Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Беларусь у перыяд умацавання дзяржаўнасці. Эканамічнае і палітычнае становішча на сучасным этапе

27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў "Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі". Дзяржаўны суверэнітэт сцвярджаўся ў імя вышэйшай мэты — свабоднага развіцця і дабрабыту, годнага жыцця кожнага грамадзяніна рэспублікі на аснове забеспячэння правоў асобы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР і яе міжнароднымі абавязацельствамі. Вярхоўны Савет абвясціў суверэнітэт як вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасць яе законаў, незалежнасць рэспублікі ў знешніх адносінах.

Адпаведна Дэкларацыі Беларусь — суверэнная дзяржава, якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад'емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу. ГрамадзянеБеларусі ўсіх нацыянальнасцяў складаюць беларускі народ, які з'яўляецца носьбітам суверэнітэту і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў рэспубліцы.

Дэмакратызацыя грамадства выклікала да жыцця шмат палітычных арганізацый, партый, рухаў, саюзаў. У пачатку 90-х гг. на Беларусі было створана каля 60 грамадскіх аб'яднанняў рознага кірунку. Большасць з іх не мела трывалай сацыяльнай базы, не з'яўлялася стабільнымі фарміраваннямі са старанна распрацаванымі праграмамі. Амаль усе арганізацыі былі вельмі малалікаснымі. Але галоўнае заключаецца ў тым, што стварэнне палітычных фарміраванняў на справе сцвярджала шлях грамадства да дэмакратыі, крах аднапартыйнай сістэмы на Беларусі.

Абвяшчэнне суверэнітэту Беларусі, як і суверэнітэту іншых рэспублік СССР, было пошукам новых формаў сувязяў паміж імі, спробай пераўтварэння нацыянальнадзяржаўных адносін. У канцы 1990 і пачатку 1991 г. былі падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве ў палітыцы, эканоміцы, экалогіі, ахове здароўя, навуцы і тэхніцы, культуры і гандлі з РСФСР, дагаворы аб асновах адносін з Украінай і Казахстанам. Неабходнасць захавання сувязяў была пацверджана ў ходзе рэферэндума аб лёсе Саюза ССР у сакавіку 1991 г. У БССР за захаванне Саюза ССР прагаласавала 82,7 % насельніцтва.

Але надзея на прагрэс у гэтым напрамку была перакрэслена путчам у жніўні 1991 г. Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (ДКНС) аб'явіў аб пераходзе ў яго рукі ўсёй улады ў СССР. Пасля правалу дзяржаўнага перавароту ДКНС 25 жніўня 1991 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў пакет рашэнняў аб незалежнасці, палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларусі. Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі быў нададзены статус канстытуцыйнага закону.

Міністэрства ўнутраных спраў БССР і Камітэт дзяржаўнай бяспекі БССР з саюзна-рэспубліканскіх устаноў былі пераўтвораны ў рэспубліканскія ўстановы. У сувязі з фактычным роспускам КПСС дзейнасць КПБ на тэрыторыі Беларусі была прыпынена, памяшканні ЦК КПБ, абкамаў, райкамаў і іншых партыйных устаноў апячатаны. Вярхоўны Савет прыняў рашэнне аб дэпартызацыі органаў дзяржаўнай улады і кіравання, дзяржаўных прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. Падставай для прыпынення дзейнасці і забароны КПБ стаў апублікаваны 21 жніўня 1991 г. Зварот ЦК Кампартыі Беларусі да камуністаў, усіх працоўных рэспублікі. У ім не выказвалася прамой падтрымкі путчыстам, але фактычна прызнаваўся ДКНС і яго дзеянні.

19 верасня 1991 г. на сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі былі зацверджаны назва — Рэспубліка Беларусь, герб "Пагоня" і бела-чырвона-белы сцяг. Пры зацвярджэнні дзяржаўнага герба і дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь органы ўлады зыходзілі з традыцыі некалькіх стагоддзяў нацыянальнай сімволікі. Гэтыя герб і сцяг заставаліся дзяржаўнымі сімваламі Беларусі з 1991 да 1995 г., калі ў выніку рэферэндуму была ўведзена іншая дзяржаўная сімволіка — сцяг чырвона-зялёнага колеру з беларускім нацыянальным арнаментам на белым полі і новы герб.

8 снежня 1991 г., калі ў рэзідэнцыі Віскулі ў Белавежскай пушчы кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). У іх заяве было адзначана, што перагаворы аб падрыхтоўцы новага Саюзнага дагавора зайшлі ў тупік, аб'ектыўны працэс выхаду рэспублік з саставу СССР і ўтварэння незалежных краін стаў рэальным фактам. Недальнабачная палітыка цэнтра прывяла да глыбокага эканамічнага і палітычнага крызісу, развалу вытворчасці, катастрафічнага зніжэння жыццёвага ўзроўню ўсіх слаёў грамадства. Рост сацыяльнай напружанасці ў многіх рэгіёнах былога СССР прывёў да міжнацыянальных канфліктаў са шматлікімі чалавечымі ахвярамі. Усведамляючы адказнасць перад сваімі народамі і сусветным згуртаваннем у практычным ажыццяўленні палітычных і эканамічных рэформаў, кіраўнікі дзяржаў заявілі аб стварэнні СНД. Садружнасць з'яўляецца адчыненай для далучэння ўсіх дзяржаў, раздзяляючых мэты і прынцыпы пагаднення. Афіцыйным месцам знаходжання каардынацыйных органаў Садружнасці быў вызначаны Мінск.

10 снежня 1991 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў пагадненне аб стварэнні СНД і прыняў рашэнне аб дэнансацыі Саюзнага дагавора 1922 г. 21 снежня ў Алма-Аце незалежныя дзяржавы — Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расійская Федэрацыя, Таджыкістан, Туркменія, Узбекістан і Украіна — падпісалі Дэкларацыю аб утварэнні на роўных правах СНД, якая не з'яўляецца ні дзяржавай, ні дзяржаўнай структурай. СССР спыніў сваё існаванне.

Беларуская дзяржава ўступіла ў новы этап свайго развіцця. 3 пачатку 1992 г. пачало дзейнічаць Галоўнае ўпраўленне пагранічных войскаў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, быў створаны Дзяржаўны мытны камітэт.

У сакавіку 1992 г. у адпаведнасці с пастановай Вярхоўнага Савета "Аб стварэнні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь" пачало працу Міністэрства абароны рэспублікі. Усе часці і падраздзяленні былой Беларускай ваеннай акругі за выключэннем стратэгічных сіл СНД перайшлі пад кантроль Рэспублікі Беларусь. Беларусь заявіла аб гатоўнасці кіравацца раней падпісанымі міжнароднымі пагадненнямі, ратыфікавала Дагавор СНУ-1, далучылася да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, заключыла з Расіяй Дагавор аб статусе стратэгічных ядзерных сіл на яе тэрыторыі. Падпісаныя пагадненні прадугледжваюць вывад да канца 1997 г. на тэрыторыю Расіі стратэгічных ракет і ядзерных боегаловак. Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь прадугледжвае яе статус як без'ядзернай, нейтральнай дзяржавы, якая валодае толькі абарончымі ўзброенымі сіламі.

Важнай падзеяй стала падрыхтоўка і прыняцце 15 сакавіка 1994 г. новай Канстытуцыі. Адпаведна Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная і сацыяльна-прававая дзяржава. Найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы з'яўляецца чалавек, а адзінай крыніцай дзяржаўнай улады — народ.

Прыняцце Канстытуцыі было вельмі сур'ёзным крокам Беларусі на шляху да дэмакратычнага грамадства. Усе дэмакратыі з'яўляюцца сістэмамі, у якіх грамадзяне свабодна прымаюць палітычныя рашэнні ўладай большасці. Але ўлада большасці абавязкова павінна спалучацца з гарантыямі асабістых праў чалавека, якія ў сваю чаргу служаць таму, каб абараняць правы меншасцяў. Найважнейшымі састаўляючымі дэмакратычнага грамадства з'яўляюцца суверэнітэт нацыі, кіраванне, заснаванае на згодзе з кіруемымі; улада болынасці; правы меншасці; гарантыя асноўных правоў чалавека; свабодныя і справядлівыя выбары; роўнасць перад законам; адпаведны парадак судаводства; канстытуцыйныя абмежаванні ўрада; грамадскі, эканамічны і палітычны плюралізм; вартасці цярпімасці, прагматызму, супрацоўніцтва і кампрамісу.

Беларуская дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканадаўчай, выканаўчай і судовай. Кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады з'яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Размежаванне ўлад — адзін з важнейшых прынцыпаў існавання Рэспублікі Беларусь як прававой дзяржавы. Без гэтага немагчыма дзеянне такіх агульнапрызнаных прынцыпаў, як верхавенства закона ва ўсіх сферах грамадскага жыцця; узаемная адказнасць дзяржавы і асобы, іншых удзельнікаў праваадносін; прыярытэт правоў і свабод асобы, іх ахова і абарона з боку дзяржавы; наяўнасць эфектыўных формаў нагляду і кантролю за захаваннем правоў грамадзян.

Прэзідэнцкая форма дзяржаўнага кіравання прадугледжвае, што менавіта прэзідэнт фарміруе вышэйшы выканаўчы орган і нясе адказнасць за яго дзейнасць. Дзейнасць прэзідэнта рэгламентуецца Канстытуцыяй і законамі.

10 ліпеня 1994 г. першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў выбраны Аляксандр Лукашэнка. 20 ліпеня на сесіі Вярхоўнага Савета адбылася цырымонія ўступлення прэзідэнта на пасаду. Першым прэм'ер-міністрам Кабінета Міністраў, які быў створаны ўзамен Савета Міністраў, стаў Міхаіл Чыгір.

Крах таталітарнай палітычнай сістэмы і аб'яўленне Рэспублікай Беларусь свайго дзяржаўнага суверэнітэту змянілі яе становішча ў сістэме міждзяржаўных сувязяў. Сёння Беларусь як самастойная дзяржава прызнана ўсімі буйнейшымі краінамі свету. Яна актыўна дзейнічае ў ААН, іншых міжнародных арганізацыях. Беларусь разам з іншымі краінамі стала сааўтарам дакументаў па праблемах раззбраення, умацавання мер даверу, барацьбе з апартэідам. Прызнанне рэспублікай агульначалавечых каштоўнасцяў, удзел у стварэнні ўсеагульнай сістэмы міжнароднай бяспекі прывялі да росту аўтарытэту Беларусі на міжнароднай арэне.

 

 


 


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: