Беларуска-Літоўская дзяржава ў канцы XV - сярэдзіне XVI ст. Лівонская вайна і яе вынікі

3 канца XV ст. усходні сусед княства — Маскоўская дзяржава, якая набірала моц,— пачала збіранне ўсходнеславянскіх зямель, што складалі некалі старажытную Русь. У 50—80-ыя гг. XV ст. адносіны паміж Вялікім княствам Літоўскім, Рускім, Жамойцкім і Маскоўскай Руссю рэгуляваліся дагаворам 1449 г. Казіміра і Васілія II, які ў гістарычнай літаратуры кваліфікуецца як «вялікі акт падзелу Русі паміж Масквою і Вільняй».

У 1494 г. быў заключаны новы мірны дагавор паміж суседнімі дзяржавамі. Іван III і Аляксандр змацавалі сваімі подпісамі дакумент, паводле якога «ліцвінскі» бок прызнаваў усе ад'езды «вярхоўскіх» князёў і далучэнне да Масквы іх уладанняў, а таксама адмаўляўся «на вечныя часы» ад прэтэнзій на Ноўгарад Вялікі, Пскоў, Цвер, Разань. Іван III у сваю чаргу пацвердзіў абавязацельства Васіля II не «вступатся» у Смаленск. Аднак гэтага мірнага дагавора хапіла толькі на 6 гадоў.

У XVI ст. Вялікае княства Літоўскае і Маскоўская дзяржава знаходзіліся ў стане вайны паміж сабою: Ваеннае сутыкненне зноў жа было справакавана дзейнасцю праваслаўных князёў пагранічных зямель княства. У канцы 90-ых гг. XV ст. на бок Масквы перайшлі князі Сямён Бельскі, Сямён і Іван Мажайскія, Васіль Шамяціч. Пад уладай Рускай дзяржавы аказаліся багатыя воласці з гарадамі Ноўгарад-Северскі, Чарнігаў, Старадуб, Гомель і інш. Такое развіццё падзей, натуральна, не магло не прывесці да ваеннага канфлікту. Вынікам пераможнай для Маскоўскай дзяржавы вайны з'явіўся мірны дагавор 1503 г., па якому да Масквы афіцыйна былі далучаны Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Гомель, Бранск, Пуціўль, Старадуб, Мцэнск.

XVI ст., такім чынам, для Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага пачалося няўдала — са страты значнай тэрыторыі ўсходніх зямель. Аднак на гэтым беды не скончыліся. Нявырашанае «рускае» пытанне, якое раздзірала ўнутранае адзінства Вялікага княства з канца XIV ст., дало аб сабе знаць і ў новым стагоддзі. Гаворка ідзе аб так званым паўстанні Глінскага — самым буйным палітычным выступленні на тэрыторыі беларускіх зямель пасля феадальнай вайны 30-ых гг. XV ст.

На чале выступлення стаў князь Міхаіл Глінскі. Прыбліжаны ў свой час да вялікага князя Аляксандра, Глінскі быў адукаваным, тонкім палітыкамдыпламатам, аднак грашыў палітычным авантурызмам. Атрымаўшы адстаўку пры двары Жыгімонта I, славалюбівы князь адкрыта выступіў і супраць новага «гаспадара», і супраць свайго асабістага ворага і канкурэнта ваяводы трокскага Яна Заберазінскага. Разам з тым вопытны палітык, які ведаў стан спраў у дзяржаве і настроі розных колаў насельніцтва Вялікага княства, Міхаіл Глінскі добра разумеў, што можа разлічваць на поспех свайго дастаткова авантурнага пачынання толькі пры падтрымцы шырокага фронта сепаратысцкі настроеных феадалаў і насельніцтва «рускіх» зямель княства, якія выступалі супраць каталіцкай экспансіі. Невыпадкова ён распаўсюджваў чуткі, што хутка ўсіх праваслаўных у Вялікім княстве пачнуць гвалтоўна абарачаць у каталіцкую веру.

Разумеючы, што без моцнага знешняга саюзніка не абысціся, Міхаіл Глінскі заручыўся падтрымкай Масквы. Падчас вайны паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай, якая пачалася ў 1507 г., Васілю III было з рукі «ўзбунтаванне» прыгранічных тэрыторый свайго праціўніка, што давала дадатковыя шанцы на лёгкую перамогу. А дзеля аслаблення магутнага заходняга суседа маскоўскі ўрад мог пайсці і на стварэнне марыянетачнага буфернага княства. Практычна ў ідэале такі зыход мяцяжу і прадугледжваўся. Аб гэтым сведчыць змест перагавораў паміж прадстаўніком Васіля III Губай Маклокавым і Міхаілам Глінскім. На іх ішла гаворка аб сумесных баявых дзеяннях, а таксама аб перадачы пад уладу Глінскага захопленых зямель: «м которые лнтовскне городы возьмут н на тех гродех сндетн мм, а велнкому князюв те гроды не вступатмся, н на том на всем велнкого князя дьяк Губа Маклоков правду дал».

Цэнтрам паўстання стаў горад Тураў — спадчыннае ўладанне князёў Глінскіх. Адсюль князь Міхаіл са сваім атрадам пайшоў да Мазыра і, як паведамляла «Хроніка Літоўская і Жамойцкая». Сумесна з маскоўскім войскам атрады Глінскага ўзялі ў аблогу Менск. Аблога суправаджалася рэйдамі асобных падраздзяленняў «мало не до Внльнн». Атрад пад камандаваннем Андрэя Дажджа хадзіў пад Слуцк; Дзмітрыя Жыжэмскага і Андрэя Лукомскага — да Наваградка.

Размах паўстання прымусіў Жыгімонта падрыхтаваць для барацьбы з «бунтаўнікамі» шматлікае польска-ліцьвінскае войска. Падраздзяленні Глінскага супрацьстаяць яму не маглі, таму пачалі адыходзіць да Оршы, дзе былі сканцэнтраваны асноўныя сілы арміі Маскоўскай дзяржавы. Пры набліжэнні да Оршы ваенных злучэнняў Жыгімонта рускія палкі сумесна з атрадамі Глінскага перайшлі цераз Днепр, ухіліўшыся ад бітвы. Здарылася гэта супраць волі Міхаіла Глінскага. Але камандаванне рускім войскам не прыняло ўгавораў Глінскага. Яно заключыла мірнае пагадненне з Жыгімонтам, па якому Глінскім і іх блізкім паплечнікам гарантаваўся свабодны выезд з Вялікага княства ў Маскву. Гэты ж дагавор пацвярджаў граніцы, што былі вызначаны Іванам III і Аляксандрам.

Такім чынам, выступленне Глінскага закончылася няўдачай. Характар гэтага руху быў неадназначным. 3 аднаго боку, гэта была барацьба вярхушкі пануючага класа беларускіх, украінскіх, рускіх зямель за прававую і маёмасную роўнасць з прывілеяванай часткай феадалаў-католікаў. 3 другога боку, калі мець на ўвазе шырокую падтрымку гэтага руху насельніцтвам беларускіх зямель, якое было не задаволена этнічнай няроўнасцю, каталіцкай экспансіяй, то можна гаварыць і аб нацыянальным характары выступлення Глінскага.

Вынікі паўстання 1508 г. таксама былі неадназначнымі. 3 аднаго боку, на яго ўдзельнікаў абрушыўся жорсткі тэрор. 3 другога — вярхоўная ўлада Вялікага княства добра ўсвядоміла, што без прыцягнення на свой бок феадалаў беларускіх зямель ва ўмовах пастаяннага суперніцтва з Маскоўскай дзяржавай ёй не ўдасца ўтрымаць у сваіх руках гэтыя багатыя, вялізныя тэрыторыі. А адносіны з Масквой складаліся далёка не проста і не заўсёды на карысць вялікакняскай дыпламатыі і войска. Агрэсія ўсходняга суседа пад ідэалагічным вэлюмам далучэння праваслаўнага насельніцтва княства ды адзінаверцаў, вяртання да былога адзінства Кіеўскай Русі набывала небяспечны для незалежнасці Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага размах.

У 1512 г. з ініцыятывы Масквы распачалася чарговая вайна, і ў 1514 г. войскі Васілія III, авалодаўшы Смаленскам, рушылі ў глыб княства ў напрамку Друцка і Оршы. Спыніць 80-тысячнае рускае войска князя М. Булгакава-Голіцы ды баярына I. Чалядніна магло толькі не намнога большае за 30 тысяч вялікакняскае войска на чале з вядомым ваяром і дасведчаным палкаводцам, гетманам Канстанцінам Астрожскім. Сутычка паміж гэтымі далёка не раўназначнымі па колькасці арміямі адбылася 8 верасня 1514г. на рацэ Крапіўна пад Оршай. Тонкі тактычны разлік гетмана Астрожскага, добрая ўзброенасць (прынамсі, гарматамі) войска Вялікага княства, а самае галоўнае мужнасць і рашучасць воінаў, якія абаранялі незалежнасць сваёй дзяржавы, свае хаты і сем'і, дазволілі вялікакняскаму войску ўшчэнт разбіць супраціўніка і тым самым на пэўны час спыніць памкненні Масквы авалодаць суседнімі ліцьвінскімі тэрыторыямі.

Зыходзячы менавіта з рэалій склаўшайся ўнутры і знешнепалітычнай сітуацыі канца XV — пачатку XVI ст., вяліка-княскі ўрад пачынае праводзіць палітыку ўцягвання знаці «рускага» краю ў палітычную эліту Вялікага княства. 3 канца XV ст. значна пашыраюцца зямельныя ўладанні прадстаўнікоў знатных беларускіх, украінскіх родаў.

Зямельнае багацце давала палітычную вагу. У канцы XV — першай палове XVI ст. сярод засядацеляў вышэйшага органа дзяржаўнай улады — Рады — знаходзім прадстаўнікоў беларускага краю: Глябовічаў, Ільінічаў, Сапегаў, Зяноўевічаў, Храптовічаў, Багавіцінавічаў, Вяжэвічаў, Друцкіх, Солтанаў, Копацяў, Адзінцэвічаў, Стратовічаў, Саламярэцкіх і іншых. Аб тым, што ў першай палове XVI ст. вялікакняская ўлада пачала шырэй прыцягваць беларускіх магнатаў да кіравання дзяржавай, сведчыць і статыстыка.

У першай палове XVI ст. праваслаўных феадалаў усходніх зямель Вялікага княства знаходзім нават у складзе пярэдняй Рады, каталіцкую чысціню якой вельмі ахоўвалі. 3 1522 па 1529 г. праваслаўны князь К. Астрожскі займаў пасаду трокскага ваяводы, што дазволіла яму сесці на першае месца раднай лавіцы. Праз 20 гадоў у пярэдняй Радзе атрымлівае першае месца феадал беларускага паходжання, праўда, каталік, Я. Глябовіч, які заняў пасаду віленскага ваяводы. А ў 1559 г. на пярэднюю лавіцу трапляе праваслаўны ўкраінскага паходжання Р. Хадкевіч, які атрымаў трокскае кашталянства.

Такім чынам, калі адпаведны параграф Гарадзельскай пастановы, які забараняў праваслаўным засядаць у Радзе, дзейнічаў да 20-ых гг. XVI ст. хаця б у адносінах да Рады пярэдняй, то з назначэннямі Астрожскага і Хадкевіча ён практычна губляў сілу закона і, як зжыўшы сябе, быў канчаткова адменены ў 1563 г.

Такім чынам, больш чым стогадовая барацьба, якую вялі праваслаўныя феадалы «рускіх» зямель Вялікага княства за палітычнае раўнапраўе з літоўска-каталіцкай арыстакратыяй, закончылася іх перамогай. Святкавала яе беларуская знаць ужо ў 20-ыя гг. XVI ст., а 1563 г. замацаваў дасягнутае.

Неабходна звярнуць увагу таксама на той факт, што сам тэкст даравальнай граматы вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 7 чэрвеня 1563 г. з'яўляецца пераканаўчым доказам удзелу праваслаўных феадалаў у пасяджэннях гаспадарскай Рады і да адмены параграфа 9 Гарадзельскай прывілеі.

У першай палове XVI ст. карэнні сепаратызму ў асобах родавых князёў і баярства, што іх акружала, былі ў асноўным ліквідаваны. На пасадах дзяржаўнага кіравання Вялікага княства мы бачым «рускую» знаць, якая ўвайшла ў моц пры вялікіх князях, пашырыла свае зямельныя ўладанні за кошт вялікакняскіх падараванняў і, зразумела, падтрымлівала палітыку «гаспадара». На працягу XVI ст. буйныя феадалы Вялікага княства як літоўскага, так і беларускага, украінскага, рускага паходжання, католікі, пратэстанты, праваслаўныя ўяўлялі адну сацыяльную групу, якая была аб'яднана агульнасцю палітычных, эканамічных, класавых інтарэсаў. Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае стала іх дзяржавай. Нездарма ў першай палове XVIст. у найвышэйшым органе ўлады — гаспадарскай Радзе — не сустракалася груповак, якія б утварыліся на аснове этнічных ці рэлігійных адрозненняў.

 


 


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: