БССР у пасляваенны перыяд; аднаўленне народнай гаспадаркі. грамадска-палітычнае і культурнае жыццё

Распачатая гітлераўскай Германіяй вайна нанесла Беларусі велізарныя людскія і матэрыяльныя страты. Загінуу амаль кожны чацвёрты жыхар Беларусі. БССР страціла больш паловы нацыянальнага багацця. Па агульным ўзроўні развіцця эканомікі рэспубліка была адкінута да 1928 г., поўнасцю ці часткова былі разбураны гарады і больш за 9000 сельскіх населеных пунктаў.

У межах планавай сістэмы, панаваўшай у СССР, аднаўленне народнай гаспадаркі БССР меркавалася завяршыць на працягу чацвёртага пяцігадовага плана (1946 — 1950). Акцэнт быў зроблены на паскораным аднаўленні торфаздабычы, энергетыкі і развіцці маінынабудавання, стварэнні такіх галін прамысловасці, якіх раней на Беларусі не існавала: аўтамабіле- і трактарабудаванне і інш. Паварот у бок вытворчасці сродкаў вытворчасці вызначаўся імкненнем кіраўнікоў БССР направіць развіццё беларускіх гарадоў па традыцыйным для Расіі шляху індустрыяльных цэнтраў, жаданнем прыцягнуць праз будаўніцтва новых прадпрыемстваў асігнаванні на жыллёвае будаўніцтва і сацыяльнае забеспячэнне, змяненнем геапалітычнага становішча Беларусі (савецкія войскі знаходзіліся ўжо ў цэнтры Еўропы). Гэта, аднак, натыкнулася на істотныя цяжкасці з забяспячэннем кваліфікаванымі рабочымі кадрамі і будаўнічымі матэрыяламі.

Такія галіны прамысловасці БССР, як машынабудаванне і металаапрацоўка, аднаўляліся і развіваліся ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе вельмі хутка. Але перакос у бок вытворчасці сродкаў вытворчасці прывёў да таго, што ў заняпадзе засталіся традыцыйныя для Беларусі лёгкая, харчовая галіны, прамысловасць будаўнічых матэрыялаў. Абсталяванне прадпрыемстваў адзначаных галін фізічна і маральна састарэла, не адпавядала патрабаванням навукова-тэхнічнага прагрэсу, што адбілася на забеспячэнні насельніцтва самым неабходным.

На працягу разглядаемага перыяду цяжкім заставалася становішча ў сельскай гаспадарцы. I прычына гэтага заключалася не толькі ў велізарных стратах падчас вайны. Пасляваенная індустрыялізацыя БССР вялася ў многім за кошт сельскай гаспадаркі. Адбылося вяртанне да калгаснай сістэмы, хоць для гэтага не існавала ні матэрыяльна-тэхнічных умоў (болынасць МТС засталіся без тэхнікі), ні жадання беларускіх вяскоўцаў (многія з іх спадзяваліся, што пасля вызвалення калгасы будуць распушчаны). Тым калгасам, якія добра працавалі і мелі станоўчыя вынікі, павялічвалі нормы абавязковых нарыхтовак сельгаспрадукцыі. Зверху загадвалі, што, дзе, калі і як сеяць, колькі мець жывёлы (хоць вызначаныя памеры не заўсёды адпавядалі запасам кармоў). Сельгасарцелі мелі велізарныя выдаткі на вытворчыя патрэбы, прадавалі сваю прадукцыю намнога ніжэй за сабекошт і ў выніку захоўвалі мізэрны фонд заработнай і натуральнай платы. Таму энтузіязм асобных працаўнікоўвёскі слаба падмацоўваўся матэрыяльнымі стымуламі. Вытворчасць жа асабістых гаспадарак (якія ў першыя пасляваенныя гады давалі да 80 % жывёлагадоўчай прадукцыі) стрымлівалася наяўнасцю жорсткай падатковай сістэмы (абкладваліся кожны кусцік, кожнае дрэўца, кожная галава жывёлы), якая не толькі забірала ўсе прыбыткі, але часам прымушала красці, каб не памерці з голаду.

Сітуацыю ў сельскай гаспадарцы рэспублікі істотна пагоршыла масавая калектывізацыя ў заходніх абласцях Беларусі. Стварэнне першых калгасаў пачалося тут яшчэ напачатку другой сусветнай вайны. Пасля яе заканчэння ў першыя гады савецкая ўлада ў Заходняй Беларусі была яшчэ недастаткова моцнай. Складанай заставалася сітуацыя ў суседняй Польшчы. Але ў лютым 1949 г. прымаецца канчатковае рашэнне (на XIX з'ездзе КПБ) аб правядзенні калектывізацыі і за два галч была загнана (часткова заахвочана) у калгасы большасць сялянскіх гаспадарак гэтага рэгіёну Беларусі. Адначасова адбывалася ссяленне хутароў, што разам са зменай традыцыйных формаў гаспадарання нанесла адчувальны ўдар па сельскагаспадарчай вытворчасці. Прымусовы характар гэтага мерапрыемства, наяўнасць асобных узброеных банд і груп прывялі да значных ахвяр і рэпрэсій у Заходняй Беларусі.

Па сутнасці сельскагаспадарчая палітыка, якая праводзілася на Беларусі ў першыя пасляваенныя гады, завяршылася банкруцтвам. Нягледзячы на павелічэнне пагалоўя жывёлы ў калгасах да 1950 г. у параўнанні з даваенным узроўнем на 1/3, мяса было атрымана амаль на столькі ж менш, чым у 1940 г. Вытворчасць малака не дасягнула і 60 % даваеннага ўзроўню. Нават такі экстэнсіўны паказчык, як аб'ём пасяўных плошчаў, не быў выкананы. I калі б адзначанае можна было аднесці да вынікаў вайны, то з гэтага пункту гледжання цяжка растлумачыць зніжэнне сельскагаспадарчай вытворчасці ў 1950 — 1952 гг., бо ўсе паказчыкі ў гэтыя гады былі ніжэйшымі, чым у першы пасляваенны 1946 г.

Больш чым трохгадовая нямецка-фашысцкая акупацыя, ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі адбіліся на матэрыяльным становішчы насельніцтва. Мільёны людзей засталіся без прытулку, не хапала адзення, абутку, іншых прадметаў, неабходных для забеспячэння элементарнай жыццядзейнасці чалавека. Дапамога накіроўвалася з іншых рэспублік СССР, але ў 1944 — 1945 гг. эканоміка СССР пераважна працавала на армію. Паляпшэнне матэрыяльнага становішча насельніцтва Беларусі найперш магло адбыцца толькі за кошт аднаўлення народнай гаспадаркі.

У першым пасляваенным плане аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі аптымістычна заяўлялася аб тым, што на аснове росту вытворчасці да 1950 г. даваенны ўзровень дабрабыту народа будзе не толькі дасягнуты, але і перавышаны. Ажыццявіць гэта было складаней. Развіццё народнай гаспадаркі БССР пасля сусветнай вайны характарызавалася рэзкім паваротам у бок сродкаў вытворчасці. На гэтых напрамках акцэнтавалася ўвага савецкіх і партыйных органаў, сюды накіроўваліся асноўныя людскія і матэрыяльныя рэсурсы, што не магло не адбіцца на развіцці лёгкай прамысловасці і забеспячэнні насельніцтва таварамі спажывання. На дабрабыт жыхароў Беларусі адмоўна ўплывалі і цяжкасці ў развіцці сельскай гаспадаркі гэтага часу. Да таго ж паўднёвыя раёны СССР (у тым ліку і частка Гомельскай вобласці) у 1946 г. ахапіла засуха. Таму першыя пасляваенныя гады былі асабліва цяжкімі. У 1946 — 1947 гг. захоўвалася нарміраванае забеспячэнне.

Паступова асноўнай крыніцай даходаў жыхароў горада станавілася заработная плата. У 1946 г. яна была павялічана ў вядучых галінах прамысловасці (лясная, будаўнічая і інш.). У гэтым жа годзе былі павышаны заработная плата нізкааплатным катэгорыям рабочых і служачых, стыпендыі, пенсіі. Гэтая так званая "хлебная" надбаўка была ўведзена адначасова з павышэннем пайковых цэн на хлеб у сувязі з падрыхтоўкай да адмены картачнай сістэмы (снежань 1947 г.) і пераходу да адкрытага гандлю. Адмена картачнай сістэмы спалучалася з грашовай рэформай, якая ўключала, па-першае, замену старых грашовых знакаў новымі, па-другое, ліквідацыю вынікаў інфляцыі часоў вайны шляхам скасавання так званых"непрацоўных даходаў" на ашчадных кніжках; па-трэцяе, устанаўленне адзіных дзяржаўных цэн. У выніку грашовай рэформы адбылося першае зніжэнне цэн. Потым цэны зніжаліся на большасць тавараў у 1949 — 1950 гг. У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе гэта з'яўлялася асноўнай крыніцай павышэння дабрабыту насельніцтва горада. Аднак трэба мець на ўвазе тое, што за гады вайны і першыя пасляваенныя гады да грашовай рэформы цэны ўзраслі настолькі, што нават пасля трохразовага (1947, 1949, 1950) зніжэння яны былі яшчэ значна вышэй даваенных. Па адзнаках вучоных, пакупная здольнасць зарплаты беларускіх гараджан да пачатку 50-х гг. не падымалася вышэй мяжы, дасягнутай у другой палове 20-х гг.

Адраджэнне культурнага жыцця на Беларусі адбывалася ў надзвычай складаных умовах. Па-першае, за гады вайны амаль поўнасцю была знішчана матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў навукі, адукацыі і культуры, многія навукоўцы загінулі, не хапала выкладчыкаў. У школах вучыліся чытаць па старых газетах, іх жа выкарыстоўвалі ў якасці сшыткаў, мелам з'яўляўся звычайны вугаль, а чарніла выраблялася з сажы. На аднаўленне ўстаноў адукацыі кіраўніцтвам Саюза і БССР накіроўваліся вялікія сродкі, істотную дапамогу аказвалі іншыя рэспублікі СССР, у першую чаргу РСФСР. Міністэрства асветы апошняй даслала беларускім школам каля 10 млн падручнікаў, звыш 3 млн сшыткаў, на 1 млрд руб. іншага абсталявання. 3 дапамогай ВНУ Масквы ля сталіцы СССР на станцыі Сходня з восені 1943 г. аднавіў работу БДУ.

Асаблівыя цяжкасці прыйшлося пераадолець у Заходняй Беларусі, дзе па сутнасці нанава стваралася сетка беларускіх навучальных устаноў. Шмат хто з настаўнікаў, якія працавалі тут у гады вайны, пакінуў радзіму, іншыя ж трапілі ў савецкія турмы ці загінулі. Нават хуткатэрміновыя настаўніцкія курсы адразу не дапамаглі вырашыць гэтую праблему. Ускладнялі справу і насцярожаныя адносіны сялянства да Савецкай улады, наяўнасць узброеных фарміраванняў, істотны ўплыў каталіцкай адукацыі. Аднак сумесныя намаганні дазволілі ўжо з 1949/50 навучальнага года перайсці да ўсеагульнага сямігадовага навучання на Беларусі.

У 1944 — 1945 гг. на радзіму вяртаюцца вышэйшыя навучальныя ўстановы: у жніўні 1944 г. — Белдзяржуніверсітэт, восенню 1944 г. — Мінскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі і Гродзенскі педагагічныя інстытуты і шэраг настаўніцкіх інстытутаў, пачаўся навучальны год у Белдзяржкансерваторыі, мінскіх медыцынскім, юрыдычным, фізкультурным інстытутах. Ужо ў 1947 г. перавысіў даваенны ўзровень па колькасці студэнтаў Беларускі політэхнічны інстытут.

Разам з тым у другой палове 40-х — пачатку 50-х гг. развіццё навукі і культуры натыкнулася на жорсткі ідэалагічны прэс. Ва ўмовах узмацнення супрацьстаяння дзвюх супердзяржаў — СССР і ЗІПА, а таксама недаверу да насельніцтва вызваленай тэрыторыі (асабліва інтэлігенцыі) пачалася далейшая ідэалагізацыя ўсіх сфер жыцця. Вызначаўся дакладны падзел розных галін навукі, культуры на "наша — сацыялістычнае" і "іх — капіталістычнае". Гэта дазваляла той навуковай шэрасці, што была адціснута падчас вайны, аднавіць і пашырыць свае пазіцыі. Так, у біялогіі пачалі чарговы наступ прыхільнікі Т.Лысенкі. На Беларусі ім супрацьстаяла школа генетыкаў, якую ўзначальваў А.Жэбрак. 3 пяці вядомых свету відаў цвёрдай пшаніцы тры былі выведзены ў яго лабараторыі генетыкі і цыталогіі.

3 развіццём беларускай драматургіі было цесна звязана адраджэнне на Беларусі тэатра. Ідэалагічны дыктат не перашкодзіў творчасці такіх выдатных акцёраў, як Г.Глебаў, Б.Платонаў, С.Станюта і інш. Тэатр оперы і балета ўжо ў 1945 г. распачаў работу над операй Я.Цікоцкага "Алеся" (у першым варыянце "Дзяўчына з Палесся"), дзе выканаўцай галоўнай ролі была выдатная беларуская спявачка Л.Александроўская. Ствараюцца музычныя калектывы, у прыватнасці ў 1952 г. пачаў выступленні Дзяржаўны народны хор БССР на чале з Г.Цітовічам. Але і кампазітараў вучылі, што пісаць. У 1948 г. быў асуджаны "фармалістычны", "антынародны напрамак" у музыцы, да якога прылічылі Дз.Шастаковіча, С.Пракоф'ева, А.Хачатурана. На Беларусі пачаліся нападкі на оперу Я.Цікоцкага "Алеся", Першую сімфонію П.Падкавырава. Напачатку 50-х гг. быў асуджаны як "югаслаўскі шпіён" міністр асветы БССР П.Саевіч, які меў мужнасць заступіцца за родную беларускую мову, былі арыштаваны і высланы паэт С.Грахоўскі, таленавіты празаік Б.Мікуліч і інш.

У меншай ступені закрануў ідэалагічны дыктат выяўленчае мастацтва. Тут таксама пераважала героікапатрыятычная тэматыка, найперш тэма партызанскага руху (Я.ПДхановіч, У.Сухаверхаў). Вызначальны манументалізм характэрны для вядомага жывапісца Я.Зайцава ("Парад беларускіх партызан у 1944 г. у Мінску", "Стаяць насмерць", "Канстанцін Заслонаў"), В.Волкава ("Мінск 3 ліпеня 1944 г."), І.Ахрэмчыка ("Абаронцы Брэсцкай крэпасці"). Гістарычны жанр абмяжоўваўся пераважна партыйна-рэвалюцыйнай тэматыкай. Манументалізм заўважаны таксама ў архітэктуры Беларусі гэтага часу, у прыватнасці ў кампазіцыі Прывакзальнай плошчы, Ленінскага праспекту (зараз праспект Ф.Скарыны). Будынкі ўзводзіліся пераважна па індывідуальных праектах, упрыгожваліся дэкорам, скульптурамі, прысутнічалі элементы лжэкласіцізму (Галоўпаштамт, Палац культуры Белсаўпрофа і інш.). У гэты час сталі вядомы скульптар З.Азгур, архітэктары А.Воінаў, У.Кароль, М.Паруснікаў.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: