Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Заканчэнне Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай вайны

На тэрыторыю Беларусі савецкія войскі ўступілі восенню 1943 г. пасля разгрома нямецка-фашысцкіх войскаў пад Курскам. 26 верасня яны вызвалілі першы беларускі горад Хоцімск, 28 верасня — Клімавічы і Касцюковічы, 30 верасня — Крычаў.

Наступаючым часцям Чырвонай Арміі актыўна дапамагалі партызаны. Яны абрушвалі ўдары на чыгуначныя камунікацыі ворага, знішчалі нямецкія гарнізоны, дапамагалі войскам пры фарсіраванні рэк. Асабліва вызначаліся ў гэты час партызаны Гомельскага злучэння пад агульным кіраўніцтвам сакратара падпольнага абкама партыі І.П.Кожара. У ходзе далейшага наступлення 26 лістапада 1943 г. быў вызвалены буйны прамысловы і культурны цэнтр Беларусі — Гомель, у студзені 1944 г. — Мазыр і Калінкавічы.

Пасля ўступлення Чырвонай Арміі на тэрыторыю Беларусі перад партызанскімі атрадамі і падпольнымі арганізацыямі была пастаўлена задача ўзмацніць удары па тылах ворага. Партызаны Беларусі актывізавалі баявыя дзеянні. Сумесна з партызанамі Прыбалтыйскіх рэспублік яны ажыццявілі другі этап "рэйкавай вайны". У ім удзельнічала каля 120 тыс. партызан, якіх актыўна падтрымлівала мясцовае насельніцтва.

У ходзе аперацыі было знішчана больш за 90 тыс. рэек, пушчана пад адхон 1000 цягнікоў з жывой сілай і тэхнікай ворага, разбурана 72 чыгуначныя масты. Адначасова з ударамі на чыгуначных камунікацыях партызаны канцэнтравалі сваі намаганні на шашэйных і грунтовых дарогах. Дзеянні беларускіх партызан супраць фашысцкіх акупантаў стварылі спрыяльныя ўмовы для ажыццяўлення Чырвонан Арміяй Беларускай наступальнай аперацыі. У 1944 г. пачаўся завяршаючы этап Вялікай Айчыннай вайны — этап канчатковага выгнання фашысцкіх акупантаў з савецкай зямлі, дапамогі народам Еўропы ў вызваленні ад нямецкага рабства і поўнага разгрому гітлераўскай Германіі.

- Адной з выдатнейшых старонак летапісу Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца бітва за вызваленне Беларусі.

У пачатку чэрвеня 1944 г. лінія фронту на тэрыторыі Беларусі праходзіла на ўсход ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва і Бабруйска. 3 улікам гэтага гітлераўцы стварылі ўздоўж лініі фронту моцную абарону. Непадалёку ад Оршы і Магілёва яны ўтрымлівалі абарончыя рубяжы на Друці, Бярэзіне, Свіслачы і Нёмане.

Нямецкае камандаванне аддало загад абараняць свае пазіцыі ў Беларусі да апошняй магчымасці. У склад фашысцкай групоўкі ўваходзілі 63 дывізіі і 3 брыгады (1,2 млн чалавек), 9500 гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, 1350 самалётаў. Для разгрому акупантаў савецкае Вярхоўнае Галоўнакамандаванне сабрала значна большыя сілы — 2,4 млн чалавек, болын за 36 тыс. гармат і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артылерыйскіх установак, каля 5,3 тыс. самалётаў. Гэтыя сілы былі аб'яднаны ў франты: 1-шы Прыбалтыйскі (генерал арміі І.Х.Баграмян), 3-ці Беларускі (генерал арміі І.Д.Чарняхоўскі), 2-гі Беларускі (генерал арміі Г.Ф.Захараў), 1-шы Беларускі (Маршал Савецкага Саюза К.К.Ракасоўскі).

Каардынаваць дзеянні франтоў было даручана Маршалу Савецкага Саюза А.М.Васілеўскаму (1-шы Прыбалтыйскі і 3-ці Беларускі) і Маршалу Савецкага Саюза Г.К.Жукаву (2-гі і 1-шы Беларускі).

Бітва за поўнае вызваленне Беларусі (кодавая назва "Баграціён") пачалася раніцай 23 чэрвеня 1944 г. У наступленне перайшлі войскі 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў. На другі дзень да іх далучыліся войскі 1-га Беларускага фронту. Сумесна з савецкімі воінамі ў баях за вызваленне Беларусі ўдзельнічалі французскія лётчыкі эскадрыльі "Нармандыя — Нёман".

24 чэрвеня абарончая лінія нямецкіх войскаў была прарвана. У выніку наступлення савецкіх войскаў 26 чэрвеня былі вызвалены Віцебск, Жлобін, 27 чэрвеня — Орша, 28 чэрвеня — Магілёў, Шклоў, Быхаў, Асіповічы.

Пад націскам Чырвонай Арміі фашысцкія захопнікі адступілі. Савецкія войскі імкліва праследавалі ворага, акружалі і знішчалі яго групоўкі. Часці Чырвонай Арміі набліжаліся да Мінска. 3 ліпеня 1944 г. танкісты і пехацінцьі 1-га і 3-га Беларускіх франтоў вызвалілі сталіцу Беларусі Мінск.

Байцы 2-га стралковага батальёна 673-га Мінскага стралковага палка (лейтэнант В.І.Рагулін, М.М.Чацверыкаў, старшыя сяржанты І.Н.Гантар, А.Р.Ляпусцін, В.С.Міцюкаў, А.М.Скіба) узнялі сцягі перамогі над уцалелымі будынкамі горада. Усе яны ўзнагароджаны за гэта ордэнамі Славы III ступені.

Напярэдадні вызвалення Мінска савецкія войскі авалодалі Вілейкай, выйшлі да Маладзечна і адрэзалі праціўніку шляхі адыходу на Вільнюс і Ліду. Фашысцкім войскам была таксама адрэзана дарога на Брэст і Лунінец. Так быў падрыхтаваны "кацёл", у якім апынулася групоўка ворага, якая налічвала каля 100 тыс. салдат і афіцэраў. Толькі ў баях за Мінск немцы страцілі забітымі больш за 70 чалавек. У палон было ўзята каля 40 тыс. гітлераўцаў.

У выніку першага этапа Беларускай аперацыі (23 чэрвеня —4 ліпеня 1944 г.) варожая група армій "Цэнтр" пацярпела катастрафічнае паражэнне, галоўныя яе сілы былі разбіты. Савецкія войскі атрымалі магчымасць наступаць на захад.

4 ліпеня быў вызвалены Полацк, 5 — Маладзечна і Смаргонь, 8 — Баранавічы, 9 — Навагрудак, 10 — Слонім, 14 — Пінск і Ваўкавыск, 16 ліпеня — Гродна. Вызваленнем Брэста (28 ліпеня) закончылася выгнанне нямецка-фашыскіх захопнікаў з тэрыторьіі Беларусі. У выніку другога этапа Беларускай аперацыі ў канцы жніўня савецкія войскі выйшлі да Рыгі, на граніцу з Усходняй Прусіяй, на Нараў і Віслу.

У ходзе аперацыі савецкія войскі поўнасцю разграмілі 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, 50 нямецкіх дывізій страцілі больш за палову свайго саставу. 18 разоў Масква салютавала войскам і партызанам у гонар вызвалення беларускіх гарадоў.

Вялікую дапамогу Чырвонай Арміі ў вызваленні Беларусі аказалі партызаны і падпольшчыкі, увесь беларускі народ, якія паказалі бязмежную адданасць сваёй Радзіме. Сыны і дочкі беларускага народа гераічна змагаліся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у радах Чырвонай Арміі, у партызанскіх атрадах, самааддана працавалі ў савецкім тыле.

За мужнасць і гераізм, праяўленыя на беларускай зямлі, больш за 1600 генералаў, афіцэраў і салдат атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, ордэнамі і медалямі ўзнагароджана больш за 400 тыс. воінаў і партызан. 747 вайсковых часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні "Крычаўская", "Мінская", "Дняпроўская" і інш. У іх складзе мужна змагаліся і аддавалі сваі жыцці за Перамогу беларусы, рускія, украінцы, татары, казахі, прадстаўнікі іншых народаў СССР.

Па меры ачышчэння беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў паўставала задача аднаўлення эканомікі, адраджэння разбураных ворагам гарадоў і вёсак.

Надзвычайная дзяржаўная камісія па выяўленні злачынстваў захопнікаў высветліла, што толькі прамыя страты Беларусі за гады вайны склалі 75 млрд руб. у цэнах 1941 г. Гэта азначала, што распубліка страціла звыш паловы свайго нацыянальнага багацця. Самай балючай і цяжкай стратай для Беларусі было знішчэнне звыш 2,2 млн чалавек. Апусцелі сотні сёл і вёсак, зменшылася колькасць гарадскога насельніцтва. Вялікія страты панесла сельская гаспадарка. Былі разрабаваны і спустошаны ўсе калгасы і саўгасы.

Ўвесь цяжар аднаўленчых работ лёг на плечы працоўных рэспублікі. Дзякуючы іх напружанай працы ўжо ў 1944 г. пачалі даваць прадукцыю "Гомсельмаш", фанерна-запалкавы камбінат, маслазавод, спіртзавод у Гомелі. Быў арганізаваны рамонт танкаў на станкабудаўнічным заводзе імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, вагонаў на Мінскім вагонарамонтным заводзе.

Адраджалася энергетычная гаспадарка рэспублікі. У другой палове 1944 г. былі адноўлены 72 электрастанцыі, а к пачатку 1945 г. працавала ўжо 95. Гэта дазваляла ў пэўнай меры механізаваць працаёмкія работы, павысіць прадукцыйнасць працы.

Паступова адраджалася сельская гаспадарка рэспублікі. Калгаснае сялянства атрымала ад дзяржавы значную матэрыяльную дапамогу. Аднак становішча ў сельскай гаспадарцы заставалася вельмі цяжкім. У вытворчасці ўдзельнічала не больш паловы даваеннай колькасці калгаснікаў, у асноўным жанчыны. Паўсюдна зямлю аралі з дапамогай кароў, ускопвалі ўручную.

У гэты перыяд пачалася работа па аднаўленні і будаўніцтве жыллёвага фонду. Толькі за 1944 — 1945 гг. дзяржаўнымі і кааператыўнымі арганізацыямі (без саўгасаў) было пабудавана і адноўлена 1033 тыс.м2 жыллёвай плошчы. Гарадскім насельніцтвам пабудавана за лік асабістых сродкаў і пры дапамозе крэдытаў 35 тыс.м2 жылля. 171 тыс. дамоў была пабудавана ў гэты перыяд калгаснікамі і вясковай інтэлігенцыяй.

У час суровых выпрабаванняў многія сыны і дочкі беларускага народа ўдзельнічалі ў еўрапейскім руху Супраціўлення, актыўна змагаліся супраць фашызму.

На тэрыторыі Польшчы дзейнічала каля 12 тыс. савецкіх партызан. Важную ролю ва ўстанаўленні дружбы і баявога супрацоўніцтва паміж савецкімі і польскімі партызанамі адыграў Польскі партызанскі штаб, які ўзначальваў А.Завадскі (намеснікам яго, а затым начальнікам штаба быў С.Прытыцкі).

Звыш 17 тыс. савецкіх партызан дзейнічала на тэрыторыі Чэхаславакіі. Сярод іх ураджэнец Лепельшчыны В.А.Квіцінскі. Летам 1944 г. ён узначаліў атрад, які вырас у асобую чэхаславацкую партызанскую брыгаду. Партызаны ажыццявілі 156 баявых аперацый, удзельнічалі ў Славацкім паўстанні. В.А.Квіцінскі быў узнагароджаны Залатой Зоркай Героя Савецкага Саюза, двума ордэнамі Леніна, чатырма ордэнамі ЧССР.

У французскім руху Супраціўлення вызначыўся ўраджэнец Ашмяншчыны Ф.Варанішча. Адным з кіраўнікоў антыфашысцкай падпольнай арганізацыі ў Маўтхаўзене быў ураджэнец Чавус Л.Маневіч.

Разгром нямецка-фашысцкіх войскаў на тэрыторыі Беларусі стварыў спрыяльныя ўмовы для іншых наступальных аперацый, у выніку ажыццяўлення якіх Чырвоная Армія ў другой палове 1944 г. выгнала ворага з тэрыторыі СССР і пачала вызваленне народаў Еўропы. У студзені 1945 г. савецкія войскі распачалі наступленне на фронце ад Балтыйскага мор'а да Карпат.

16 красавіка 1945 г. войскі Чырвонай Арміі пачалі Берлінскую аперацыю, акружылі і разграмілі берлінскую групоўку ворага, 30 красавіка ўварваліся ў рэйхстаг і ўзнялі над ім Сцяг Перамогі.

У штурме рэйхстага праславілася шмат воінаў-беларусаў. Гэта Н.Пятніцкі з Мозыра, Л.Прыгожы з Багушэўска, К.Кугач з Пружанскага раёна, Ф.Ярш з Бярозаўскага раёна. Яны ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені.

8 мая 1945 г. Германія падпісала Акт аб безумоўнай капітуляцыі.

У жніўні 1945 г. на Далёкім Усходзе Чырвоная Армія з удзелам войскаў МНР разграмілі японскую Квантунскую армію. 2 верасня 1945 г. Японія падпісала Акт аб безумоўнай капітуляцыі, што азначала заканчэнне другой сусветнай вайны.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: