БССР, у тым ліку цэнтральная і ўсходняя частка сучаснай Магілёўскай вобласці. Яе тэрыторыя ў 1924-30 гг. уваходзіла ў склад Аршанскай, Бабруйскай, Магілёўскай і Калінінскай (цэнтр г. Клімавічы) акруг, якія ў сваю чаргу дзяліліся на раёны. У 1927 г. раёны ліквідаванай Калінінскай акругі былі далучаны да Магілёўскай. Вяртанне Магілёўшчыны Беларусі стварыла спрыяльныя ўмовы для далейшага развіцця рэгіёну, для атрымання больш значных сродкаў на капітальнае будаўніцтва і расшырэнне прамысловай вытворчасці.

Эканамічны рост спрыяў і пэўнай грамадска-палітычнай стабільнасці ў грамадстве. Да сярэдзіны 1920-х г. сфарміравалася аднапартыйная сістэма. Яшчэ ў 1921 годзе самаліквідаваліся БУНД, Яўрэйская камуністычная партыя, у 1924 – Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Адзінай кіруючай і накіроўваючай сілай стала Камуністычная партыя.

 


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: