Лекцыя 4. Германія падчас стабілізацыі і сусветнага эканамічнага крызіса. 1. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Германіі ў гады стабілізацыі

1. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Германіі ў гады стабілізацыі.

2. Палітычнае становічша ў краіне

3. Асаблівасці сусветнага эканамічнага крызіса ў Германіі

4. Палітычная сітуацыя ў крыіне пад час СЭК.

5. Фашызм і антыфашысцкая барацьба.

1. Стабілізацыя пачалася ў Германіі як і ў большасці краін Захада ў 1924 г. Яна абазначала ў першую чаргу стабілізацыю эканомікі, яе паступальнае і дынамічнае развіццё. Такі стан эканомікі быў дасягнуты пры дапамозе жорсткай палітыкі эканоміі, якую праводзіў урад Г.Штрэземана. Эканомія ажыццяўлялася ў першую чаргу за кошт расходаў на сацыяльныя патрэбы, пры дапамозе надзвычайных дэкрэтаў урада, якіх на мяжы 1923–1924 гг. было прынята каля 60. З другога боку, ажыўленню германскай эканомікі садзейнічалі замежныя крэдыты, якія краіна атрымоўвала ў адпаведнасці з планам Дауэса. З 1924 г. па 1930 г. агульная сума гэтага крэдытавання склала 63 млрд марак. Грошы ішлі на аднаўленне і мадэрнізацыю прамысловасці, на структурную перабудову эканомікі, на развіццё энергетыкі і сістэмы камунікацый і г.д. Ужо ў 1926 г. стаў відавочным эканамічны пад'ём. У 1929 г. узровень вытворчасці склаў 117 % ад узроўня 1913 г. Па асноўных прамысловых паказчыках Германія выходзіць на 2–3 месцы ў свеце.

Ажыўленне эканомікі прывяло да значнага паляпшэння становішча працоўных. Скарацілася беспрацоўе, павысілася зарплата, распрацоўваліся сістэмы сацыяльнай дапамогі. Нягледзячы на тое, што ўзровень жыцця ў Германіі заставаўся адным з самых нізкіх ў Еўропе, яго пазітыўная дынаміка забяспечыла стабільнасць сацыяльных адносін і ў першую чаргу нізкі ўзровень забастовачнай барацьбы

2. На мяжы 1923–1924 гг. правячым колам нямецкай буржуазіі ўдалося пераадолець палітычны хаос у краіне, значна ўмацаваўшы свае кіруючыя пазіцыі. З 1923 па 1928 гг. ва ўладзе знаходзіліся чыста буржуазныя ўрады. У 1925 г. прэзідэнтам краіны быў абраны фельдмаршал Пауль фон Гіндэбург, чалавек і палітык кансерватыўнага тыпа з нацыяналістычнымі і манархічнымі поглядамі. СДПГ была ў апазіцыі, але заставалася буйнейшай і найбольш уплыовай партыяй Германіі. Яна стала ўжо часткай дзяржаўна-палітычнай сістэмы, разглядала Веймарскую рэспубліку як народную дзяржаву і лічыла, што дзеючая канстытуцыя дазваляе працоўным Германіі будаваць сацыялізм мірным, рэфармісцкім шляхам. У новую праграму партыі, прынятую на Гейльдербергскім з'ездзе ў 1925 г., былі ўключаны паняцці аб "арганізаваным капіталізме", і "гаспадарчай дэмакратыі", якія на думку сацыял-дэмакратаў сведчылі аб перамене сутнасці капіталізма і аб новых магчымасцях перахода да сацыялізма. Гэтыя лозунгі сталі цяпер галоўнымі ў палітычнай дзейнасці СДПГ.

Камуністычная партыя Германіі пасля некалькіх гадоў леварадыкальнай палітыкі і авантурыстычных спроб рознамаштабных путчаў страціла аўтарытэт і падтрымку ў масах. У 1925 г. пры ўмяшанні Камуністычнага Інтэрнацыянала было заменена кіраўніцтва партыі. Яе ўзначаліў Э. Тэльман. Пошукі новай палітыкі прывялі ў 1926 г. да сумеснай акцыі з СДПГ і прафсаюзамі па правядзенні рэферэндума супраць кампенсацыі звергнутым падчас рэвалюцыі дынастыям за канфіскаваную маёмасць. Рэферэндум выйграць не ўдалося, але пазіцыі партыі ў масах былі значана ўмацаваны.

Несумненнымі былі поспехі Германіі і на міжнароднай арэне. План Даўэса стабілізаваў рэпарацыйную праблему. Адначасова было прынята рашэнне аб выдзяленні Германіі міжнародных крэдытаў і аб вывадзе франка-бельгійскіх войск з Рурскай вобласці. На Лакарнскай канфэрэнцыі 1925 г. Германія атрымала юрыдычнае роўнапраўе з другімі краінамі і ў 1926 г. была прынята ў Лігу Нацый. Германа-савецкі дагавор аб ненападзеад 24 красавіка 1926 г. пашыраў магчымасці ўсебаковага супрацоўніцтва краіны з Савецкім Саюзам.

3. Сусветны эканамічны крызіс аказаў асабліва моцнае і разбуральнае, у параўнанні і другімі краінамі Еўропы, уздзеянне на сацыяльна-эканамічнае і палітычнае развіццё Германіі. Гэта было выклікана паражэннем ў вайне, стратай усіх калоній, неабходнасцю плаціць рэпарацыі. За гады крызіса прамысловая вытворчасць скарацілася на 58 %, сельскагаспадарчая – на 31%. Частка Германіі ў сусветнай прамысловай вытворчасці скарацілася з 14,6 % да 8,9 %. Была дэзарганізавана фінансавая сістэма. Крызіс меў вельмі цяжкія сацыяльныя наступствы. Зарплата скарацілася на 47 %. Колькасць беспрацоўных дасягала 8 млн, дпамогу атрымоўвалі толькі 19 % з іх. Адбываліся працэсы масавага разарэння сялян, рамеснікаў, дробнай гарадской буржуазіі, банкроціліся буйныя банкі і прамысловыя прадпрыемствы. У гэтых складаных умовах Германія тым не менш вымушана была да 1931 г. плаціць рэпарацыі. Пад уздзеяннем крызіса ў краіне абвастраюцца сацыяльныя і палітычныя супярэчнасці.

4.Пад уздзеяннем крызіса карэнным чынам змяніліся палітычнаая сітуацыя ў краіне. Найбольш характэрнай рысай было рэзкае ўзмацненне праварадыкальных (нацысты) і леварадыкальных (камуністы) сіл і аслабленне парламенцка-рэфармісцкіх партый. У Рэйхстагу фарміруюцца тры адпаведныя блокі, што робіць яго практычна недзеяздольным. Урад і прэзідэнт усё больш пераходзяць да выкарыстання надзвычайных дэкрэтаў, адхіляючы тым самым ад кіраўніцтва краінай Рэйхстаг. У 1930 г. такіх дэкрэтаў было прынята 5, у 1931 г. – 44, у 1932 г. – 66. Часта праводзімыя выбары і частыя змены ўрадавых кабінетаў вынікаў не давалі. Адстаўка ўрада Брунінга ў маі 1932 г. сведчыла аб пераходзе кіруючых эліт ад процістаяння фашыстам да пошукаў кампраміса ці пагаднення з імі. Тым часам ваенізаваныя нацыстскія атрады СА ажыццяўлялі тэрор на вуліцах нямецкіх гарадоў. Урад паступова страчваў кантроль над сітуацыяй у краіне. Прадстаўнікі буйных манаполій рабілі стаўку на сілавыя метады выйсця з крызіса. У канцы 1932 – пачатку 1933 гг. большасць з іх у якасці такой сілы канчаткова выбіраюць нацыстаў.

5. Сусветны эканамічны крызіс стварыў спрыяльныя ўмовы для рэзкага ўзлёту ўплыву нацыянал-сацыялістычнай партыі. На выбарах у Рэйхстаг у 1930 г. нацысты атрымалі ў 8 разоў больш галасоў, чым на папярэдніх, а ў 1932 г. гэта колькасць была больш чым падвоена, і партыя атрымала самую вялікую фракцыю ў Рэйхстагу. Дзве галоўныя ідэі прываблівалі розныя слаі насельніцтва да падтрымкі партыі: вялікасць Германіі і дабрабыт немцаў. За гады пасля путча ў Мюнхене партыя была кансалідавана, была распрацавана і замацавана ідэалагічная база і арганізацыйная структура, сфарміравалася унутры- і знешнепалітычная стратэгія. У цэнтры нацыстскай дактрыны знаходзілася ідэя стварэння трэццяга рэйха – магутнай дзяржавы арйскай расы. Партыя прадстаўляла сабой жорстка цэнтралізаваны, актыўна дзейнічаючы і паслухмяны ў руках фюрэра механізм. Яна ўсё больш прываблівала ўвагу палітычных і фінансава-эканамічных эліт кансерватыўнага накірунку, як надзейная сіла для вырашэння праблем, выкліканых не толька крызісам, а і вайной і рэвалюцыяй. Тым больш, што прадуманая сацыяльная прапаганда прыцягвала ўвагу масы беспрацоўных і пацярпеўшых ад крызіса дробных гандляроў, рамеснікаў і буржуа, якія папаўнялі яе рады, ператвараючы партыю ў самую масавую палітычную сілу. У гэтых умовах НСДАП атрымоўвае ўсё больш узрастаючую фінансавую дапамогу ад прамыслова- фінансавых і аграрных колаў. Пачынаючы з канца 1931 г. буйнейшыя арганізацыі нямецкіх прадпрымальнікаў і аграрыяў усё больш настойліва патрабуюць ад прэзідэнта перадаць уладу Гітлеру, зыходзячы з таго, што нацыянал-сацыялісты з'яўляюцца адзінай у краіне сілай, здолнай не дапусціць спаўзання Германіі да поўнага краху.

Антыфашысцкія сілы Германіі ў адрозненні ад свайго праціўніка былі раздроблены ідэйна і арганізацыйна. Іх можна умоўна раздзяліць на тры групы: ліберальна-парламенцкія буржуазныя партыі, СДПГ, камуністы. Першыя дзве групы па многіх праблемах знаходзілі паразуменне паміж сабой. Іх аб'ядноўвала агульная мэта – не даць нацыстам ліквідаваць у краіне сістэму парламенцкай дэмакратыі. Гэта давала ім магчымасць супрацоўнічаць пры вырашэнні многіх пытанняў. Камуністы ж, будучы праціўнікамі нацызма, зыходзілі з таго, што не дапусціць устанаўлення ў Германіі нацыстскай дыктатуры можна толькі шляхам сацыялістычнай рэвалюцыі і ўстанаўлення дыктатуры пралетарыята. Безумоўна, што такая пастаноўка задач пазбаўляла камуністаў магчымасці ажыццяўляць якія-небудзь сумесныя дзеянні з першымі дзвюма групамі антыфашысцкіх сіл. Яны лягчэй знаходзілі падчас паразуменне з нацыстамі пры вырашэнні сваіх тактычных задач. У выніку ўсяго гэтага наступленне рэакцыі і фашызма не сустрэла супраціўлення з боку аб'яднанага фронта антыфашысцкіх сіл. 30 студзеня 1933 г. Гітлер стаў канцлерам Германіі і распачаў шлях да ўстанаўлення ў Германіі рэжыма таталітарнай фашысцкай дыктатуры.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: