Лекцыя 3. Лістпадаўская рэвалюцыя і пасляваенны крызіс у Германіі

1. Расстаноўка палітычных сіл у краіне ў канцы вайны.

2. Ход і вынікі рэвалюцыі.

3. Палітычныя праблемы і супярэчнасці ў Германіі пасля ўступлення ў сілу Веймарскай канстытуцыі.

4. Версальскі дагавор і палітычная барацьба ў Германіі

1. У канцы Першай сусветнай вайны Германія аказалася ў вельмі цяжкім сацыяльна-эканамічным і палітычным становішчы. Удзел у вайне каштаваў ёй 2 млн чалавек загінуўшымі, каля 4 млн было паранена, звыш 1 млн аказаліся ў палоне. Прамысловая вытворчасць у канцы вайны складала 57 % ад даваеннага ўзроўня. У краіне панаваў голад. Уся ўлада падчас вайны сканцэтравалася ў руках ваеннага кіраўніцтва на чале з П. Гіндэнбургам і Э.Людэндорфам. Сфарміраваўся фактычна ваенна-манархічны рэжым.

Людзі стаміліся ад вайны і ад матэрыяльных цяжкасцяў, выкліканых вайной. Незадавальненне вылівалася ў масавыя антываенныя выступленні і братанні на франтах. 28 студзеня 1918 г. краіна была ахоплена ўсеагульнай забастоўкай з удзелам 1,5 млн чалавек. Адным з галоўных патрабаванняў было завяршэнне вайны. Падчас забастоўкі паўсюдна ствараліся саветы рабочых дэпутатаў. Станавілася відавочным, што ў краіне нарастаў рэвалюцыйны крызіс.

У канцы вайны ў правячых колах Германіі можна было выдзяліць дзве групоўкі палітычных сіл: рэакцыйна-кансерватыўная, выступаючая за вырашэнне ўнутураных праблем ваенна-рэпрэсіўнымі метадамі і ліберальна-манархічная, гатовая выйсці з вайны і ажыццяўляць рэформы зверху ўнутры краіны. У пачатку кастрычніка 1918 г. па патрабаванню ваеннага кіраўніцтва, разумеўшага, што вайна ўжо прайграна, быў створаны ліберальны ўрад М. Бадэнскага. Яго задачы заключаліся ў пошуках выйсця з вайны і ў недапушчэнні рэвалюцыі. Урад, у склад якога былі ўключаны два сацыял-дэмакраты, накіраваў прэзідэнту ЗША В.Вільсану просьбу аб перамір'і і пачаў ажыццяўленне абмежаваных рэформ у напрамку парламентарызацыі.

У рабочым руху Германіі ў гэты час не было ні ідэйнага ні арганіазацыйнага адзінства. Найбольш уплывовай сілай была Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (СДПГ). Яна імкнулася да шырокіх сацыяльна-эканамічных і палітычных рэформ, выступала за грамадзянскія правы і свабоды, за ўсеагульнае выбарчае права і фарміраванне парламенцкай дэмакратыі ў краіне. СДПГ не прымала леварадыкальныя лозунгі і дзеянні, катэгарычна адвяргала ідэалогію і практыку бальшавізма. Падчас вайны стаяла на пазіцыях абароны Айчыны.

У красавіку 1917 г. з СДПГ выдзелілася левыае крыло, абвясціўшае сябе Незалежнай сацыял-дэмакратычнай партыяй Германіі (НСДПГ). Галоўнае яе разыходжанне ў дачыненні да СДПГ – адносіны да вайны. НСДПГ выступала супраць вайны, хаця і з пацыфісцкіх пазіцый. Партыя не чуралася рэвалюцыйных лозунгаў, разглядаючы рэвалюцыю як сродак дэмакратызацыі дзяржаўнага ладу. У рабочым руху Германіі НСДПГ займала цэнтрысцкія пазіцыі. Была значна менш уплывовай, чым СДПГ.

У межах НСДПГ існавала агульнагерманская арганізацыя левых. Спачатку гэта была група "Спартак", потым – саюз "Спартак", а на мяжы 1918–1919 гг. на яе аснове была створана Камуністычная партыя Германіі. Гэта была леварадыкальная плынь у рабочым руху Германіі, якая імкнулася ажыццяўляць прабальшавісцкую лінію і мела мэтай ўстанаўленне ў Германіі дыктатуры пралетарыята. Шырокім уплывам сярод рабочых не карысталася.

2. Абмежаваныя рэформы М. Бадэнскага прадухіліць рэвалюцыю не змаглі. Рэвалюцыйныя выступленні пачаліся 3 лістпада 1918 г. у горадзе Кіль і хутка распаўзліся па ўсёй краіне. Развіццё рэвалюцыі можна раздзяліць на тры наступныя перыяды: 1) 3–10 лістапада 1918 г.; 2) 10 лістпада – снежань 1918 г.; 3) снежань 1918 г. – студзень 1919 г.

9 лістапада рэвалюцыйныя выступленні ахапілі Берлін. Правячыя колы вымушаны была пайсці на карэнныя перамены ва ўладных структурах, каб не дапусціць паглыблення рэвалюцыі і ўзнікнення грамадзянскай вайны. Імператар Вільгельм ІІ вымушаны быў адмовіцца ад трона і пакінуць Германію. Канцлер М.Бадэнскі падаў у адстаўку, перадаўшы канцлерскую пасаду лідэру СДПГ, якая мела самую вялікую фракцыю ў рэйхстагу, Ф.Эберту. Германія была абвешчана рэспублікай, і Ф.Эберт заклікаў рабочых пакінуць вуліцы і вярнуцца да сваіх працоўных месц, аргументуючы гэта тым, што мэты рэвалюцыі дасягнуты. Ф.Эберт, як і ўсё кіраўніцтва партыі, бачыў сваю галоўную задачу ў тым, каб перавесці стыхійны рэвалюцыйны працэс у рэчышча дэмакратычных рэформ. 10 лістапада на сходзе берлінскіх саветаў быў абраны часовы ўрад – Савет народных упаўнаважаных (СНУ). У яго склад увайшлі па тры прадстаўнікі ад СДПГ і НСДПГ. Галоўнымі задачамі СНУ былі абвешчаны падрыхтоўка выбараў ва Ўстаноўчы сход і заканчэнне вайны. 11 лістпада было падпісана Камп'енскае перамір'е. Былі афіцыйна прызнаны прафсаюзы і права на падпісанне калектыўных дагавораў. Былі абвешчаны грамадзянскія правы і свабоды, усеагульнае выбарчае права, 8-гадзінны рабочы дзень і г.д.

З першых дзён існавання рэспублікі пачынаецца фарміраванне новай сітэмы палітычных партый. Частка гэтых партый, буржуазна-ліберальных па свайму характару, але, безумоўна, з рознымі адценнямі, гатова была прызнаць новыя рэаліі і працаваць у новых умовах. Сярод іх былі партыя Цэнтра, Нямецкая народная партыя, Нямецкая дэмакратычная партыя. Правакансерватыўная Нямецкая нацыянальна-народная партыя стаяла на нацыяналістычных пазіцыях і знаходзілася ў апазіцыі да створанага рэвалюцыяй рэжыма. Акрамя гэтага ў краіне дзейнічала мноства праварадыкальных арганіазацый і груп, якія мелі манархічны, нацыяналістычны характар, а часта і ваенізаваную форму пабудовы. Яны не прымалі ні вынікі вайны, ні вынікі рэвалюцыі і гатовы былі змагацца за вяртанне старых парадкаў.

Пасля стварэння СНУ палітычная барацьба ў краіне сканцэтравалася вакол пытання аб будучым Германіі. Леварадыкальныя сілы не прымалі ідэю склікання Ўстаноўчага сходу, мяркуючы стварыць у Германіі рэспубліку саветаў. Але ў снежні 1918 г. Усегерманскі з'езд Саветаў прымае рашэнне аб правядзенні выбараў ва Ўстаноўчы сход. Выбары былі прызначаны на 19 студзеня 1919 г. У гэтых умовах леварадыкальныя сілы ў пачатку студзеня арганізоўваюць у Берліне путч з мэтай захапіць уладу яшчэ да выбараў. Путч быў жорстка падаўлены арміяй, прычым найбольшую жорсткасць праяўлялі добраахвотніцкія ваенізаваныя арганізацыі.

На выбарах ва Ўстаноўчы сход перамогу атрымалі дэмакратычныя сілы: СДПГ і буржуазна-ліберальныя партыі. Яны стварылі кааліцыю, якая аказала асноўны ўплыў на распрацоўку канстытуцыі і фрміраванне органаў улады. Першым прэзідэнтам германскай рэспублікі стаў Ф.Эберт, а канцлерам – Ф.Шэйдэман. Абодва прадстаўлялі СДПГ. 11 жніўня 1919 г. канстытуцыя, распрацаваная Устаноўным сходам, уступіла ў сілу. У адпаведнасці з ёю Германія станавілася прэзідэнцка-парламенцкай рэспублікай. абвяшчаліся грамадзянскія правы і свабоды, усеагульнае выбарчае права. Канстытуцыя атрымала назву Веймарскай у сувязі з тым, што Ўстаноўчы сход праводзіў све паседжанні ў невялікім горадзе Веймары. Яна была адной з найбольш дэмакратычных у Еуропе.

3. У 1919–1923 гг. Германія, як і другія еўрапейскія краіны, перажыала пасляваенны крызіс. Менавіта для Германіі ён аказаўся асабліва цяжкім і разбуральным, што стала вынікам яе паражэння ў вайне і цяжкімі ўмовамі Версальскага міра. Да таго ж трэба дадаць, што і Лістападаўская рэвалюцыя дэстабілізавала грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне. Правыя, асабліва праварадыкальныя сілы не прымалі вынікаў ні вайны, ні рэвалюцыі. Яны гатовы былі выкарыстаць цяжкія сацыяльна-эканамічныя ўмовы жыцця падчас пасляваеннага крызіса для звяржэння дэмакратычных улад, устанаўлення дыктатуры і ліквідацыі Версальскага дагавора.

Першая спроба рэалізацыі гэтых планаў была зроблена ў сакавіку 1920 г. падчас путча Каппа–Лютвіца, які прадстаўляў сабой сумесную акцыю правакансерватыўных сіл і найбольш рэакцыйных прастаўнікоў армейскага кіраўніцтва. Але супраць путчыстаў выступілі шырокія дэмакратычныя колы краіны, у тым ліку рабочыя і буржуазна-ліберальныя партыі, прафсаюзы. Была арганізавана ўсеагульная забастоўка. У выніку путч пацярпеў паражэнне. Праз год, у сакавіку 1921 г. ужо леварадыкальныя, камуністчныя сілы арганізавалі ўзброеныя выступленні ў Сярэдняй Германіі. Але яны ў хуткім часе былі падаўлены ўладамі.

У палітычнай сістэме Веймарскай рэспублікі на першыя пазіцыі на нейкі час выходзіць СДПГ. Яна мела самую вялікую фракцыю ва Ўстаноўым сходзе і ў абраным у 1920 г. Рэйхстагу. Сацыял-дэмакрат Ф.Эберт быў да 1925 г. прэзідэнтам краіны, да 1920 г. сацыял-дэмакраты ўзначальвалі ўрад. СДПГ актыўна інтэгруецца ў дзяржаўна-палітычныя структуры краіны, выступае з пазіцый парламенцкай партыі, якая прытрымліваецца агульнадзяржаўных пазіцый. Партыя зыходзіць з таго, што Веймарская канстытуцыя дае магчымасці мірнага, рэфармісцкага перахода да сацыялізма. Другая партыя сацыял-дэмакратычнага спектра – НСДПГ – перажывае цяжкія часы. у 1920 г. у ёй адбываецца раскол і левая большасць партыі далучаецца да КПГ. Правая меньшасць ў 1922 г. аб'ядналася з СДПГ. У рабочым руху засталіся дзве плыні: рэвалюцыйная і рэфармісцкая.

Камуністычная партыя Германіі таксама перажывала цяжкія часы. Яе палітыка характарызавалася хістаннямі злева направа і наадварот. Але пераважалі ультралевыя тэндэнцыі. У студзені 1921г., хутка пасля аб'яднання з левай часткай НСДПГ, партыя пад уплывам прагматыкаў выступіла з адкрытым пісьмом да ўсіх рабочых партый і арганізацый з заклікам да сумеснай барацьбы за паўсядзённыя інтарэсы працоўных, але ўжо ў сакавіку 1921 г. ультралевыя сілы ў партыі аргаізавалі авантурыстычны пучт у Сярэдняй Германіі, што ў выніку паставіла партыю ў вельмі складанае становічша.

4. Пасля падпісання Версалькага мірнага дагавора праблема яго выканання ці не выканання перайшла ў цэнтр палітычнага жыцця краіны. Супраць дагавора выступілі ўсе палітычныя сілы. Пры гэтым партыі Веймарскай кааліцыі выступалі за выкананне дагавора і адначасова за актыўную дыпламатычныю барацьбу з мэтай змяніць яго ў лепшы для Германіі бок. Партыі правага фланга і рознага адцення нацыяналістычныя арганізацыі прытрымліваліся "палітыкі катастроф", ці невыканання дагавора і ў першую чаргу невыплаты рэпарацый. Буржуазныя ўрады Германіі, якія знаходзілся ва ўладзе пасля выбараў 1920 г. пайшлі на пашырэнне адносін з Савецкай Расіяй з мэтай умацавання знешнепалітычных пазіцый Германіі і аказання ціску на заходнія краіны. У красавіку 1922 г. быў падпісаны вядомы Рапалльскі дагавор, які адкрываў магчымасці для шырокага супрацоўнцтва паміж дзвюма краінамі.

У канцы 1922 г. Германіі быў створаны непартыйны па свайму характару ўрад на чале з буйным прадпрыймальнікам В.Куно. Ен абвясціў "палітыку катастроф". У адказ на гэта Францыя і Бельгія акупіравалі ў студзені 1923 г. Рурскую вобласць Германіі з афіцыйнай мэтай вымусіць апошнюю плаціць рэпарацыі. У выніку акупацыі Рура Германія страціла 88% дабычы вугля, 70 % выплаўкі чугуна, 40 % выплаўкі сталі. Гэта абазначала, што ўся сістэма сацыяльна-эканамічнага жыцця Германіі была пастаўлена ў катастрафічны стан. Урад Куно пры падтрымцы палітычных партый і прафсаюзаў абвясціў палітыку пасіўнага супраціўлення. Краіна аказалася ў стане фінансава-эканамічнага хаоса і сацыяльнай нестабільнасці. права- і леварадыкальныя элементы выкарыстоўвалі гэтую сітуацыю і рыхтаваліся да чарговых авантур. У гэтых умовах у жніўні 1923 г. урад В.Куно выходзіць у адстаўку. Новы кааліцыйны ўрад на чале з вядомым палітыкам Г.Штрэземанам атрымоўвае надзвычайныя паўнамоцтвы для пераадолення крызіснай сітуацыі. У верасні была адменена палітыка пасіўнага супраціўлення.

У кастрыніку 1923 г. камуністы, выкарыстоўваючы надзвычай складаную сітуацыю ў краіне робяць спробу арганізаваць рэвалюцыйныя выступленні. Аднак яна заканчваецца поўным правалам

У літападзе 1923 г. у Мюнхене так званы піўны путч арганізавалі нацысты на чале з А. Гітлерам. Путч дастаткова лёгка быў разагнаны паліцыяй, а яго кіраўнікі аказаліся ў турме. Нацыянал-сацыялістычная нямецкая рабочая партыя (НСДАП) была створана ў 1919 г. і называлася спачатку Нямецкая рабочая партыя (ДАП). У 1920 г. яна змяніла назву пасля таго, як яе ўзначаліў Гітлер. Партыя стаяла на ультранацыяналістычных пазіцыях, прытрымлівалася вядомых яшчэ з ХІХ ст. ідэй "кансерватыўнай рэвалюцыі", якая павінна была прывесці да нямецкага ці прускага сацыялізма.. НСДАП хутка выдзелілася сярод мноства нацыяналістычных арганізацый, створаных пасля вайны, і папала з 1920 г. пад апякунства "Германскага ордэна" і яго духоўнага цэнтра "Туле". Путч 1923 г. зрабіў нацыстскую партыю вядомай ва усёй краіне, і яна паступова ператваралася ў арганізацыю ўсегерманскага маштаба.

Разгром камуністычнага і нацыстскага путчаў восенню 1923 г. знамянаваў сабой пераход да палітычнай, а ў хуткім часе і эканамічнай стабільнасці.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: