Лекцыя 6. Францыя падчас пасляваеннага крызіса і стабілізацыі

1. Вынікі вайны для Францыі

2. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае развіццё краіны ў 1919–1923 гг.

3. Францыя ў перыяд урадаў Левага блока.

4. Францыя ў перыяд урадаў "Нацыянальнага яднання".

1. Францыя адносілася да катэгорыі краін-пераможцаў у Першай сусветнай вайне, што значна ўмацоўвала яе пазіцыі ў пасляваеннай Еўропе. Разам з тым, наступствы вайны былі для краіны вельмі складанымі. Матэрыяльныя страты, выкліканыя вайной, складалі 200 млрд. франкаў, 10 паўночных дэпартаментаў – цэнтры цяжкай металургічнай і вуглездабываючай вытворчасці – былі разбураны ваеннымі дзеяннямі. Прамысловая вытворчасць скарацілася за гады вайны на 55 %, а сельскагаспадарчая – на 77 %. Запазычанасць Англіі і ЗША дасягнула 62 млрд. залатых франкаў. У выніку рэвалюцый у Расіі, Турцыі і Аўстрыі Францыя страціла 40 % сваіх замежных інвестыцый. У 1919 г. дэфіцыт бюджэта складаў 27 млрд. франкаў. Перавод эканомікі на мірны шлях прывёў да зацяжнога крызісу, які працягваўся да 1921 г.

З другога боку, пасляваеннае аднаўленне эканомікі суправаджалася яе структурнай перабудовай, канцэнтрацыяй вытворчасці, асабліва у новых галінах: аўтамабільнай, авіяцыйнай, хімічнай і г.д. Далучэнне Эльзас-Латарынгіі, права на 15-гадовую эксплуатацыю Саарскага вугальнага басейна, 52 % рэпарацый з Германіі садзейнічалі ўмацаванню эканамічнага патэнцыяла краіны. Францыя таксама пашырыла сваю каланіяльную імперыю, атрымаўшы мандат на Сірыю і Ліван, а таксама на палову тэрыторыі Тога і Камеруна. яна мела самую моцную сухапутную армію ў Еўропе.

2. Перыяд пасляваеннага крызіса характарызаваўся абвастрэннем сацыяльных супярэчнасцяў. Уся краіна была ахоплена забастовачнай барацьбой. Яе пік прыйшоўся на 1919 г., калі ў забастоўках удзельнічала звыш 1 млн чалавек. У 1920 г. баставалі чыгуначнікі, докеры, металургі, будаўнікі. У выніку масавага незадавальнення і забастовак быў уведзены 8-гадзінны рабочы дзень, прафсаюзы атрымалі права заключаць калектыўныя дагаворы. У 1919 г. заработная плата была павышана на 20–25 %.

Абвастрэнне сацыяльных і палітычных супярэчнасцяў прывяло да радыкалізацыі рабочага руху. Гэта праявілася ў расколе сацыялістычнай партыі ў 1920 г. і стварэнні на базе яе левага крыла камуністчнай партыі. У 1922 г. адбыўся раскол і ў прафсаюзах – Усеагульнай канфедэрацыі працы. Адна яе частка пайшла за сацыялістамі. Другая – за камуністамі.

Буржуазныя палітычныя сілы ва ўмовах актывізацыі рабочага руху імкнуліся да кансалідацыі. Напярэдадні парламенцкіх выбараў 1919 г. яны аб'ядноўваюцца ў Нацыянальны блок, які прадстаўляў сабой увесь спектр рэспубліканскіх партый ад ліберальных да правакансерватыўных. Па характару гэта былі правацэнтрысцкія сілы, якія занялі правы фланг у палітычным жыцці краіны. Злева былі сацыялісты, у цэнтры знаходзілася партыя радыкалаў.

На выбарах 1919 г. Нацыянальны блок атрымаў перамогу. Урады нацыянальнага блока ажыццяўлялі правакансерватыўны курс. У галіне ўнутранай палітыкі галоўным было пераадоленне фінансавых цяжкасцей. У галіне знешняй – імкненне стварыць ў Еўропе сістэму бяспекі ад магчымых рэваншысцкіх пагроз з боку Германіі. З гэтай мэтай у 1920–21 гг. пад эгідай Францыі была створана Малая Антанта, у склад якой увайшлі Румынія, Югаславія, Чэхаславакія. Гэтыя краіны былі таксама звязаны з Польшчай, а апошняя – з Францыяй. Таму Польшча мела непасрэднае дачыненне да гэтай сістэмы.

У студзені 1923 г. Францыя ўводзіць свае войскі на тэрыторыю Рурскай вобласці Германіі з мэтай прымусіць апошнюю плаціць рэпарацыі. Была і другая, даўняя ўжо мэта – умацаваць свае пазіцыі ў Еўропе з надзеяй на лідэрства. Але ўсе планы, звязаныя з Рурскай авантурай праваліліся. Гэта прывяло да краху ўрадаў Нацыянальнага блоку.

3. У 1924 г. ў Францыі пачаўся перыяд стабілізацыі, які працягваўся да 1930 г. За гэты час краіна пераўтварылася ў індустрыяльна-аграрную. Ужо ў 1924 г. аб'ём прамысловай вытворчасці перавысіў даваенны ўзровень, а ў аграрным сектары дасягнуў гэтага узроўню. У 1930 г. аб'ём вытворчасці на 40% пераўзыходзіў паказчыкі 1913 г.

У 1924 г. у Францыі адбыліся парламенцкія выбары, на якіх барацьба ішла паміж Нацыянальным блокам і Левым блокам, у склад якога ўваходзілі партыя радыкалаў, сацыялістычная партыя, партыя рэспубліканскіх сацылістаў і інш. Перамогу на выбарах атрымаў Левы блок. Урад Левага блока ўзначаліў вядомы французскі палітык, лідэр партыі радыкалаў Э.Эррыо. Палітыка Францыі значна змянілася. Была праведзена палітычная амністыя, лібералізаваліся ўмовы для дзейнасці партый, былі адноўлены на рабоце чыгуначнікі, звольненыя за ўдзел у забастоўцы 1920 г. У аснове знешняй палітыкі ляжалі прынцыпы пацыфісцкай дыпламатыі: арбітраж, бяспека, раззбраенне. Францыя далучылася да плана Дауэса, вывела войскі з Рурскай вобласці, устанавіла дыпламатычныя адносіны з СССР. Аднак былі і сур'ёзныя цяжкасці і праблемы. На Лакарнскай канферэнцыі стала відавочным аслабленне французскіх пазіцый у Еўропе. Каланіяльныя войны ў Марока і Сірыі негатыўна адбіваліся на фінансава-эканамічным становішчы краіны, якое і так было вельмі складаным. Рэзка падаў курс франка. У гэтых умовах у ліпені 1926 г. урад Левага блока выходзіць у адстаўку.

4. У 1926 г. фарміруецца шырокая кааліцыя ў складзе партый Нацыянальнага блока, а таксама радыкалаў і рэспубліканскіх сацыялістаў ад былога Левага блока. Лідэрам кааліцыі, атрымаўшай назву "Нацыянальнае яднанне", стаў вядомы французскі палітык Раймон Пуанкарэ. Галоўная задача кааліцыі заключалася ў стабілізацыі фінансавай сферы, якая знаходзілася ў стадыі сур'ёзнага крызісу. Урад Пуанкарэ для дасягнення мэты вымушаны быў пайсці на непапулярныя меры. Ён пераходзіць да палітыкі жорсткай эканоміі. Былі павышаны ўскосныя падаткі, скараціліся бюджэтныя выдаткі на сацыяльныя праграмы, была праведзена дэвальвацыя франка на 4/5 у параўнанні з 1913 г. Акрамя гэтага ўрад атрымаў англа-амерыканскія займы. У выніку гэтых і другіх крокаў у 1928 г. фінансавая сістэма была стабілізавана. Р. Пуанкарэ атрымаў назву "выратавальніка франка". Пасля стабілізацыі фінансаў у 1928 г. быў прыняты закон аб сацыяльным забеспячэнні, які меў на ўвазе ўвядзенне пенсій па старасці, а таксама дапамогі пры хваробе, інваліднасці і цяжарнасці для бяднейшых слаёў насельніцтва. Яшчэ ў 1926 г. была ўведзена дапамога для беспрацоўных.

У аснове знешняй палітыкі ўрадаў "Нацыянальнага яднання" ляжала пан'еўрапейская ідэя, якая мела на ўвазе эканамічную і і палітычную інтэграцыю Еўропы пад французскай эгідай. У сувязі з гэтай ідэяй у 1930 г. А.Брыян прапанаваў праект аб'яднання Еўропы, які аднак, не быў падтрыманы другімі дзяржавамі. З другога боку працягваўся курс на пацыфісцкія прынцыпы міжнародных адносін. У гэтым сэнсе асабліва характэрным быў пакт Брыяна–Келлага ад 1928 г.

На выбарах 1928 г. пераканаўча перамаглі партыі "Нацыянальнага яднання" на чале з Р.Пуанкарэ. Аднак пасля выбараў кааліцыя пачала развальвацца. Першай з яе выйшла партыя радыкалаў, дзе змянілася кіраўніцтва. Пасля адстаўкі ў 1929 г. у сувязі з цяжкай хваробай Р.Пуанкарэ "Нацыянальнае яднанне" зышло з палітычнай арэны.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: